Грамадства11

Што расказаў Алесь Бяляцкі адразу пасля вызвалення

У першай размове з журналістамі Бяляцкі падзяліўся падрабязнасцямі этапавання праз Беларусь з завязанымі вачыма, расказаў пра стан здароўя і падзякаваў усім, хто спрычыніўся да яго вызвалення.

Як расказаў нобелеўскі лаўрэат пад сценамі амерыканскай амбасады ў Вільні адразу пасля свайго прыезду, сёння а чацвёртай гадзіне ночы яго разбудзіў дзяжурны па атрадзе.

«І калі я выйшаў, мне сказалі тэрмінова сабраць рэчы. І я ўжо зразумеў, што пайшоў працэс вызвалення», — адзначыў ён.

На пытанне, ці былі нейкія прадчуванні ці папярэдняя інфармацыя, Бяляцкі адказаў сцвярджальна:

«Было прадчуванне. Бо пасля таго, як быў вызвалены Сяргей Ціханоўскі ў чэрвені, і пасля яго вызвалення, калі ў верасні быў вызвалены 51 палітзняволены, было зразумела, што гэты працэс пайшоў, і заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што ён не сарвецца. Таму што мы разумеем, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца ў горшы бок.

І таму вельмі важна далей усім працягваць трымаць свой фокус на тых палітычных зняволеных, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах, і дабівацца поўнага вызвалення ўсіх. Каб там не засталося ніводнага палітычнага зняволенага».

Пра дарогу і эмоцыі

Бяляцкі таксама падзяліўся сваімі першымі эмоцыямі пасля вызвалення:

«Ранкам, глыбокай ноччу, я быў у турме, ляжаў там, так бы мовіць, абсалютна ў іншых умовах, на нарах, у памяшканні, дзе было амаль 40 чалавек. І цяпер вось я на волі. Вядома, улічваючы, што 4 з паловай гады правёў у такіх вось умовах, у турме, цяпер адчуванне яшчэ не зусім зразумелае для мяне. Але я думаю, што досыць хутка я асвоюся і прыму рэчаіснасць — тое, што я на волі».

Праваабаронца прызнаўся, што яшчэ не да канца адышоў ад дарогі:

«У мяне яшчэ галава кружыцца, я не прыйшоў у сябе. Бо яшчэ гэтай ноччу я быў зусім у іншых умовах, як і ўсе мае калегі, якія зараз вызваленыя, якія дабіраюцца сюды ў Вільню. (…)

Тым не менш гэта падарожжа было ў мяне з завязанымі вачыма. Я праехаў усю Беларусь. Я сядзеў у Горках у калоніі. Гэта Магілёўская вобласць, зусім побач ад расійскай мяжы. Там 14 кіламетраў да расійскай мяжы ад калоніі.

Праз усю Беларусь з усходу на захад я праехаў з завязанымі вачыма. Ну і тут, натуральна, пакуль што я яшчэ не магу прыйсці ў сябе. Таму што гэта вялікі эмацыйны ўдар для мяне. За гэты час я паспеў толькі пагаварыць з маёю жонкаю».

Пра Нобелеўскую прэмію і тых, хто застаўся ў зняволенні

Бяляцкі расказаў, што пра прысуджэнне яму Нобелеўскай прэміі ён даведаўся ў СІЗА на Валадарцы. Журналісты спыталі, што значыць для яго гэтая ўзнагарода цяпер.

«Трэба сказаць, што гэтая Нобелеўская прэмія была дадзена не толькі мне асабіста, а ўсім беларускім актывістам і ўсяму беларускаму народу, які выступаў і выступае за дэмакратыю, за правы чалавека ў Беларусі, які працягвае сваю барацьбу. Хоць яна ў нас ідзе няпроста і цяжка, праз турмы.

Тысячы людзей сядзелі і цяпер працягваюць сядзець у турмах. Мае калегі, мой калега Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, таксама працягвае яшчэ сядзець, нягледзячы на тое, што мяне вызвалілі. Таму наша барацьба працягваецца. І Нобелеўская прэмія, я думаю, была пэўнай ацэнкай нашай актыўнасці, нашых памкненняў, якія яшчэ не дасягнулі свайго ўвасаблення».

Пра сітуацыю ў калоніі і здароўе

Алесь Бяляцкі расказаў, што ў калоніі, дзе ён адбываў пакаранне, знаходзіцца каля 20 палітзняволеных.

«Фактычна ў кожным атрадзе ёсць па адным, па два чалавекі [палітзняволеных]. Мы там усе імкнуліся трымаць кантакты паміж сабою і нейкім чынам падтрымліваць адзін аднаго. Ёсць людзі, якія сядзяць яшчэ з 2020, з 2021 года».

На пытанне пра здароўе Бяляцкі адказаў стрымана:

«Здароўе больш-менш. Зараз трэба будзе прайсці ўсе гэтыя абследаванні, таму што зразумела, што ў беларускіх турмах з медыцынай усё вельмі кепска… Я думаю, усё будзе добра».

Ці быў выбар застацца

На пытанне, ці быў у яго выбар застацца ці выехаць, Алесь Бяляцкі з гумарам адказаў:

«Ну, выбар быў застацца. Улічваючы, што ў мяне тэрмін быў 10 гадоў. То можна было і застацца. Але ў той сітуацыі выбару вялікага не было. Ці заставацца ў турме, ці быць вось такім чынам вывезеным з завязанымі вачыма з Беларусі».

Бяляцкі адзначыў, што яму раілі прасіць памілавання, але ён гэтага не рабіў. Ён таксама выказаў падзяку тым, хто спрычыніўся да вызвалення:

«Я разумею, што для таго, каб мы апынуліся на свабодзе, трэба было зрабіць вялікую працу. Мы выйшлі на свабоду дзякуючы намаганням многіх тысяч людзей, і ў першую чаргу амерыканскіх дыпламатаў, амерыканскіх урадоўцаў, якія прыклалі намаганні для таго, каб мы выйшлі на свабоду».

На пытанне, ці лічыць ён правільным, што за вызваленне палітзняволеных ЗША знялі з Беларусі санкцыі, Бяляцкі адказаў, што пакуль не ведае ніякіх падрабязнасцей перамоваў, якія адбыліся.

Каментары1

  • Верасок
    13.12.2025
    Сёння вялікае свята - столькі добрых, адметных людзей апынуліся на свабодзе. Пра многіх шырокія колы грамадства даведалісь толькі ў 20 годзе. З вызваленнем вас Алесь! Каб мы ўсе дачакаліся Беларусі вольнай ад дыктатуры і расейскай акупацыі.

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

Віктар Бабарыка ў спісе памілаваных8

«Байсол» запусціў збор для палітвязняў, вызваленых 13 снежня2

Выйшлі на свабоду некалькі іншаземцаў і беларусаў з замежнымі пашпартамі1

Зяленскі: Беларусь аддала Украіне яшчэ пяць асуджаных украінцаў2

На свабодзе Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі8

Лукашэнка памілаваў 123 зняволеных9

Марыя Калеснікава выйшла на свабоду5

У Крычаве пасля аварыі пачалі аднаўляць ацяпленне

Бізнэсовец Сяргей Ботвіч, якога асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж» у Беларусі, абвясціў галадоўку5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні73

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць