Грамадства55

«Ідэя ўзнікла пасля званка выбаршчыцы». Беларуская дэпутатка стварыла сайт з тысячамі магіл

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў з Магілёва Галіна Бяляева запусціла сайт «Некропаль Беларусі», прысвечаны старым пахаванням. Акрамя фіксацыі і збору звестак пра пахаваных, ёй даводзіцца яшчэ і аднаўляць гістарычныя магілы, якія злодзеі раскрадаюць на метал.

Працэс рэстаўрацыі пахавання роду Гартынскіх на тэрыторыі Успенскіх могілак Магілёва.

Гісторыю стварэння сайта ў снежні 2024 года і незвычайнага зацікаўлення дэпутаткі расказвае выданне komkur.info. 

«Ідэя ўзнікла пасля званка маёй выбаршчыцы. Гэта была жыхарка Магілёва Ірына, якая займалася генеалагічнымі пошукамі сваіх продкаў. Яна сказала, што хацела б мець у Беларусі адкрытую базу, дзе можна было б шукаць інфармацыю пра пахаванні. І я падумала: сапраўды, чаму б не зрабіць такую справу?» — узгадвае Галіна Бяляева.

Для Бяляевай тэма старадаўніх могілак — не выпадковая. Яна ўжо шмат гадоў займаецца некрапалістыкай, вывучае эпітафіі і гісторыі людзей, пахаваных на беларускіх могілках. Як гісторык яна добра ведае, што ў пачатку ХХ стагоддзя ўжо існаваў праект «Рускі правінцыйны некропаль», дзе апісваліся пахаванні выбітных асоб Расійскай імперыі.

«Цэлых восем гадоў я шукала гэтыя дакументы і знайшла іх у Дзяржаўным архіве ў Пецярбургу. Праз некалькі дзён я выехала ў «Паўночную сталіцу» Расіі. Тры «экспедыцыі», не адзін спісаны сшытак, звыш 4700 перапісаных эпітафій, якія належаць да пахаванняў з больш чым 800 населеных пунктаў сучаснай Беларусі. Але гэтыя звесткі трэба было яшчэ праверыць, і мы з сям’ёй у выхадныя пачалі аб’язджаць беларускія могілкі, шукаць пахаванні са спісу».

Сайт «Некропаль Беларусі»

Сайт «Некропаль Беларусі» стаў працягам гэтай шматгадовай працы. Ён аб’ядноўвае не толькі гістарычныя звесткі, але і сведчанні жыхароў, якія памятаюць, дзе былі старыя пахаванні.

Цяпер на сайце ўжо больш за 3400 старонак з пахаваннямі, зробленымі да 1945 года. А самыя раннія датуюцца яшчэ XV стагоддзем — 1471 годам. Усё гэта ствараецца дзякуючы валанцёрам, якіх цяпер 21 чалавек.

Галіна Бяляева на Вайсковых могілках Мінска.

«Нашы валанцёры адзін з адным і нават са мной асабіста не знаёмыя, жывуць у розных гарадах Беларусі і нават у розных краінах. Сярод іх ёсць маці і дачка. Дзяўчынцы ўсяго 8 гадоў, але яна ўжо ўсведамляе, у якім важным гістарычным праекце ўдзельнічае», — расказвае Бяляева.

Але праект не абмяжоўваецца зборам звестак. У ім шмат асабістых гісторый. Напрыклад, сям'я з канадскага Ванкувера вельмі доўга шукала магілу свайго продка і ўжо амаль страціла надзею.

«І калі яны чарговы раз уводзілі ў пошуку яго прозвішча ў надзеі, што раптам нешта змянілася, натрапілі на наш сайт. З дапамогай нашага праекта яны даведаліся, што іх продак быў пахаваны на адных са старых мінскіх могілак. Паводле слоў сям’і, яны нават не маглі дапусціць, што іх род паходзіць з Беларусі».

Здараюцца і экзатычныя знаходкі. Так, прачытаўшы аднойчы прозвішча на непрыкметным пахаванні на Успенскіх могілках у Магілёве, Галіна раптам зразумела, што пахаваны там чалавек належаў да вельмі знатнага роду ў Албаніі і на пачатку ХХ стагоддзя мог нават прэтэндаваць на трон гэтай дзяржавы.

Акрамя некрапалістыкі, дэпутатка займаецца яшчэ і пошукавай працай — яна член пошукавага магілёўскага абласнога гістарычна-патрыятычнага клуба «Віккру» і кіраўніца моладзевага пошукавага атрада «Т-34».

Так выглядала пахаванне роду Гартынскіх да абнаўлення.
Абноўленыя пахаванні роду Гартынскіх на магілёўскіх могілках.

Акрамя даследаванняў, каманда «Некропаля Беларусі» займаецца рэстаўрацыяй старых пахаванняў. У красавіку гэтага года яны пачалі аднаўляць магілы роду Гартынскіх у Магілёве.

«У лістападзе 2024 года на тэрыторыі Успенскіх могілак Магілёва вандаламі было разбітае пахаванне Канстанціна Гартынскага — злодзеі паквапіліся на метал. Даследаваўшы стан яшчэ пяці пліт, я прыйшла да высновы, што 180‑гадовыя пахаванні патрабуюць рэканструкцыі. Мы доўга і ўпарта працавалі і здолелі выратаваць гэтыя надмагіллі, адрэстаўраваць іх, прывесці ў належны выгляд».

За год каманда ўжо адрэстаўравала 24 пахаванні. Пасля гэтага людзі пачалі званіць Галіне Бяляевай і расказваць, што таксама ўпарадкавалі старыя магілы, якія даўно былі занядбаныя. 

Дэпутатка заклікае далучацца да праекта і дасылаць на сайт звесткі пра іншыя пахаванні — эпітафіі, фатаграфіі, біяграфіі ці проста апісанні, нават калі саміх магіл ужо не існуе.

«Разам мы здолеем захаваць імёны людзей, якія памерлі, увекавечыць іх і адрэстаўраваць помнікі», — кажа яна.

Каментары5

  • Андрусь
    09.11.2025
    Мне падаецца, што дзейнасць яе ў аднаўленні пахаванняў і так званае "дэпутацтва" (бо дэпутатаў мусяць абіраць, а не прызначаць, як у Беларусі зараз) ніякім чынам не звязаныя. І пра "дэпутацтва" ў гэтым кантэксце ўвогуле не варта было згадваць.
  • Эм
    09.11.2025
    Адкрыю сакрэт. Ужо ёсць сайт пра слуцкія могілкі.

    https://oldpomnik.by/o-sluczkom-nekropole/
  • Сатурн
    10.11.2025
    Очень достойное дело!

Цяпер чытаюць

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію1

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію

Усе навіны →
Усе навіны

У адным з самалётаў «Белавія» адзін з пасажыраў закурыў падчас рэйса. У аэрапорце яго чакалі сілавікі4

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі9

Anthropic: Claude шантажуе, таму што вы ўсе занадта шмат пішаце пра «злы» ШІ3

У Новай Баравой адкрылі Цэнтральны парк ФОТЫ3

Дарадца Ціханоўскай заклікаў узяць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду25

«Не пазнала сваё дзіця». У Гомелі бяздомныя сабакі пакусалі 11‑гадовую дзяўчынку10

Кампанія Sumsub, задзейнічаная ў апрацоўцы пашпартоў беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, адрэагавала на публікацыю «НН»23

У Гомелі закрываецца мясцовая гандлёвая сетка «Аркада»1

У Слуцкім раёне двое работнікаў свінакомплексу распіхалі па мяхах 18 парасят2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію1

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць