Вайна1212

Украіна вырашыла да канца года ліквідаваць інтэрнацыянальныя легіёны

Да канца 2025 года ўсе чатыры вайсковыя часці Сухапутных войскаў УСУ, якія з самага пачатку поўнамаштабнай вайны ствараліся пад брэндам «Інтэрнацыянальныя легіёны», павінны быць расфармаваныя. Паводле плана Генштаба, байцы, у тым ліку іншаземцы, павінны працягнуць службу ў штурмавых войсках, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Асобныя прадстаўнікі легіёнаў заяўляюць, што прынятае рашэнне можа прывесці да істотнага скарачэння патоку замежных добраахвотнікаў ва ўкраінскае войска, а магчыма — і да яго поўнага спынення.

У камандаванні УСУ запэўніваюць, што гэтая рэформа з’яўляецца эвалюцыйным працэсам і што легіёны ўжо адыгралі сваю ролю, важную найперш у першыя гады вайны.

Што такое інтэрнацыянальныя легіёны

Інтэрнацыянальныя легіёны абароны Украіны (часам ужываюцца назвы «Замежныя легіёны» або «Міжнародныя легіёны») фактычна з’яўляюцца асобнымі батальёнамі спецпрызначэння, якія з пачатку поўнамаштабнай вайны існавалі ў структуры Тэрытарыяльнай абароны, а пазней — у падпарадкаванні Камандавання Сухапутных войскаў. Асобна ад іх існуе «Міжнародны легіён ГУР», створаны як вайсковая часць Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны, які выконвае асобныя задачы, пераважна разведвальна-дыверсійныя.

Інтэрнацыянальныя легіёны пачалі фарміравацца згодна з рашэннем прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ад 27 лютага 2022 года.

Асноўны акцэнт рабіўся на добраахвотным прыцягненні да ўкраінскага войска дасведчаных замежнікаў з досведам вайсковай або паліцэйскай службы. Яны маглі заключаць кантракт з УСУ тэрмінам на тры гады, але, у адрозненне ад украінцаў, мелі права скасаваць яго праз шэсць месяцаў службы.

Замежнікі атрымліваюць такое ж грашовае забеспячэнне, як і ўкраінскія вайскоўцы, гэта значыць, значныя даплаты магчымыя толькі пры працяглым знаходжанні на баявых пазіцыях.

Па стане на 2025 год у складзе УСУ дзейнічалі чатыры інтэрнацыянальныя легіёны, кожны колькасцю прыкладна батальён (каля 400—600 чалавек). З іх тры баявыя і адзін навучальны.

Першы інтэрнацыянальны легіён быў створаны ў сакавіку 2022 года. У красавіку—верасні таго ж года падраздзяленне ўдзельнічала ў абароне Харкаўскай вобласці каля мяжы з РФ. У верасні 2022 — ліпені 2023 байцы легіёна ўдзельнічалі ў контрнаступе на харкаўскім кірунку, у прыватнасці вызвалялі Куп’янск. Пасля контрнаступу воіны трымалі абарону на вызваленых тэрыторыях.

У ліпені 2023 — ліпені 2024 гадоў легіён удзельнічаў у контрнаступальных дзеяннях у Бахмуцкім раёне, вызваляў населеныя пункты Андрэеўка і Кляшчэеўка, а пасля — абараняў іх.

Улетку 2024 года падраздзяленне ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у кірунку Вялікай Навасёлкі і Вуглядара на Данеччыне.

Другі інтэрнацыянальны легіён быў сфармаваны ў кастрычніку 2022 года. Аснову каманднага саставу батальёна склалі прадстаўнікі першай інтэрнацыянальнай роты спецыяльнага прызначэння УСУ, якія ўдзельнічалі ў баях за Лісічанск, Грыгораўку, Сіверск і Бахмут.

За гады вайны легіён ваяваў на розных кірунках у Данецкай і Харкаўскай абласцях, у прыватнасці вёў баі за Ваўчанск і Часаў Яр.

Трэці інтэрнацыянальны легіён пачаў свой баявы шлях у жніўні 2022 года як батальён спецыяльнага прызначэння ў складзе Сухапутных войскаў УСУ. Легіён прыцягваўся да абароны Харкаўшчыны, удзельнічаў у харкаўскім контрнаступе, вызваленні Купянска, часткі Луганскай вобласці, Навасёлаўскага раёна, а таксама ў баях у раёне Бахмута.

Чацвёрты інтэрнацыянальны легіён функцыянуе як цэнтр падрыхтоўкі і рэкрутынгу. Ініцыятарам яго стварэння стаў ветэран арміі ЗША Мэцью Паркер, які служыў у перыяд з 1990 па 2011 год у якасці кавалерыйскага разведчыка.

