Грамадства77

«Пазнаёмілася з турэцкім вайскоўцам праз інтэрнэт. Праз месяц разам сядзелі над асманска-беларускім слоўнікам Сокалава-Воюша»

Пра беларускае ў Турцыі, знаёмства з Пласіда Дамінга і сваё каханне выданню «Салідарнасць» расказала музыка і спявачка Таццяна Грыневіч.

— Мо пачну з незвычайных момантаў. Нядаўна ўбачыла ў фэйсбуку абмеркаванне пра інтэрнэтных махляроў, якія, прыкрываючыся прыгожымі фоткамі, робяць сваю нядобрую справу. І на розум прыйшло тое, што адразу і пра Сабры я падумала: гэта штосьці з той жа серыі… Бо фоткі былі ўсе такія, як на падбор: вайсковец на баявых заданнях…

Але аказалася, што Сабры — вельмі прыстойны чалавек, і ўжо праз месяц знаёмства мы з ім анлайн сядзелі ўдвох над асманска-беларускім слоўнікам Сяржука Сокалава-Воюша.

— То-бок шмат дзяўчат аферысты праз інтэрнэт разводзяць, а вы з яго дапамогай знайшлі свой лёс?

— Так і ёсць. Па размове ж адразу бачна, які перад табой чалавек. Сабры пісаў без наступу, вельмі культурна і на добрыя тэмы. Размаўлялі па-турэцку, я яшчэ да нашага знаёмства пачала вучыць турэцкую мову.

— Як зразумела па вашых допісах у фэйсбуку, Сабры ўратаваў вас ад рэпрэсій 2020-га, паклікаўшы да сябе…

— Так, пасля ўсіх сітуацый, якія адбываліся ў 2020-м, Сабры забраў мяне ў Стамбул. Калі я толькі прыехала, думала, што праз пару месяцаў вярнуся ў Мінск, бо адразу быў набыты квіток туды і назад. Але мама сказала: «Не едзь».

А праз тры месяцы мамы не стала. І тата сказаў не ехаць на пахаванне, бо мама так казала. Таму я не паехала і дасюль тут застаюся. Душэўны боль і слёзы ўвесь час. Нібыта і хочацца дадому, да таты, і на магілку да мамы. Але разумееш, што там ужо нічога з ранейшага жыцця не засталося.

Канешне, калісьці мы вернемся. Але зараз разумею, што гэта небяспечна, і што там для мяне зараз адна вялікая пустэча.

12 гадоў я спявала ў Філармоніі ў камерным хоры, разам з капэлай «На Таку» і клубам «Сіта» адраджалі беларускі народны танец (у капэле я грала на скрыпцы і трубе), аб’ехалі багата беларускіх школ з выступамі, несучы любоў да беларускага слова і песні.

Да 2020-га я зрабіла 15 дыскаў. Гэта былі і 2 дзіцячыя альбомы, якія мы зрабілі з дударом Змітром Сідаровічам і нашымі дзецьмі, а ўжо для трэцяга дзіцячага альбома аранжыроўкі рабіў мой падрослы сын.

Два дыскі запісалі з паэтам і выбітным спеваком Сяржуком Сокалавым-Воюшам (ягоныя песні і пераклады). Тры дапаможнікі для школы — вершы, якія вучацца на памяць, вершы, якія выразна чытаюцца, і галасы паэтаў (60 галасоў на адным носьбіце). А яшчэ атрымаўся дапаможнік па беларускіх народных танцах.

«Суседзі раптам пачалі скардзіцца, і аднойчы да нас прыйшла паліцыя»

— І вось у 2020-м, з вельмі актыўнага жыцця, я прыязджаю ў Стамбул і… тут нічога няма. У дадатак кавід, каранцін, на вуліцу выходзіць нельга.

У Сабры была гітара, набылі скрыпку, а потым і піяніна. Я займалася дома, але суседзі раптам пачалі скардзіцца, і аднойчы да нас прыйшла паліцыя. Сказалі, што сцены тонкія, таму дома спяваць нельга.

І я такая ў роспачы: «Сабры, што будзем рабіць?» На што ён прапанаваў схадзіць у культурніцкі цэнтр, кшталту нашага дома культуры.

Разумееце, што будзе, калі ў нас у Беларусі нейкі замежнік прыйдзе і скажа: «Дайце мне клас, хачу спяваць»? Але мне далі, і я кожны дзень, акрамя выходных, ужо 5 год там займаюся. 

— Ці быў у вас сумнеў: ехаць да кавалера ў Стамбул ці, як большасць, у Варшаву ці Вільню?

— Сабры прыяжджаў да мяне ў Беларусь яшчэ да 2020-га. Ён прыехаў, і я зразумела, што такіх мужчын яшчэ не бачыла. Ажно цэлы гардэроб мне прывёз: ад летняга да зімовага.

Акінуў вокам маю новую кватэру, склаў спіс, чаго няма, набыў неабходнае ў будаўнічым гіпермаркеце і сваімі рукамі ўсё прыладзіў. Падправіў, падкруціў, яшчэ і да маёй мамы прыехаўшы, таксама ўсё адрамантаваў.

Насамрэч не важна ў якім горадзе жыць. Важна, што ў цябе ў сэрцы, а ў маім сэрцы — Беларусь.

Як знаходзіла сабе занятак на Радзіме, так знаходжу яго і на чужыне. І Сабры хоць і турэцкі вайсковец, але па-сутнасці падтрымлівае ўсё, што я раблю тут для Беларусі. Ён — частка гэтай справы. Ён той, хто зараз трымае тэхнічнае абсталяванне маёй міні-студыі і мой дух.

«Ні з кім не бачыцца, ні з кім не размаўляць. Але дамовіліся, што з беларусамі можна»

— Але ж у туркаў іншы менталітэт, рэлігія. Як там з правамі жанчыны?

— Гэта было: ні з кім не сустракацца, ні з кім не размаўляць. Адзінае дамовіліся, што са сваімі, беларусамі, гэта магчыма. Быў незадаволены, але дазволіў і ўжо прызвычаіўся. Бо прыязджаў і Маляваныч, і Іван Кірчук, і іншыя беларусы.

Але ж прыняць беларускага мужчыну да нас у кватэру ў госці — гэта сітуацыя проста непераадольная. Кажа, што калі будзем жыць у Беларусі — можа што і зменіцца, але тут так.

Першы час, калі плакала, Сабры прапаноўваў купіць мне квіток у Беларусь, не разумеючы ў чым праблема: «Ты ж толькі на скрыпцы грала ды спявала…» Зараз ужо ўсё ведае.

Слёзы ў мяне часам бываюць нібыта і на пустым месцы, але яны маюць глыбокія прычыны. Яшчэ доўгі час будуць аплаквацца не толькі мной, а і ўсімі беларусамі Вітольд Ашурак і Алесь Пушкін, з якімі не адзін раз танчылі і ўрэшце сябравалі.

З Сабры мы размаўляем дома на беларуска-турэцкай трасянцы. Таму часам нават не адчуваю, што я ў Турэччыне.

Але калі чую толькі турэцкую мову ад сяброў Сабры, ці ад супрацоўнікаў культурнага цэнтра, у мяне часам бываюць незразумелыя думкі: «Што я тут раблю?» У сэнсе як я апынулася ў чужой краіне?

«Я цэлы год збіраю лупінне цыбулі, а яйкі на Вялікдзень фарбуе ўжо Сабры»

— Што тычыцца розніцы рэлігій, то Сабры мусульманін, а я каталічка. На каталіцкае Раство ён ходзіць са мной у касцёл, французскі. Сядзіць усю службу. Часам ходзіць у мячэць. Яго сям’я жыве без рэлігійнага фанатызму, таму мяне, каталічку, прымаюць без праблем.

У Сафійскім саборы

А яшчэ я цэлы год збіраю лупінне цыбулі, а яйкі на Вялікдзень фарбуе ўжо Сабры, бо ягоная мама калісьці таксама фарбавала. У некаторых туркаў гэта было ў традыцыі, відаць, ад паганскіх часоў.

— У вас пасля эміграцыі ў Турэччыну былі ўжо гастролі па Амерыцы і Польшчы…

— То так, са Стамбула Сабры мне па два разы набываў квіткі ды страхоўкі ў Польшчу і Амерыку. І папярэдне замаўляў вегетарыянскую ежу ў самалёт. Мае туры доўжыліся каля месяца і былі насычаныя творчымі сустрэчамі з беларусамі.

Раней у Беларусі ўсе мае выступы былі пад гітару, але тут, у Стамбуле, я вярнулася да свайго першага інструмента, падрыхтаваўшы багатую праграму беларускіх песень пад піяніна. І ў падзяку Турэччыне — 30 турэцкіх песень.

Узгадала яшчэ адзін смешны момант. Калі даўней ездзіла з гастролямі ў Амерыку, то неяк брала ўрокі вакалу ў італьянскага опернага спевака, які працаваў у Метраполітэн Опера. А ў той жа час там Пласіда Дамінга ставіў оперу «Тоска». На рэпетыцыі мы з ім пазнаёміліся, ён добра адгукаўся пра нашых музыкантаў, як даведаўся, што я з Беларусі.

А праз некалькі дзён ў кавярні Метраполітэн Опера адчуваю, што мяне хтосьці кранае за бок. Паварочваюся, а каля мяне ўжо нікога няма, і толькі Пласіда Дамінга стаіць на выхадзе каля дзвярэй, глядзіць на мяне і ўсміхаецца. Італьянская ў мяне на той момант была слабаватая, але ўсё ж кампліментамі мы абмяняцца здолелі.

Яшчэ ў Стамбуле я цэлы год рыхтую да ўступнага іспыту адну турэцкую дзяўчыну, якая ў 25 гадоў вырашыла распачаць займацца музыкай. Але з дысцыплінай у іх тут ўсё нашмат вальней, чым у нас, таму працэс навучання праходзіць вельмі складана, бо не маюць яны ўседлівасці.

Я ж сябе памятаю, як займалася на фартэпіяна па пяць гадзін, і па столькі ж спевамі. У 16 гадоў мне ўсе настаўнікі, як адзін, сказалі, што я ніколі не буду спявачкай, што ў мяне няма належнага голасу. Тады я прыехала да мамы і плакала: «Сэнсу няма жыць».

Але хутка прыйшла ў сябе і вырашыла, што ніхто мне не ўказ, тупнула ножкай і сказала: «Буду!» Таму і займалася гадзінамі, гадамі. 31 год паклала на гэтую справу і ўсё ж урэшце дасягнула жаданага выніку.

Зараз я запісваю харавыя беларускія песні, сама спяваю на ўсе галасы. Два разы прыязджаў да мяне сын з Польшчы, то і ён далучаўся да гэтай працы, спяваючы мужчынскія галасы.

Мы разам з сынам зрабілі кнігу песень «Гэй ты, братка Новы Годзе», у якую ўвайшлі 15 вершаў беларускіх паэтаў. Да іх я напісала музыку, а сын зрабіў аранжыроўкі.

Насамрэч нашы працы вельмі разнастайныя. На нашым ютуб-канале можна знайсці музыку на любы густ і нават караоке, бо мне заўжды было важна, каб людзі спявалі таксама і самі, каб ведалі сваё.

«Вельмі захацелася прайсціся ўздоўж Чорнага мора ад Стамбула да Грузіі»

— Што самае складанае ў эміграцыі? Ці было нешта падобнае да таго моманту, калі вы прыйшлі да маці і сказалі, што няма сэнсу жыць?

— Увесь час пасля 2020-га, здаецца, такі перыяд. Часта бываюць такія думкі, калі не разумееш перспектыву і што наогул далей. Нібыта ты яшчэ ёсць, яшчэ ствараеш нешта важнае — а цябе нібы і няма. Ты робіш ютуб-канал, выдаеш, спяваеш і — цішыня.

І ўсё адно я працягваю. Бо ёсць людзі, якія ратуюцца маімі песнямі. Гэта не дазваляе мне апусціць рукі. Ну і канешне сэнс — сын і Сабры.

А яшчэ мы з Сабры пачалі хадзіць у пешыя вандроўкі. Пасля таго, як я зацікавілася мапай Турэччыны, мне вельмі захацелася прайсціся ўздоўж Чорнага мора ад Стамбула да Грузіі. Вось ужо чацвёрты год ідзем невялікімі адлегласцямі, па 20-30 кіламетраў у дзень. То на дзень, то на два дні выходзім, як час дазваляе. Мо год за 10 дойдзем (смяецца).

— Што адказваеце тым, хто лічыць, што вось «знайшла сабе алігарха і жыве, прыпяваючы, ў Турэччыне»?

— Так мяне яшчэ ніхто не пытаў. А калі б і запыталі, то адказала б, што Сабры ніякі не алігарх, а вайсковец, праўда, незвычайны, сапраўдны марскі коцік. Ён вельмі круты, але фінансы спяваюць рамансы, як той казаў. Нягледзячы на гэта мы спраўляемся. Я не магу ў Турэччыне працаваць і зарабляць, таму ён усю фінансавую адказнасць узяў на сябе.

Сабры — у перакладзе цярпенне. То ён вельмі цярплівы і ва ўсім мне дапамагае. Гэта як падарунак лёсу.

«Лічу, што трэба гаварыць пра беларускі Стамбул, што тут былі і зараз ёсць беларусы»

— Я стараюся ў Стамбуле знайсці нешта наша, беларускае. Тут ёсць музей Адама Міцкевіча. Бо ён прыехаў каб дамаўляцца з турэцкім султанам, зрабіць войска і пайсці ваяваць з Расеяй. Але ў дарозе захварэў і, ўладкаваўшыся ў новай хаце, у ёй і памёр. Яго цела два месяцы захоўвалі ў Стамбуле, пакуль шукалі сродкі, каб перавезці.

