Свет22

Варшаўскаму забойцу беларускі Лізы пацвердзілі пажыццёвае пакаранне. Суд не паверыў у «таблетку згвалтавання»

Апеляцыйны суд Варшавы пакінуў у сіле прысуд Дарыяну С. — грамадзяніну Польшчы, які ў 2024 годзе згвалціў і задушыў беларуску Лізу Герцэн у цэнтры Варшавы. Мужчына будзе адбываць пажыццёвае зняволенне, піша Most.

Дарыян С. у судзе. Фота: «Белсат»

Абарона гвалтаўніка спрабавала аспрэчыць, што ў момант здзяйснення злачынства мужчына быў у свядомасці, але суд не пагадзіўся з гэтай пазіцыяй.

«Абарона праявіла крэатыўнасць, але гэта не мяняе агульнай карціны гэтай справы. Справа была праведзеная правільна з працэсуальнага боку, правільна ацэненая з матэрыяльна-прававога боку, і гэта ацэнка ўсяго складу суда», — падкрэсліў суддзя-дакладчык Мацей Грушчыньскі.

Адвакаты спрабавалі аспрэчыць дадзенае раней заключэнне экспертаў. Прадстаўнікі абароны Дарыяна С. сцвярджалі, што падчас вечарынкі ў адным з варшаўскіх клубаў абвінавачанаму нібыта падсыпалі ў напой «таблетку згвалтавання», чым маглі тлумачыцца незвычайныя паводзіны мужчыны. Яны таксама звярталі ўвагу, што прысутнасць такіх рэчываў магла застацца нявыяўленай, таму што ўзоры крыві ўзялі занадта позна.

«Аднак эксперты ўстанавілі, што ў паводзінах [Дарыяна] не назіралася ніякіх прыкмет памутнення свядомасці. Паводзіны былі рацыянальнымі, з самага пачатку спланаванымі. Такімі ж былі паводзіны пасля здарэння — калі ён, вяртаючыся дадому, выкідаў прадметы, а калі дайшоў да дома, то адным з першых дзеянняў было адправіць паведамленне бацьку», — паведаміў суддзя.

Акрамя таго, як ён адзначыў, адным з асноўных аргументаў, выстаўленых абаронай, было меркаванае працэсуальнае парушэнне, якое тычыцца прызначэння складу суда. Але Апеляцыйны суд палічыў, што пры яго фармаванні не было дапушчана ніякіх парушэнняў.

На беларуску Лізу Герцэн напалі раніцай 25 лютага 2024 года ў цэнтры Варшавы. Забойца надзеў балаклаву і, пагражаючы нажом, уцягнуў ахвяру ў вароты дома. Там ён згвалціў яе і стаў душыць. Дзяўчына перажыла спыненне сэрца, але медыкам удалося рэанімаваць яе. У крытычным стане Лізу даставілі ў бальніцу, дзе яна памерла, не прыходзячы ў прытомнасць, 1 сакавіка.

Нападніка вылічылі па камерах назірання. Дарыяна С. затрымалі ўвечары таго самага дня, пры ім быў нож. Дзеянні мужчыны былі кваліфікаваныя як забойства пры абцяжарвальных абставінах. Суд першай інстанцыі прысудзіў яго да пажыццёвага зняволення.

Каментары2

  • ЎІЎ
    04.11.2025
    Хто рэдакцыі МОСТ забараняе пісаць па-беларуску? Лукашэнка ўзяў Беласток ці што?
  • Woodoo Cult
    05.11.2025
    [Рэд. выдалена]

Заўтра па Беларусі могуць прайсці тарнада2

Заўтра па Беларусі могуць прайсці тарнада

Усе навіны →
Усе навіны

Кубак Беларусі па футболе выйграў БАТЭ1

«З зарадкамі ўсё з самага пачатку пайшло не так». Беларус расказаў, як ездзіў на электракары з Мінска ў Ташкент1

Каля мінскага аэрапорта заўважылі бабра ВІДЭА2

Джон Траволта нечакана атрымаў ганаровую ўзнагароду ў Канах

Беларусцы прыйшоў падатак за сабак — 714 рублёў. Чаму так шмат?6

«Няма мэты прыняць усіх беларусаў свету». Як працуе першы беларускі шэлтар у Італіі1

Мір і Нясвіж перанасычаныя турыстамі. Ва ўсім вінаватыя блогеры і сацыяльныя сеткі8

На Захадзе не заўважылі разрэкламаваных выпрабаванняў расійскага «Сармата». У МЗС Расіі расказалі, наколькі яны да гэтага абыякавыя9

Пенсіянер з Гомеля знайшоў у хатняй схованцы «самыя натуральныя» савецкія шакаладкі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Заўтра па Беларусі могуць прайсці тарнада2

Заўтра па Беларусі могуць прайсці тарнада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць