На ўкраінскай вайне загінуў адзін з апошніх прадстаўнікоў карэннага народу Расіі — керэкаў
Што гэта за народ, якіх у 2021 годзе заставалася 23 чалавекі па ўсёй Расіі?
Пра тое, што падчас ваенных дзеянняў у Курскай вобласці ў верасні гэтага года загінуў адзін з апошніх прадстаўнікоў керэкаў Іван Таймагыр, паведамілі ў адной з груп «Укантакце». Мужчына служыў у 810-й брыгадзе марской пяхоты.
«Яго жыццё абарвалася на 56-м годзе, пакінуўшы пасля сябе не толькі горыч страты, але і ўсведамленне таго, што з яго смерцю завяршылася гісторыя прадстаўніка выміраючага народа», — сказана ў апублікаваным пасце.
Керэкі, што ў перакладзе азначае «прыморскія людзі», адносяцца да карэнных народаў, што насяляюць Чукотку. У час, калі рускія выйшлі на ўзбярэжжа Берынгавага мора ў XVII стагоддзі, пасяленні керэкаў прасціраліся ад Анадырскага заліва да вусця ракі Апука.
Да канца XIX стагоддзя асноўнай сацыяльнай адзінкай керэкскага грамадства была пашыраная сям’я, якая складалася з некалькіх малых сваяцкіх сем’яў. Узімку яны жылі разам у комплексе з некалькіх зямлянак, які меў назву «кумаяана».
Летам пад уздзеяннем сонца і дажджоў кумаяана хутка разбуралася. Таму кожную восень яе даводзілася будаваць нанава, а на лета ладзіць часовае жытло. У савецкі час керэкі перасяліліся ў пасёлкі і жылі ў драўляных хатах, якія знаходзіліся з краю паселішча. Доўгі час сярод керэкаў існаваў звычай класціся спаць галавой толькі на ўсход.
Даследчыкі XX стагоддзя фіксавалі, што існавалі сем’і, дзе галоўную ролю граў бацька, а старэйшы сын лічыўся яго пераемнікам. Але на падставе даследаванняў некаторыя навукоўцы прыйшлі да высновы, што да перасялення ў сучасныя паселішчы сем’і былі матрылакальнымі (тып укладу, пры якім маладзёны ідуць жыць у сям'ю жонкі), і сваяцтва ў іх вялося па лініі маці.
Часам сустракалася палігінія, калі мужчына, ужо маючы жонку, забіраў да сябе жонку і дзяцей памерлага брата. Лічылася, што дзеці, якія нараджаліся ў такой сям’і, былі як бы вернутымі памерлымі сваякамі.
У керэкскай сям'і існаваў звычай, які паказвае на асаблівае значэнне сваяцкіх сувязяў у межах пашыранай сям'і, дзе ролі былі ўзаемазвязанымі і перакрыжоўваліся паміж роднымі з розных ліній. Так старэйшага сына лічылі не толькі сынам свайго бацькі, але і сынам бацькі сваёй жонкі. Такім чынам у сямейных адносінах ён мог быць прыкладна роўны ў абавязках і ролі для абедзвюх ліній сваяцтва. Таксама дачка ў гэтай сістэме адносінаў разглядалася як дачка свякрухі, а не толькі сваёй маці.
Керэкі займаліся паляваннем на марскіх жывёл і рыбалоўствам. Этнографы зафіксавалі выкарыстанне керэкамі пры паляванні на марскога звера спецыяльнага гарпуннага прыстасавання, якое яны назвалі «керэкскай спіцай».
Паляванне на ластаногіх доўгі час было важным заняткам для керэкаў. Этнографы знаходзілі чэрапы гэтых марскіх жывёл на святых месцах керэкаў на беразе мора. Але ў канцы XIX стагоддзя з-за канкурэнцыі з боку амерыканскіх зверабояў здабыча ластаногіх прыйшла ў заняпад.
Каб выплаціць ясак, керэкі пачалі паляваць на пушных звяроў, але гэта не мела вялікага значэння для іх гаспадаркі. У адрозненне ад чукчаў і каракаў, керэкі не верылі ў звышнатуральную сілу ваўкоў, таму яны ахвотна палявалі на іх і выкарыстоўвалі іх скуры.
Цікавым фактам з'яўляецца наяўнасць сярод рознай паляўнічай зброі дубінкі з наканечнікам з іклы маржа ці кавалка металу. Гэты прадмет зброі, які выкарыстоўваўся керэкамі да 1970-х гадоў, мае падобныя рысы з тамагаўкам, які выкарыстоўвалі індзейцы Паўночнай Амерыкі.
Значныя страты керэкі панеслі ў XVIII стагоддзі, калі тэрыторыі, заселеныя імі, апынуліся на шляху варагуючых паміж сабою чукчаў і каракаў. Адмоўны ўплыў на колькасць керэкаў аказалі эпідэміі канца XVIII стагоддзя.
У канцы XIX ст. у афіцыйных запісах Анадырскай акругі керэкі вызначаліся як самастойны народ, які чукчы адрознівалі ад каракаў.
Паводле звестак перапісу 1959 годзе керэкаў налічвалася каля 100 чалавек. Падчас перапісу 2010 года да керэкаў аднеслі сябе толькі 4 чалавекі. Праўда, перапіс 2021 года выявіў рост іх колькасці да 23 чалавек. Пры гэтым чатыры з іх заявілі, што валодаюць керэкскай мовай, якую некаторыя мовазнаўцы лічаць дыялектам каракскай мовы.
Аднак спецыялісты сцвярджаюць, што апошнія носьбіты гэтай мовы памерлі паміж 1991 і 2005 гадамі. Факт, што носьбіты керэкскай знайшліся ў 2021 годзе, яны тлумачаць імкненнем людзей да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Каментары
Некалькі гадоў пасьля, я даведаўся ад агульных знаёмых, што ён ўсё яшчэ не скончыў працэдуру скасаваньня шлюбу, і тым ня менш, уладкаваўся й працуе лесарубам і задаволены, як слон!