Дом, дзе спыняўся і памёр Міцкевіч, быў драўляны і аднойчы згарэў. На тым жа месцы па тых жа канструкцыях дом адбудавалі наноў. І ў гэтым трохпавярховым доме зараз музей, а ў падвальным памяшканні надмагілле, дзе напісана, што тут два месяцы быў пахаваны Адам Міцкевіч.

Яшчэ ў Стамбуле жыла Саламея Русецкая, першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекарка. Яна выйшла замуж за лекара Якуба Гальпіра, ад яго і навучылася лекарскай справе. Лекавала жанчын з гарэма султана, бо мужчын туды не пускалі. Пасля яна апісала ўсе прыгоды ў сваіх успамінах, і гэта вельмі цікава.

Каля паўгода ў Стамбуле жыў Міхал Агінскі, пад імем Жан Рыдэль, бо прыехаў у Стамбул як французскі агент. Меў кантакт з французскай амбасадай і жыў у раёне Галацкай вежы. Ад яе ўніз да Басфора прасціраліся могілкі Кампо дэй Морці. Агінскі ў сваіх дзённіках пісаў, што кожны дзень выходзіў туды гуляць, піць каву, размаўляць з мінакамі. Гэтых могілак ужо няма, у пачатку XX стагоддзя іх перанеслі ў іншае месца і забудавалі жылы раён.

У той жа час пасля паўстання 1830-1831-х было шмат такіх жа бежанцаў, як і мы, яны таксама стараліся гуртавацца разам, туляліся, як і мы, цяжкае наша эмігранцкае жыццё…

Тады Адам Чартарыйскі паслаў сюды Міхала Чайкоўскага з грашыма, і ён набыў каля Стамбула кавалак зямлі, на якім паўстанцы (200 сем'яў) мелі магчымасць пабудаваць дамы і весці гаспадарку. Зараз тая мясціна ўжо адзін з раёнаў Стамбула, называецца Паланэз кёй ці Адамполь.

Як я першы раз прыехала ў Стамбул, Сабры мяне туды павёз, бо таксама адчуў гістарычную сувязь гэтага месца з Беларуссю. Там і касцёл, і вуліца Міцкевіча, каталіцкія могілкі, кавярня «Крыга», музей цёці Зосі. Мая душа заўжды туды цягнецца.

Лічу, што трэба гаварыць пра беларускі Стамбул, што тут былі і зараз ёсць беларусы.

Калі чалавек прыходзіць у чужую краіну, ён часта губляе глебу пад нагамі. Але для мяне гэтая глеба заўжды была ў сэрцы.

Я прывезла з сабой сваю мову, песню, боль і надзею. Я веру, што нават калі ты адзін, і калі здаецца, што цябе ніхто не чуе — усё роўна твой голас патрэбны. Бо ён нагадвае іншым пра тое, што мы ёсць. І што мы вартыя быць.

Каментары7

  • пою в душе
    28.06.2025
    MeToo, ревнуешь, Ваня? Не рви себе душу, Татьяна Гриневич на тебя всё равно бы не взглянула
  • Максим Дизайнер
    28.06.2025
    Какая прекрасная женщина. Видел ее Фейсбук. В Беларуси бы дальше травилась хрючевом из Эвраопта и задыхалась в выхлопных газах вечно глодных совков.
  • Галя
    28.06.2025
    MeToo, а чего так щемануло? Что паненка нашла себе любящего, красивого, заботливого, понимающего мужчину? Или что не повелась на вечно скулящих ничего не могущих вечно безденежных алкоголиков, у которых ничего не хватило в 20м за своих женщин заступиться?

Цяпер чытаюць

ЗША нанеслі ўдар па сталіцы Венесуэлы Каракасе12

ЗША нанеслі ўдар па сталіцы Венесуэлы Каракасе

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прымае вялікую дозу аспірыну для разрэджвання крыві. Праз гэта ў яго лёгка з'яўляюцца сінякі1

«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі31

Каля 40 чалавек загінулі, больш за 100 з траўмамі. Ахвяры страшнага пажару на раскошным альпійскім курорце2

Гэта так проста — а мы зможам больш. Падтрымайце працу «Нашай Нівы»15

18‑гадовая блогерка зарабіла ў OnlyFans мільён даляраў за гадзіну16

Ксенія Сітнік сабралася замуж?6

23‑гадовага ўкраінца затрымалі ў Варшаве з глушылкай — ён звярнуў на сябе ўвагу тым, што гадзінамі праседжваў у кавярні ў аэрапорце8

«Селядзец пад шубай» з чырвонай ікрой ад пафаснага рэстарана расчараваў пакупнікоў3

Кватэры ў Мінску сталі часцей купляць замежнікі. А старое жыллё без рамонту не цікавае нават іншагароднім

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША нанеслі ўдар па сталіцы Венесуэлы Каракасе12

ЗША нанеслі ўдар па сталіцы Венесуэлы Каракасе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць