Шэнгенскую візу для паездкі ў Літву можна атрымаць праз турыстычнае агенцтва. І мне думалася, што гэты спосаб самы лёгкі і даступны для звычайнага грамадзяніна. Піша Сымон Свістуновіч.
Шэнгенскую візу для паездкі ў Літву можна атрымаць праз турыстычнае агенцтва. І мне думалася, што гэты спосаб самы лёгкі і даступны для звычайнага грамадзяніна.
У Мінску 35 турыстычных фірмаў прапаноўваюць сваю дапамогу ў афармленні візаў у Літву, ёсць яны і ў Баранавічах. Патэлефанаваў у «Гулівер», «Ветразь», «Калумб» і пацікавіўся, на якіх умовах яны працуюць. Выбраў «Ветразь», бо ў гэтым агенцтве была найменшая цана за паслугу.
Узяў на працы выпіску з працоўнай кніжкі, даведку аб заробку за паўгода, пашпарт, грошы і паехаў у турагенцтва.
Амаль усе фірмы абяцаюць аформіць візу за 10 дзён, і я быў упэўнены, што да 25 мая візу атрымаю, бо ў «Ветразь» прыйшоў 11 мая. Акрамя гэтага, калі ты плаціш грошы, то ўяўляеш для фірмы пэўную цікавасць. Гэта я так думаў.
Падчас размовы з супрацоўніцай фірмы я зразумеў, што ўсё больш складана. Аказалася, што неабходна браць новую даведку аб заработнай плаце, бо я ўжо атрымаў зарплату за красавік. Акрамя 60 еўра за візу і 145 тысяч за паслугі, трэба было ў банку на 200 еўра купіць чэкі, і хоць іх затым можна будзе абмяняць зноў на еўра, але гэта ўсё ж турботы. Тым не меней можна было б закрыць і іх, калі б не пачуў, што на афармленне візы фірме патрэбна 18 дзён. На гэтым і разышліся.
Патэлефанаваў у турагенцтва «Калумб» і там паабяцалі аформіць візу за дзесяць дзён.
Ніякіх чэкаў не трэба купляць, неабходна заплаціць 80 еўра і 95 тысяч рублёў ды прынесці здымак.
За 12 тысяч тры фотакарткі зрабілі за дзесяць хвілін, і я падаўся ў турфірму. Там сустрэлі ветліва, паглядзелі дакументы, пагарталі пашпарт і падалося, што ўсё будзе ў «ажуры». Але мяне хваляваў тэрмін, бо ў Літву неабходна было выехаць абавязкова 25 мая, і я пра гэта напомніў супрацоўніцы. Жанчына кудысьці патэлефанавала і сказала, што на гэты тэрмін візу аформіць немагчыма.
— А на 2 чэрвеня можна?
Быў яшчэ такі варыянт, а гэта ўжо 22 дні. Супрацоўніца зноў пачала набіраць нумар тэлефона, а затым заявіла:
— Кур’ер прывязе візу ў гэты дзень а 10 гадзіне ўвечары.
— Але ж мне 2 чэрвеня неабходна быць ужо ў Літве.
— Паедзеце трэцяга.
— А ёсць гарантыя, што візу прывязуць вечарам?
— Я гарантаваць не магу, бо ад мяне гэта не залежыць. А хто ведае, як там будзе ў консульстве.
Здаецца, на гэтым і закончылася мая паездка ў Літву. Ехаць у Мінск і хадзіць па розных турыстычных фірмах ужо ахвоты няма.
Калі напісана ў інфармацыйнай даведцы, што тэрмін вырабу візы дзесяць дзён, то верыш, што адлік ідзе ад дня падачы дакументаў у фірму, і ніхто ў размове з табой па тэлефоне гэтага не абвяргае.
Розныя недарэчнасці ўзнікаюць, калі пачынаеш унікаць у сутнасць справы.
А хто бярэ візу па запрашэнні ці выкліку, то ў яго таксама хапае клопату. Напрыклад, каб атрымаць літоўскую візу ў консульстве, якое знаходзіцца ў Гродне (для жыхароў Брэстчыны), неабходна туды з’ездзіць два‑тры разы. А гэта амаль пяць гадзін дарогі ў адзін бок, ды і з працы трэба адпрасіцца. А там і чаргу давядзецца адстаяць. Вось і даводзіцца звяртацца ў турагенцтва, тым больш што за мяжой цябе ніхто не чакае — запрашэння няма.
І ў турагенцтве таксама з афармленнем візаў не ўсё проста. Між тым, і ў гэтым пытанні павінна быць яснасць. Не трэба абяцаць — аформіць візу за 5,7 ці 10 дзён, а неабходна канкрэтна агаварыць тэрмін. Маўляў, дакументы ў турагенцтва пажадана падаваць за 1‑2 месяцы да намеру выехаць за мяжу, і тады з афармленнем візы не будзе праблем.
Я не хачу ганьбіць усе турфірмы, а кажу толькі пра сваю праблему, з якой давялося сутыкнуцца.
Акрамя фірмаў, можна выйсці на Таццяну, Ганну, Ларысу, якія, быццам бы, працуюць менеджарамі і абяцаюць хутка аформіць візу. Можа, сапраўды трэба патэлефанаваць ім? А ці не за лепшае паехаць не за мяжу, а на сваё лецішча? Турбот меней, а колькі радасці! Відаць, гэтым усё і закончыцца.
Каментары