Мільёны малюскаў з Прычарнамор’я захапілі Жэнеўскае возера — гэта катастрофа для экасістэмы
Маленькія, але надзвычай агрэсіўныя малюскі разбураюць харчовыя ланцугі ў азёрах Швейцарыі, як гэта ўжо зрабілі ў Вялікіх азёрах Паўночнай Амерыкі. Нядаўна гэтых шкоднікаў упершыню заўважылі ў Паўночнай Ірландыі.

Падобна таму, як халестэрын затыкае артэрыю, малюскам-квагам (Dreissena bugensis) спатрэбілася ўсяго некалькі гадоў, каб забіць 5‑кіламетровую сетку труб пад Швейцарскім федэральным тэхналагічным інстытутам у Лазане. Пакуль супрацоўнікі зразумелі, што адбываецца, было позна.
Сістэма, якая пампавала халодную ваду з глыбіні 75 метраў Жэнеўскага возера для астуджэння кампуса, пацярпела калапс. Магутнасць цеплаабменнікаў знізілася на траціну, забітая перамолатымі ракавінамі.
Як піша The Guardian, наступствы аказаліся сур'ёзнымі. Калі сістэма пачала губляць эфектыўнасць, кандыцыянаванне стала працаваць горш: там, дзе летам павінна быць менш за 24°C, тэмпература трымалася на ўзроўні 26-27°C.
Для інстытута праблема не толькі ў камфорце аўдыторый. Яго дата-цэнтры і ўнікальнае абсталяванне, у тым ліку эксперыментальны рэактар ядзернага сінтэзу, — патрабуюць бесперапыннага астуджэння.
«Гэта адкрытае ўварванне», — канстатуе Мацюрэн Дзюпанье, кіраўнік інжынерных сетак інстытута.
Пітная вада ў Жэневе і Лазане патэнцыйна знаходзіцца пад пагрозай, таму што сістэмы помпаў і фільтрацыі знаходзяцца ў зоне пражывання квагі. Аэрапорт, які выкарыстоўвае тую ж сістэму вадзянога астуджэння, што і ўніверсітэт, таксама пацярпеў.
«Усе яны маюць гэтую праблему вакол возера; няма выключэнняў», — кажа Дзюпанье.
Ідэальны захопнік
Квага — адзін з самых небяспечных інвазіўных відаў на планеце. Гэтыя малюскі родам з Чарнаморскага рэгіёна (Понта-Каспійскі басейн) распаўсюдзіліся па свеце дзякуючы суднаходству. Іх выжывальнасць і пладавітасць уражваюць: адна самка здольная прадукаваць да мільёна яйцаклетак. Квагі могуць размнажацца круглы год пры тэмпературы вады ўсяго 5°C і выжываць у самых экстрэмальных умовах.
У Паўночнай Амерыцы, у Вялікіх азёрах, іх зафіксавалі яшчэ ў 1989 годзе, і цяпер у некаторых вадаёмах яны складаюць больш як 99% біямасы ўсіх беспазваночных. Сітуацыя катастрафічная: папуляцыя рыбы падарваная, а на барацьбу з наступствамі патрабуюцца сотні мільёнаў даляраў. Нават даўно патанулыя караблі, якія ідэальна захоўваліся ў халоднай вадзе, цяпер пакрытыя тоўстым пластом ракавін.
А цяпер сігнал трывогі прагучаў і ў Еўропе. Гэтай восенню іх упершыню ўбачылі ў Паўночнай Ірландыі.
DAERA urges greater vigilance as Quagga mussel confirmed in Lower Lough Erne – first confirmed record in Northern Ireland.
Read more: https://t.co/NBM302jAnx pic.twitter.com/b6JXbJtbgQ
У Швейцарыі першы раз гэты інвазіўны від быў заўважаны ў 2014 годзе. А шэсць гадоў таму квагаў выявілі ў Жэнеўскім возеры. З той пары яны распаўсюдзіліся як лясны пажар. Сёння навукоўцы знаходзяць гэтых малюскаў на рэкорднай глыбіні 250 метраў — у цёмным, як смоль, асяроддзі, дзе амаль няма кіслароду і дзе, акрамя мікробаў, існуе вельмі мала жыцця.
У Жэнеўскім возеры сярэдняя шчыльнасць папуляцыі дасягае 4000 асобін на квадратны метр, а месцамі перавышае 35 000. Даследаванні 2024 года паказалі, што ў пробах дна 100% біямасы складаюць выключна квагі.

Для экасістэмы возера гэта прысуд. Дно, якое раней было пясчаным, цяпер нагадвае бясконцы дыван з малюскаў. Карэнныя віды — слімакі, крэветкі і мясцовыя малюскі — зніклі. Ракі паміраюць, бо абрастаюць малюскамі настолькі, што не могуць рухацца.
Кожны малюск фільтруе да двух літраў вады ў дзень, паглынаючы фітапланктон — фундамент харчовага ланцуга возера. Гэта пакідае без ежы мікраскапічных істот, такіх як вадзяныя блохі, якімі, у сваю чаргу, харчуецца рыба. Калі знікае аснова піраміды, гэта выклікае разбуральны эфект даміно для ўсёй экасістэмы.
Пад пагрозай апынуўся промысел 120 прафесійных рыбакоў Жэнеўскага возера. Акрамя таго, вада становіцца занадта празрыстай, з-за чаго сонечнае святло пранікае глыбей, награваючы возера і правакуючы цвіценне таксічных водарасцей.
Доўгі час праблема заставалася нябачнай для звычайных людзей, але цяпер ігнараваць яе немагчыма. Мёртвыя малюскі выкідваюцца на пляжы, вострыя ракавіны рэжуць ногі купальшчыкам, а ўладальнікі лодак вымушаны пастаянна чысціць корпусы суднаў.
Каб выратаваць сваю інфраструктуру, інстытут плануе пабудаваць новую замкнутую сістэму астуджэння. Эколагі дапускаюць: з часам прырода можа адаптавацца і нейкія віды рыб навучацца есці гэтых малюскаў. Аднак вярнуць возера ў ранейшы стан ужо немагчыма.
Каментары