Ён прапанаваў стварыць батальён, які спецыялізаваўся б на адборы і падрыхтоўцы інструктараў і салдат для трох баявых інтэрнацыянальных легіёнаў ЗСУ.

За час вайны да гэтых падраздзяленняў далучыліся тысячы прадстаўнікоў больш як 75 краін свету, у тым ліку Вялікабрытаніі, ЗША, Грузіі, Польшчы, Беларусі, Эстоніі, Калумбіі, Бразіліі.

Варта адзначыць, што замежнікі ваююць не толькі ў складзе інтэрнацыянальных легіёнаў. Іх імкнуцца прыцягваць і звычайныя баявыя падраздзяленні, напрыклад 47‑я асобная механізаваная брыгада «Магура» або Другі корпус Нацгвардыі «Хартыя».

Аднак менавіта ў інтэрнацыянальных легіёнах рэкрутынг замежнікаў быў пастаўлены на паток з самага пачатку вайны і меў найбольш сістэматызаваны характар сярод усіх іншых.

Паводле звестак крыніц BBC Украіна ў вышэйшым камандным складзе УСУ, сёлета восенню Генштаб выдаў сумесны з Міністэрствам абароны непублічны загад аб расфармаванні ўсіх інтэрнацыянальных легіёнаў і далучэнні іх асабовага складу да штурмавых падраздзяленняў.

Гэты працэс павінен завяршыцца да 31 снежня. Гэта значыць, што з новага года замежныя добраахвотнікі павінны былі б ужо ваяваць у складзе штурмавых войскаў, якія, відавочна, плануюць стварыць у найбліжэйшы час.

Чацвёрты легіён знаходзіцца ў працэсе перафарматавання ў навучальны цэнтр, Першы і Трэці легіёны ўжо сталі часткай сваіх штурмавых палкоў. У прыватнасці, байцы Першага легіёну ўвайшлі як асобны батальён у 475‑ы асобны штурмавы полк CODE 9.2.

Аднак катэгарычна супраць расфармавання публічна выступіла камандаванне Другога інтэрнацыянальнага легіёна. Яно патрабуе ад кіраўніцтва Генштаба спыніць гэты працэс і захаваць Другі легіён у цяперашнім статусе асобнага батальёна або нават пашырыць яго да палка ці брыгады.

Камандаванне «бунтоўнага» легіёна прыводзіць шэраг прычын, чаму павінна быць менавіта так, а не інакш.

Намеснік камандзіра гэтага батальёна Андрэй Співак у размове з BBC News Украіна кажа, што іх падраздзяленне з’яўляецца ўнікальным вайсковым арганізмам, які, па-першае, мае высокі ўзровень укамплектаванасці, а таксама наладжаныя працэсы рэкрутынгу замежнікаў, вялікую каманду афіцэраў, якія валодаюць англійскай і іспанскай мовамі, узмоцненую кампаненту БПЛА і «інавацыйны падыход» да вядзення баявых дзеянняў.

Ён звяртае ўвагу, што штурмавыя войскі, у склад якіх павінны ўвайсці байцы легіёна, пакуль афіцыйна нават не створаны.

«Што зараз адбываецца? Нас проста ліквідуюць у «нікуды»», — заяўляе вайсковец.

«Замежнікі» супраць «крымінальнікаў»

Іншая праблема, паводле слоў Співака, у тым, што ў легіён замежнікаў прыцягвалі на добраахвотнай аснове. Большасць з іх, кажа намеснік камбата, ішлі ваяваць за Украіну праз сімпатыю да гэтай краіны, а не дзеля грашовага забеспячэння.

Паколькі яны маюць права скасаваць кантракт з УСУ пасля шасці месяцаў службы, у легіёне былі створаны ўмовы, каб утрымаць іх, стварыць камфортную атмасферу, падрабязна тлумачыць функцыі на полі бою, а не проста аддаваць загады «штурмаваць пасадку».

Бывалі выпадкі, распавядае Співак, калі замежнік пагаджаўся выконваць заданне толькі пасля таго, як дэталёва азнаёміцца з планам аперацыі, убачыць відэа з дрона і зразумее далейшы кірунак дзеянняў на гэтым участку фронту.

Для гэтага ён павінен цалкам давяраць сваім камандзірам і пабрацімам з падраздзялення.

«Іх нельга прымусіць штурмаваць проста так, яны ішлі да нас у легіён, бо давяралі нам», — падкрэслівае афіцэр.

На яго думку, большасць замежных добраахвотнікаў успрымуць свой «прымусовы перавод» у штурмавыя войскі як здраду і скасуюць кантракт.

Больш за тое, паколькі «ўкраінскія інтэрнацыянальныя легіёны» былі пазнавальным брэндам і многія замежнікі хацелі трапіць менавіта сюды, ліквідацыя гэтых падраздзяленняў можа быць успрынятая імі як поўная адмова Украіны ад прыцягнення замежнікаў у шэрагі сваёй арміі.

Аднавіць іх давер да УСУ пасля гэтага будзе вельмі цяжка, упэўнены Андрэй Співак.

«Мы былі як цэнтр прыцягнення для замежнікаў. Да нас ішлі, бо ў нас няма такіх паняццяў, як «нагнуць», «на…ць» (прымусіць і падмануць). У нас няма службовых расследаванняў і ўсяго такога. У нас ёсць каманда. Да нас, паверце, людзі просяцца ў легіён».

Яшчэ адна падстава, каб не ліквідаваць батальён, — гэта неабходнасць завяршыць распрацоўку новай канцэпцыі падрыхтоўкі і вядзення бою, якую ўжо амаль год распрацоўвае Другі легіён. У агульных рысах гэтая «інавацыйная канцэпцыя», па словах намесніка камбата, заключаецца ў тым, каб зрабіць асноўны акцэнт на выкарыстанні БПЛА, а не пяхоты падчас правядзення наступальных аперацый.

Адзін з вайскоўцаў Другога інтэрнацыянальнага легіёна (украінец па нацыянальнасці) быў больш адкрыты ў прычынах таго, чаму байцы падраздзялення не гараць жаданнем далучацца да штурмавых войскаў.

Па яго словах, іх хвалюе «сумніўная рэпутацыя» штурмавых палкоў. Ідзе гаворка пра нібыта высокія страты, жорсткае стаўленне камандавання і высокі працэнт так званага спецкантынгенту сярод штурмавікоў, г.зн. людзей, якія трапілі на фронт з месцаў пазбаўлення волі.

«Ні для каго не сакрэт, што штурмавыя войскі камплектуюцца шмат у чым за кошт крымінальнікаў, людзей з судзімасцямі… Гэта значыць, у нас з аднаго боку будзе фактычна «штрафбат», а з другога — замежнікі, якія прыйшлі па закліку ўласнага сумлення, якія разумеюць, наколькі несправядлівая гэта вайна, і гатовыя рызыкаваць жыццём дзеля Украіны. Гэта розныя людзі, і павінны быць кардынальна розныя падыходы да іх», — кажа ён.

На яго думку, «жорсткі падыход» да асабовага саставу, які практыкуецца ў штурмавых падраздзяленнях, цалкам не спрацуе з замежнікамі.

«Людзі проста абражаюцца, разварочваюцца і сыходзяць. Як гэта ўвогуле з маральнага пункту гледжання — ставіць на адзін узровень добраахвотнікаў і крымінальнікаў?» — абураецца прадстаўнік легіёна.

Каментары12

  • Капец
    13.12.2025
    Беларусам трэба берагчы сябе для вызвалення Беларусі і звальняцца з тых легіёнаў, калі ўкраінскае кіраўніцтва іх хоча адправіць у мясныя штурмы разам з крымінальнікамі.
  • .
    13.12.2025
    Сумная навіна (калі вырашаць па кантэксту, які расказала BBC - іншага не ведаю).
    І для беларускіх перспектыў таксама.

    Ці могуць тут быць прычынай не толькі ўнутраныя ўкраінскія справы, але і ціск Трампа? (ізноў на ўзроўні версіі, без ведання кантэксту).
  • бабруйчанін
    13.12.2025
    Пасля звальнення Залужнага вайсковай контрвыведке сбУ і войска был даведзен цыркуляр " аб лаяльнасці да офіса і самаго В.А.Зяленскага" інфа з адкрытых крыніц в Украіне...падобнае хутка
    Былі расфармаваны часткі зняты асобныя камандзіры таксама інфа вядомая
    Вось і да " інлэгіёнаў" дайшлі
    З мабілізацыей в Украіне асобным саставам ўсе гут ...будам эксперементаваць аптымізаваць
    А каму гэта на карысць? ?? сбУ гур )))
    Тоьькі мне гэта зразумела на чыю карысць ?? )))
    Галоўныя падзеі адбываюцца адбудуцца унутры ..і на усходзе і на поўдне .

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў3

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

У Армавіры ў выніку атакі беспілотнікаў гарыць нафтабаза

У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі14

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі — чацвёрты і шосты па велічыні41

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў3

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць