Культура

Праект, па якім знішчылі гістарычныя казармы ў Гродне, узнагародзілі ў намінацыі «архітэктурная спадчына»

Як так атрымалася? 

Рэшткі казармы па вуліцы Шчорса, 2. Фота: sputnik.by

На мінулым тыдні ў Ерэване былі вызначаны пераможцы XXXII Міжнароднага агляду-конкурсу Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА). Дыплом першай ступені сярод праектаў у намінацыі «Архітэктурная спадчына» дастаўся пакуль яшчэ недабудаванаму жылому комплексу Double V у Гродне, спраектаванаму брэсцкай кампаніяй «Палессежылбуд» на месцы былых царскіх казармаў.

Праект жылых дамоў на месцы знішчаных царскіх казармаў, прадстаўлены на міжнародным конкурсе. Фота: МАСА

Праект, які называецца рэканструкцыяй, па факце стаў навабудам, бо гістарычныя казармы XIX стагоддзя былі адна за адной дашчэнту знішчаны пасля атрымання забудоўшчыкам усіх неабходных узгадненняў на будаўніцтва.

Знішчаныя казармы па вуліцы Шчорса, 2 і 4 пачалі будаваць напрыканцы ХІХ ст. Да пачатку Першай сусветнай вайны ў казармах быў на пастоі 102 Вяцкі полк, з пачаткам баявых дзеянняў ён быў высланы на лінію фронту. Тады ў казармах размясціўся палявы шпіталь і нязначная частка вайсковых падраздзяленняў.

Царскія казармы па вуліцы Шчорса да зносу. Фота з сацсетак

За «польскім часам» будынкі казармаў гродзенцы ведалі як «Легіянерскія казармы» і тут знаходзіўся Лідскі полк імя Нарбута. Пасля заходняга паходу Чырвонай арміі ў верасні 1939 года ў будынках казармаў размясціліся чырвонаармейцы. Пасля акупацыі нямецкімі войскамі тут трымалі некалькі тысяч палонных лагера «Шталаг 324».

Яшчэ ў час грамадскага абмеркавання праекта рэканструкцыі казармаў пад жыллё, якое прайшло ў лістападзе 2022 года, актывісты западозрылі няладнае. Яны звярнулі ўвагу на тое, што будынкі паводле праекта зон аховы і дэталёвага плана гістарычнага цэнтра Гродна абазначаныя «шараговая гістарычная забудова», то-бок вылучаны з шэрагаў іншых будынкаў, як каштоўныя, але якія пакуль не маюць ахоўнага статусу.

Праект рэканструкцыі царскіх казармаў у Гродне, прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Фота: «Палессежылбуд»
Праект рэканструкцыі царскіх казармаў у Гродне, прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Фота: «Палессежылбуд»

У тэксце дакументаў сцвярджалася, што такія будынкі «дазваляюць дапоўніць і падтрымаць гістарычнае аблічча горада». Але праект рэканструкцыі прадугледжваў поўнае змяненне цагляных фасадаў: частка сцен затынкоўвалася, прабіваліся дысгарманічныя па прапорцыях і рытме вокны, а на першым паверсе — шматлікія ўезды ў гаражы.

Таксама цалкам зносіліся часткі будынка з тарцоў, якія заміналі праезду. Праекціроўшчыкі абяцалі захаваць арыгінальны выгляд толькі невялікіх фрагментаў будынкаў. 

Праект рэканструкцыі царскіх казармаў у Гродне, прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Фота: «Палессежылбуд»
Праект рэканструкцыі царскіх казармаў у Гродне, прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Фота: «Палессежылбуд»

Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян у час грамадскага абмеркавання абсалютна на кожную заўвагу, нават самую дробную, быў дадзены адмоўны адказ. Сітуацыя паўтарылася і ў час паўторнага грамадскага абмеркавання. 

Актывісты таксама звярталі ўвагу, што тое, што робяць у праекце з казармамі, гістарычныя сцены не вытрымаюць. Апаскі актывістаў апраўдаліся, праўда, спецыфічным чынам — старыя сцены, відаць, і не збіраліся захоўваць.

Знос першай казармы па вуліцы Шчорса, 2. Фота: Urban Hrodna
Знос першай казармы па вуліцы Шчорса, 2. Фота: Urban Hrodna

У сакавіку 2024 года забудоўшчык экскаватарам знёс казарму па вуліцы Шчорса, 2, растлумачыўшы гэта тым, што «на этапе падрыхтоўчых прац» нечакана выявілася, што цэгла не вытрывае нагрузкі. Такія важныя рэчы звычайна высвятляюцца да праектавання, каб улічыць у праекце, а не ў час работ. 

Знос другой казармы па вуліцы Шчорса, 4. Фота: newgrodno.by

У ліпені казарма па вуліцы Шчорса, 4 паўтарыла лёс суседкі. На звароты гарадзенцаў у Міністэрства культуры, гарвыканкам і аблвыканкам, пракуратуру прыходзілі адпіскі, якія дакладна паўтаралі адказы праекціроўшчыкаў у час грамадскага абмеркавання. 

Выявілася, што ў праекце зон аховы, які вызначае казармы як каштоўную забудову, няма ніякіх рэгламентаў, якія б абмяжоўвалі забудоўшчыка. 

Усё, што засталося ад казармаў, — прыстаўная сценка, складзеная са старой цэглы, што не разбілася пры зносе гістарычных будынкаў. Фота: newgrodno.by

Нядаўна з'явіліся фота, як новы будынак узводзіцца з сілікатнай цэглы, а адабраная з бою цэлая старая цэгла выкладаецца ў вузенькую прыстаўную сценку на тарцы будынка. Ніводнае абяцанне забудоўшчыкам выканана не было. Гэта нават ніякая не рэканструкцыя і тым больш не захаванне архітэктурнай спадчыны, а чыстае зараблянне грошай.

Зрэшты, «Палессежылбуд» ужо адзначылася некалькі скандальнымі будоўлямі ў Брэсце, якія былі праведзены ў абыход заканадаўства: знішчыў гістарычны будынак па вуліцы Леніна, 42, які было забаронена знасіць, і пабудаваў на яго месцы абсалютна новы, а таксама плануе надбудаваць дом па вуліцы Будзённага, 33, які забаронена павялічваць у памерах. Цяпер фірма з Брэста, вядомага сваім архітэктурным бязмежжам, прынесла свае парадкі ў Гродна. 

Праект «рэканструкцыі» царскіх казармаў у Гродне пад шматкватэрны жылы дом, які быў прадстаўлены на конкурсе МАСА. Фота: МАСА

Але як жа такі праект змог атрымаць узнагароду на міжнародным конкурсе ў намінацыі «архітэктурная спадчына»? 

Для пачатку трэба патлумачыць, што Міжнародная асацыяцыя саюзаў архітэктараў (МАСА) уключае ў сябе саюзы выключна з постсавецкай тэрыторыі і Сербію. Яе з'яўленне ў 1992 годзе фактычна мусіла замяніць Саюз архітэктараў СССР, які ўключаў архітэктурныя саюзы ў саюзных рэспубліках і быў ліквідаваны разам з развалам краіны ў 1991 годзе.

Праекты з Беларусі канкуруюць на конкурсах МАСА з праектамі з такіх слаба развітых краін, як Туркменістан, а не з праектамі заходніх архітэктурных бюро. Вядома, абясцэньваць конкурс не варта, расійскія праекты ствараюць досыць моцную канкурэнцыю, калі яны ёсць.

Праект рэканструкцыі савецкага ЦУМа ў Ванадзоры (Арменія), адзіны канкурэнт гродзенскага праекта ў намінацыі. Фота: МАСА

Рэч у тым, што «Палессежылбуд» сам падаў свой праект не ў намінацыі «будынкі і збудаванні», дзе прадстаўлены дзясяткі іншых праектаў з розных краін, а ў намінацыі «архітэктурная спадчына», дзе канкурэнцыя адсутнічае. Сёлета ў гэтай намінацыі было ўсяго два праекты.

Другім праектам у раздзеле праектаў гэтай намінацыі была рэканструкцыя савецкага будынка ЦУМа ў армянскім горадзе Ванадзор. Так ці інакш праект з Гродна заняў бы першае ці другое месца праз адсутнасць іншых праектаў. 

Брэсцкія праекціроўшчыкі ў сваім планшэце, пададзеным на конкурс, змясцілі тры абзацы прыгожага тэксту, які не змяшчае аніякай інфармацыі пра тое, як жа яны збераглі «архітэктурную спадчыну». Няма на ім фотаздымкаў таго, як выглядалі казармы да «рэканструкцыі», каб журы магло ацаніць працу. Відаць, праекты з Гродна і Ванадзора ацэньвалі толькі па прыгажосці карцінкі. 

Далікатна адноўленыя і захаваныя элементы дома аўтарства Шэхтэля ў Ніжнім Ноўгарадзе (другі планшэт). Гэта рэалізаваны аб'ект, а таму ён не канкураваў з праектам з Гродна, але кантраст у стаўленні да «архітэктурнай спадчыны» красамоўны. Фота: МАСА

Кантрасна выглядае на гэтым фоне праект з той жа намінацыі, але з раздзелу рэалізаваных пабудоў. На двух вялікіх планшэтах праекціроўшчыкі паказалі як далікатна, зберагаючы кожны захаваны фрагмент вітражоў, кафлі і іншага дэкору, аднаўлялі будынак банка Рукавішнікава ў Ніжнім Ноўгарадзе, пабудаванага ў 1913-1916 гадах пра праекце знакамітага архітэктара Фёдара Шэхтэля.

І побач праект-пераможца «Палессежылбуда», у якім гісторыю знішчалі літаральна экскаватарам — сапраўды здзек з самой ідэі аховы архітэктурнай спадчыны Беларусі. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра

Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра

Усе навіны →
Усе навіны

Затрымалі байкерку, якая ездзіла з чырвонымі і белымі стужкамі на шлеме1

Карпенка патлумачыў, чым абгрунтавана дата прэзідэнцкіх выбараў12

AP$ENT заявіў, што больш не будзе выпускаць песні па-беларуску: «яны кепска форсяцца»22

Алексіевіч расказала, што не так зрабілі беларускія эліты ў 2020 годзе37

Мінабароны анансавала сумесныя вучэнні «Захад-2025»3

«Яна ў парадку». Выйшла на волю экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч6

Сілавікі са зброяй жорстка затрымалі вяскоўца з Магілёўшчыны4

1xBet ладзіць тысячы фіктыўных матчаў, у тым ліку ў Беларусі. На іх зарабляюцца касмічныя сумы8

У Беларусь трэці раз за год прыляцеў міністр абароны РФ7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра

Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра

Галоўнае
Усе навіны →