Грамадства22

«Людзям патрэбна цяпло». Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў

Ганна Федаронак — сузаснавальніца фонду «Прытулі мяне». Разам з адміністратаркай Алесяй яны ўдзвюх кіруюць шэлтарам, які ўжо амаль чатыры гады працуе ў адным са спальных раёнаў Варшавы. Жанчына расказала і паказала журналісту «Еўрарадыё» Тарасу Тарналіцкаму, як працуе ўстанова ў дзень засялення сваіх новых жыхароў.

Ганна Федаронак у шэлтары "Прытулі мяне"
Ганна Федаронак у шэлтары «Прытулі мяне». Фота: «Еўрарадыё»

«Не звяртайце ўвагі, у нас тут хаос, як на вайне», — смеючыся, выбачаецца жанчына, дадому да якой журналіст трапіў у сярэдзіне дня ў нядзелю. Пакой для размовы сапраўды нагадвае склад: падушкі, коўдры, бялізна, але выбачацца тут няма за што — арандатары дома рыхтуюцца да засялення палітвязняў, якія прыехалі ў Варшаву з Украіны пасля вялікага вызвалення 13 снежня.

«Я прызвычаілася круціцца ў такім рытме»

— Наш шэлтар — гэта не хостэл, тут людзі жывуць бясплатна. У нас ёсць правіла: два месяцы бясплатнага пражывання. Гэтага часу звычайна хапае, каб чалавек змог падацца на легалізацыю, зрабіў неабходныя дакументы, знайшоў працу і першае жытло. Мы засяляем па тры чалавекі ў пакой, каб людзям было камфортна, бо пасля турэмных нараў ім вельмі важна адчуць чалавечыя ўмовы. Максімальна мы можам прыняць 18 чалавек, бо маем толькі два санвузлы і адну агульную кухню.

Ганна Федаронак у адным з пакояў шэлтара. Фота: «Еўрарадыё»

Будынак шэлтара мае сваю гісторыю: спачатку тут быў фонд «Краіна для жыцця», а калі пачалася вайна, нашымі першымі жыхарамі сталі мамы з дзецьмі з Украіны. Пасля праз нас праходзілі беларусы, якія ўцякалі з Украіны, а з канца 2023 года мы цалкам сканцэнтраваліся на беларускіх палітвязнях і тых, хто з’язджае праз рэпрэсіі.

Утрымліваць такі дом — гэта вялізныя грошы. Арэнда каштуе 12 тысяч злотых (каля 3 тысяч даляраў) за месяц, і гэта не лічачы велізарных рахункаў за камунальныя паслугі. Нам вельмі пашанцавала, што зараз нас падтрымлівае Міжнародны гуманітарны фонд (МГФ), які даў фінансаванне на год наперад. Але месца ўсё адно мала, і мы ўжо сустракаліся з мэрыяй Варшавы, прасілі большы будынак. Яны абяцалі разгледзець гэтае пытанне, але толькі ў 2026 годзе.

Што тычыцца мяне асабіста, то ў фондзе я працую як валанцёрка. Каб мець грошы на жыццё, я працую прыбіральшчыцай у офісах пасля асноўнай працы ў шэлтары. Гэта фізічна цяжка, але я прызвычаілася круціцца ў такім рытме.

Я добра разумею гэтых людзей, бо сама прайшла праз тое ж самае. На пачатку 2021 года я ўцякала з Беларусі сярод ночы, мяне вывозілі віцебскія праваабаронцы. У мяне не было з сабой нічога: ні шкарпэтак, ні зменнай бялізны. Я жыла ў Кіеве ў хостэле на двух’ярусных ложках па шэсць чалавек у пакоі. У 2020 годзе я сама была «на сутках», і тых дзён мне хапіла, каб зразумець, што такое быць за кратамі.

На маю думку, пакуль Лукашэнка не перастане гандляваць людзьмі, наша праца будзе патрэбная. У яго ў Беларусі яшчэ засталося мільёнаў з сем «тавару», і з такімі маньякамі можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы.

«Ваенны рэжым» падчас прыезду палітвязняў

— Калі стала зразумела, што людзі паедуць і іх трэба будзе сустракаць, мы з маім адміністратарам Алесяй былі ў Вільні [на цырымоніі ўзнагароджання] па асабістым запрашэнні Святланы Ціханоўскай. Вераніка Станкевіч з арганізацыі «Вольныя» напісала нам: «Дзяўчаты, едзьце», бо трэба было рыхтавацца да засялення.

Адзін з пакояў шэлтара для экс-палітвязняў. Фота: «Еўрарадыё»

Мы вярнуліся ў чацвер позна ўвечары і з таго часу ўжо трэція суткі працуем у «ваенным рэжыме». У шэлтары заўсёды нехта жыве, таму нам давялося тэрмінова вызваляць месцы: тых, у каго ўжо сканчаўся двухмесячны тэрмін пражывання, мы папрасілі з’ехаць. Пакінулі толькі сям’ю з трохгадовым дзіцём і трох хлопцаў, якія нядаўна выйшлі пасля чатырох гадоў калоніі.

Гэтае вызваленне не было для нас нечаканасцю — мы яго чакалі і прадчувалі. Зараз усе праваабарончыя арганізацыі працуюць вельмі зладжана: адныя сустракаюць, другія аказваюць юрыдычную дапамогу, а наш абавязак — даць гэтым людзям дах над галавой.

«Людзі больш за ўсё хочуць проста абдымацца»

Пакуль наш фонд знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі ў судзе, у нас няма афіцыйнага рахунку, таму я проста напісала ў Facebook, што нам патрэбная дапамога — і водгук беларусаў быў неймаверным. 

Людзі вязуць усё: коўдры, падушкі, прадукты. Учора нам прывезлі яшчэ адну лядоўню, і цяпер яны ўсе запоўненыя ежай.

Дапамагаюць і вядомыя людзі, і былыя жыхары шэлтара. Павел Латушка асабіста заказаў для нас 10 камплектаў пасцельнай бялізны, а музыка Піт Паўлаў абяцаў правесці кватэрнік перад Новым годам.

Мой сябар Дзяніс арганізуе для былых палітвязняў лазню з венікамі. Мяркую, што тут, як у прымаўцы: «Госця напаі, накармі, у лазні папар, а потым ужо пра справы пытай». 

Склад з бялізнай шэлтара. Фота: «Еўрарадыё»

Хлопцы, якія жылі ў нас раней, таксама падтрымліваюць: Глеб, які зараз жыве ў Гданьску, прыехаў папіць гарбаты і пакінуў сто злотых, а Мікалай, які працуе на будоўлі і мае траіх дзяцей, прывёз муку, цукар і кансервы. Гэтая салідарнасць проста вяртае да жыцця і прымушае паверыць у нешта чалавечае.

Нягледзячы на вялікую колькасць прывезеных рэчаў, некаторыя пытанні застаюцца незакрытымі. Вось тое, чаго нам не хапае зараз:

  • Мужчынская вопратка і абутак. У нас ёсць склад, але там пераважна жаночыя рэчы, а мужчынскага адзення няма зусім, пры гэтым многія людзі прыязджаюць наогул без рэчаў;
  • Сушылкі для бялізны. Нам трэба неяк сушыць вялікую колькасць пасцелі і адзення;
  • Прадукты на перспектыву. Хоць цяпер лядоўні поўныя, людзі будуць жыць у нас два месяцы. Тыя грошы, што ім збіраюць праваабаронцы, мы просім іх не траціць, а адкладаць на будучае жытло, таму харчаванне мы спрабуем забяспечыць самі праз дапамогу людзей;
  • Асабістыя лекі. Мы пакуль толькі засяляемся і яшчэ не ведаем усіх патрэбаў па здароўі, але лекі могуць спатрэбіцца пазней.

А яшчэ людзі больш за ўсё хочуць проста абдымацца — ім вельмі важна адчуць, што іх тут чакалі і яны патрэбныя.

«Адчула, што яна насамрэч жыве»

— Працаваць [у шэлтары] псіхалагічна вельмі цяжка. Кожны новы чалавек прывозіць свой боль. Бывае, мужчыны сядзяць насупраць, распавядаюць сваю гісторыю і плачуць, і я плачу разам з імі.

Адзін з пакояў шэлтара для экс-палітвязняў. Фота: «Еўрарадыё»

Але бачыць, як людзі змяняюцца да лепшага — гэта шчасце. Вось быў у нас Дзіма, яму 53 гады. Ён прыехаў такі разгублены, што, калі я сказала слова «пэсэль» (PESEL — асабісты ідэнтыфікацыйны нумар для жыхароў Польшчы), ён глядзеў на мяне як на іншапланецяніна. А праз два месяцы яго не пазнаць: працуе ў аўтасэрвісе, зняў пакой і чакае прыезду сям’і.

Або Таня Крапіневіч, «настаўніца года Беларусі». Яна казала, што толькі на пяты дзень пасля выхаду з шэлтара, ідучы па вуліцы пад сонцам, адчула, што яна насамрэч жыве. Зараз яна выкладае матэматыку ў польскай школе і размаўляе па-польску лепш за мяне.

Увага спецслужбаў і асабістая бяспека

— Наш шэлтар — гэта закрытая тэрыторыя, ключы ёсць толькі ў жыхароў, бо бяспека палітвязняў для мяне прыярытэт. Але я не маю ілюзій: спецслужбы выдатна ведаюць наш адрас. Калі ў маіх сваякоў у Беларусі былі ператрусы, па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра «начлежку Ганны Федаронак у Варшаве». На мяне там заведзена ўжо 19 крымінальных спраў, мой дом і маёмасць пад арыштам.

Са мной спецслужбы наўпрост не кантактуюць. Яны ведаюць, што ў мяне «доўгі язык» і я ніколі не буду маўчаць, адразу ўсё выкажу. Яны перадавалі праз знаёмых, каб я «закрыла рот», але я ў вольнай краіне і буду казаць тое, што хачу. Я не баюся іх сачэння, бо не лічу іх такімі ўжо магутнымі ці разумнымі — у іх проста не хапае грошай сачыць за кожным.

Каментары2

  • 2020
    22.12.2025
    Вялікі дзякуй, спадарыня Ганна, за вашую працу!
  • страна для жизни будет
    23.12.2025
    Интересно что ещё надо спецслужбам от Человека, который просто помагает Беларусам.

Цяпер чытаюць

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек5

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскім метро чалавек захацеў набыць адразу 3 тысячы жэтонаў4

Пентагон можа перанакіраваць пастаўкі зброі, прызначанай для Украіны, у Іран4

МАК забараніў жанчынам-трансгендарам выступаць у жаночых спаборніцтвах2

Санаторый «Сосны» на беразе Нарачы мадэрнізуюць у сучасны велнес-цэнтр2

У былога белсатаўца Прановіча дома знайшлі некалькі сотняў грамаў псіхатропаў, у тым ліку наркотык-зомбі19

Вызвалілі арыштаваных па «справе кнігароў» Алеся Яўдаху і Вацлава Багдановіча

Ліквідавалі фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў дзецям з анкалагічнымі захворваннямі

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме10

Паўлючэнка пра гульню Мацкевіча: Папахвае палітычным махлярствам52

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек5

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць