Гісторыя2020

Перапахаваем Івана Луцкевіча? Ці прынамсі дакладна вызначым месца яго пахавання?

Гісторыя Івана Луцкевіча, які нарадзіўся 145 гадоў таму (9 чэрвеня 1881 года) — гэта гісторыя таго, як адзін чалавек можа зрушыць гару. Адначасова гэта і напамін пра тое, якая гэта асалода — служыць беларускай справе і распаўсюджваць беларускасць. Апошняй яго марай было вяртанне ў Вільню.

Іван Луцкевіч

Героем новага выпуску ютуб-праекта SercaEuropy стаў Іван Луцкевіч — адзін з заснавальнікаў першай легальнай беларускай газеты «Наша доля» і першай «Нашай Нівы», ініцыятар стварэння першага беларускага музея і першай беларускай гімназіі, а таксама адзін з дзеячаў, якія стаялі ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Іван Луцкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 года ў Шаўлях (сённяшні літоўскі Шаўляй) у сям’і былога вайскоўца-чыгуначніка. З-за службы бацькі сям’я часта пераязджала, таму ён вучыўся і ў Лібаве, і ў Мінску, дзе быў набыты дом.

З дзяцінства ён быў знаёмы з творчасцю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, з якім сябраваў яго бацька, Луцкевіч рана ўсвядоміў сябе беларусам і імкнуўся, каб гэта разуменне прыйшло і да іншых. Ужо ў 1897 годзе разам з братам Антонам ён стварыў у гімназіі гурток, які выхоўваў беларускую нацыянальную свядомасць.

Іван Луцкевіч у час вучобы ў Мінскай гімназіі. Фота: Wikimedia Commons

У той жа час юнак пазнаёміўся з Казімірам Рафалам Кастравіцкім (які стане вядомым пад псеўданімам Карусь Каганец) і будучым археолагам Генрыкам Татурам. Апошні расказаў Івану «сакрэт», што ў глыбіні беларускай зямлі багата скарбаў, якія толькі і чакаюць, каб іх знайсці. Пазней Луцкевіч пачаў збіраць старажытныя артэфакты і выкарыстоўваў іх на карысць беларускай культуры.

Фатальны арышт пасля дэманстрацыі ў Пецярбургу

Іван Луцкевіч быў адным з найбольш адукаваных прадстаўнікоў маладога беларускага руху. Ён скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, археалагічны інстытут і працягваў навучанне ў Вене, дзе наладзіў сувязі з прадстаўнікамі ўкраінскага нацыянальнага руху.

У Пецярбургу Іван захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі і пасля адной з дэманстрацый трапіў у турму «Красты», дзе правёў чатыры месяцы і захварэў на сухоты — хваробу, якая праз 16 гадоў прывядзе да яго смерці. Пасля вызвалення ён удзельнічаў у стварэнні Беларускай рэвалюцыйнай грамады, але хутка прыйшоў да высновы, што пачынаць трэба з асветы і культурнай працы.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, знаходзячыся на нелегальным становішчы, разам з братам Антонам ён заснаваў першую легальную беларускую газету «Наша доля» (пасля няўдалай спробы з «Свабодай»). Нягледзячы на канфіскацыю накладу, браты не спыніліся і заснавалі «Нашу Ніву».

Рэдакцыя «Нашай Нівы» ў Вільні. Фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя.

Луцкевіч шмат ездзіў па Беларусі, ствараў сетку карэспандэнтаў, збіраў антыкварыят і перапрадаваў яго, а на атрыманыя сродкі (каля 40 тысяч рублёў) утрымліваў газету, а таксама падтрымліваў маладых аўтараў, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.

Як адзначае гісторык Васіль Герасімчык, Іван Луцкевіч прытрымліваўся пераканання, што нават малыя крокі маюць значэнне і што працаваць на беларускую справу трэба пры любой уладзе.

Падчас Першай сусветнай вайны дзейнасць на карысць беларушчыны стала яшчэ больш паспяховай. Іван стаў адным з арганізатараў Таварыства дапамогі бежанцам, што пашырыла беларускі рух за межы краіны і падрыхтавала глебу для абвяшчэння БНР.

Нягледзячы на цяжкую хваробу, напярэдадні 25 сакавіка 1918 года Луцкевіч прыехаў у Мінск і ўдзельнічаў у перамовах, якія прывялі да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасля вяртання ў Вільню ён ужо не мог хадзіць і заставаўся прыкуты да ложка. У красавіку 1919 года, калі горад занялі бальшавікі, яны прыйшлі і да яго, але, убачыўшы ягоны цяжкі стан, не арыштавалі.

Апошняя паездка

Пасля прыходу палякаў нарачоная Луцкевіча Юльяна Мэнке — прадстаўніца вядомага віленскага нямецкага роду прадпрымальнікаў — угаварыла яго паехаць на лячэнне ў Закапанае разам з яе сястрой Ляляй, якая таксама хварэла на сухоты.

Іван Луцкевіч ў 1918 годзе. Фота: Wikimadia Commons

Падрыхтоўка заняла некалькі месяцаў, і 16 чэрвеня 1919 года цяжкахворага Луцкевіча беларускі актывіст Ян Чарапук (Змагар) перанёс у аўтамабіль, які даставіў яго з Вільні да Ліды, адкуль яны паехалі цягніком у Варшаву.

У Варшаве Луцкевіч і яго спадарожнікі сутыкнуліся з нечаканай праблемай: нягледзячы на наяўнасць Беларускага камітэта і актывістаў, ім не здолелі знайсці жыллё. У выніку дапамог знаёмы габрэй-фурман, які ўладкаваў Луцкевіча ў невялікі гатэль.

Там ён некалькі дзён чакаў беларусаў, спадзеючыся на сустрэчу, але прыйшоў толькі Браніслаў Тарашкевіч, які пазней прывёў да яго знаёмых палякаў. Яшчэ перад ад’ездам з Вільні лекар папярэдзіў Юльяну Мэнке, што гэтая дарога для Луцкевіча — у адзін канец.

21 чэрвеня ў 20:30 Луцкевіч разам з суправаджэннем выехаў з Варшавы ў Закапанае; Чарапук дамогся для яго асобнага купэ. На наступны дзень яны прыбылі на месца. У Закапаным Луцкевіч на нейкі час адчуў паляпшэнне і прыліў сіл, з’явілася надзея, што ён зможа паправіцца і вярнуцца ў Вільню, каб працягнуць беларускую справу — тым больш што яго брат Антон у гэты час у Парыжы на мірнай канферэнцыі дамагаўся міжнароднага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі.

Апошнія два месяцы Луцкевіч правёў у санаторыі Длускага ў Касцеліску. Менавіта сюды па просьбе Лялі Мэнке прыязджае 13 жніўня яе сястра Юльяна, нарачоная Івана. Па дарозе з Вільні яна заехала ў Варшаву, каб паведаміць дзеячам Беларускага камітэта пра яго крытычны стан і заклікаць іх прыехаць на пахаванне.

Іван Луцкевіч з невядомай, 1915 ці 1916 год

Сустрэча з Юльянай была кранальнай: Луцкевіч зрабіў ёй прапанову і выказаў надзею, што пасля вяртання ў Вільню яны змогуць ажаніцца — але гэтаму не наканавана было здзейсніцца.

20 жніўня ўвечары Іван Луцкевіч памёр. Яго апошнія словы, звернутыя да Юльяны, былі: «Ты добрая». Юльяна занялася арганізацыяй пахавання разам з украінцамі Міхалам і Астапам, якія таксама лячыліся ў санаторыі. 

Як пазней пісала Юльяна ў сваіх успамінах, Івана Луцкевіча пахавалі 23 жніўня ў Закапаным на Новых могілках па вуліцы Наватарскай — у чаканні беларусаў, у тым ліку брата Антона, але ніхто з іх так і не здолеў даехаць.

Яшчэ пры жыцці Іван Луцкевіч марыў быць пахаваным у Вільні, аднак гэтае жаданне не было выканана: планам перапахавання перашкодзіла польска-савецкая вайна.

Магіла Івана Луцкевіча на могілках у Закапаным. 1920 год. Фота: Wikimedia Commons

Лёс памяці

Нягледзячы на значнасць постаці Луцкевіча, праз віхуры вайны яго магіла ў Закапаным не была належным чынам ушанаваная: помнік там так і не паставілі, хоць пра гэта пісалі і такія намеры існавалі.

Падчас Другой сусветнай вайны магіла была пашкоджаная, але праіснавала да 1963 года. Пасля яна знікла — на яе месцы зрабілі іншае пахаванне, бо за магілу не было каму заплаціць: сваякі былі адрэзаныя савецкай мяжой.

У 1972 годзе Мар’ян Пецюкевіч, трэці кіраўнік беларускага музея ў Вільні, адшукаў месца пахавання і вызначыў, што на ім ужо знаходзіцца магіла сям’і Зялінскіх.

Толькі ў 1991 годзе Алег Латышонак знайшоў дакументы пра пахаванне Луцкевіча, хоць без дакладнага пазначэння месца. Ён узяў жменю зямлі з меркаванага месца і перавёз яе ў Вільню.

18 мая на могілках Росы ў Вільні адбылося сімвалічнае пахаванне — без парэшткаў, толькі з гэтай зямлёй — у прысутнасці беларусаў з Гродна, Полацка, Мінска і іншых гарадоў, а таксама віленскіх беларусаў. А ў 1993 годзе на гэтым месцы быў усталяваны помнік Івану і Антону Луцкевічам — фактычна кенатаф.

Помнік братам Луцкевічам на могілках Росы, Вільня, 2025 год. Фота: Наша Ніва

У 2021 годзе беларускія актывісты наведалі Закапанае і змаглі вызначыць месца, дзе пахавана сям’я Зялінскіх. Высветлілася, што ў 2015—2016 гадах на тым самым участку з’явілася ўжо трэцяе пахаванне. Такім чынам, парэшткі Івана Луцкевіча сёння знаходзяцца пад дзвюма пазнейшымі магіламі.

Тэарэтычна там можна было б усталяваць хаця б сімвалічны знак у яго памяць або нават правесці эксгумацыю. Аднак для гэтага неабходная поўная ўпэўненасць, што менавіта ў гэтым месцы спачывае Луцкевіч.

Дадатковай падказкай могуць быць суседнія пахаванні: побач знаходзяцца магілы людзей, пахаваных у 1920 годзе — Людвіка Бахнакевіча (1861—1920), ураджэнца Мінска Рамуальда Сабаткоўскага (1885—1920) і мастака Уладзіміра Блоцкага (1885—1920). Калі б удалося знайсці старыя фотаздымкі гэтых магіл або само пахаванне Луцкевіча да 1963 года, гэта магло б стаць доказам для магчымай эксгумацыі.

Пакуль жа сітуацыя застаецца парадаксальнай: Іван Луцкевіч не мае нават згадкі на месцы свайго пахавання. І таму было б важна, каб беларусы, якія прыязджаюць у Закапанае, наведвалі не толькі «Марское вока», але і гэты ўчастак на могілках па вуліцы Наватарскай (квадрат K6/10/9), дзе, імаверна, ён і спачывае.

Упершыню артыкул быў надрукаваны 31 сакавіка 2026 года.

Каментары20

  • Проста знаўца
    31.03.2026
    вектар культуры , Ян-Герман, калі быць больш дакладным. А Іванам называцца быў яго асабісты выбар.
  • Утопический общинный социализм
    31.03.2026
    Был социалистом. Точнее националистом и социалистом. Хватит с меня социализма в БССР, СССР. Да и не националист я. У нас национализм победить не сможет.
  • Нацдэм
    31.03.2026
    Утопический общинный социализм, у вас рускі мір перамог. Жары, не абляпайся.

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць23

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць

Усе навіны →
Усе навіны

Джаан Роўлінг даслала кнігу з аўтографам украінскаму вайскоўцу, які ў палоне пераказваў іншым «Гары Потэра»

У Адэсе мужчына адкрыў агонь па вайскоўцах ТЦК, чацвёра параненыя5

Беларусбанк збіраецца запусціць іпатэку пад 1% на новабудоўлі?4

Марока назвала самую працяглую аўтатрасу Афрыкі ў гонар Трампа3

Як ГПУ падбіралася да Якуба Коласа3

У Мексіцы затрымалі лідара картэля «Лос-Рэес» па мянушцы Понча1

На магіле Вячкі Станкевіча на помніку — ні слова па-беларуску. Вось пра што гэта кажа наконт эмігрантаў, эміграцыі і «беларускасці ўнукаў»123

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ужо больш за 10 дзён у бальніцы1

Пры выбуху ў Маскве пацярпела, падобна, дачка расійскага генерала, які камандаваў наступам на Кіеў24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць23

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць