Гісторыя55

З’явіўся яшчэ адзін ютуб-канал пра беларускую гісторыю. Пачалі з «Палявання на цара»

Ігнат Грынявіцкі ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які забіў расійскага імператара Аляксандра ІІ, але пры гэтым загінуў і сам. Гісторыя захавала жудасную дэталь: слоік з яго заспіртаванай галавой доўгі час стаяў у холе пецярбургскай паліцэйскай камендатуры. Кім быў гэты чалавек, наш зямляк, і чаму ён адважыўся на такі радыкальны крок?

Партрэт Ігната Грынявіцкага, апрацаваны штучным інтэлектам

Невысокага росту, шатэн з кучаравай галавой, ён меў асаблівасць — крыху не выгаворваў літару «л». За рахманы і стрыманы характар яшчэ ў гімназіі ён атрымаў мянушку Коцік. Сам ён называў сябе ліцвінам і стаў адным з заснавальнікаў беларускай фракцыі ў складзе расійскай рэвалюцыйнай арганізацыі «Народная воля», расказвае гісторык Васіль Герасімчык.

Вось поўнае відэа выпуску, ніжэй мы коратка яго перакажам.

Паходжанне і станаўленне Ігната Грынявіцкага

Ігнат нарадзіўся ў 1856 годзе ў сям’і збяднелага шляхціца. Яго бацька быў вымушаны арандаваць маёнтак Басін у Бабруйскім павеце Мінскай губерні — менавіта там і прайшло маленства будучага рэвалюцыянера.

Пасля заканчэння паўстання 1863—1864 гадоў сям’я вярнулася ў свой родавы маёнтак Вялікія Грынявічы на Бельшчыне, на самым захадзе этнічнай беларускай тэрыторыі. Сітуацыя была парадаксальнай: валодаючы ўласнай зямлёй, бацька Грынявіцкага доўгі час быў вымушаны працаваць арандатарам у іншых, каб пракарміць сям’ю.

Ігнат скончыў Беластоцкую гімназію як найлепшы вучань. Перад ім адкрываліся выдатныя перспектывы: ён паехаў у Пецярбург і паступіў на механічны факультэт Тэхналагічнага інстытута. Прафесія інжынера ў тыя часы была ключом да эліты Расійскай Імперыі, але Грынявіцкі абраў іншы шлях.

Чаму Ігнат Грынявіцкі радыкалізаваўся

У 1875 годзе, калі Ігнат пачаў вучобу, сярод сталічнай моладзі набірала моц «хаджэнне ў народ». Тысячы студэнтаў, расчараваных расійскай сістэмай, ехалі ў вёскі, каб працаваць з сялянамі і тлумачыць ім несправядлівасць тагачаснага ладу. Яны казалі пра тое, як цар падмануў народ падчас рэформы, прымусіўшы плаціць за зямлю ўтрая больш за яе кошт. Аднак сяляне, якія свята верылі ў «цара-бацюхну», не слухалі агітатараў і часта самі здавалі «бунтароў» паліцыі.

Правал «хаджэння ў народ» і згортванне дзяржаўных рэформаў прывялі да радыкалізацыі тых, хто хацеў больш справядлівасці і свабоды. У 1879 годзе арганізацыя «Зямля і воля» распалася, і з яе вылучылася «Народная воля», да якой далучыўся і Ігнат Грынявіцкі. Нарадавольцы верылі, што пераходу краіны да дэмакратыі можна дабіцца, узняўшы сялян на паўстанне, і верылі, што імпульсам да гэтага можа стаць забойства цара.

Некалькі спробаў былі беспаспяховымі. 5 лютага 1880 года рабочы Халтурын узарваў сталовую ў Зімнім палацы, але царская сям’я ўратавалася, бо спазнілася на абед. Праз два тыдні ўраджэнец Слуцка Іпаліт Младзецкі спрабаваў забіць Міхаіла Ларыс-Мелікава — чалавека, якога Аляксандр ІІ фактычна надзяліў дыктатарскімі паўнамоцтвамі з мэтаю задушэння рэвалюцыйных памкненняў моладзі Расійскай імперыі. Замах Младзецкага праваліўся, яго пакаралі смерцю.

У 1880 годзе Грынявіцкі разам з паплечнікамі пачаў выдаваць нелегальную «Рабочую газету». Адзін з яе нумароў быў прысвечаны памяці пакаранага Аляксандра Квяткоўскага, таксама ўраджэнца Беларусі і аднаго з ідэолагаў замаху на цара. Грынявіцкі тады пісаў:

«Няўжо мы будзем маўчаць перад сваімі катамі? Не, іначай кроў гэтых пакутнікаў за народнае шчасце ўпадзе на нашы галовы».

Аляксандр ІІ у апошнія гады жыцця.

Фатальны план

Падрыхтоўкай замаху на імператара займаліся Андрэй Жалябаў і Соф’я Пяроўская. План прадугледжваў некалькі варыянтаў. Першы — закласці дынаміт пад дарогу, па якой павінен быў праехаць цар. Другі — здзейсніць напад з дапамогай бомбаў, якія павінна была выкарыстаць група з чатырох чалавек. Існаваў і трэці сцэнар: у выпадку няўдалага выбуху Жалябаў меркаваў забіць імператара, скарыстаўшыся панікай і хаосам.

Калі Жалябава арыштавалі за некалькі дзён да акцыі, група Пяроўскай вырашыла не адступаць.

1 сакавіка 1881 года Аляксандр ІІ вяртаўся з манежа ў Зімовы палац. На маршруце яго чакалі тэрарысты. Першую бомбу кінуў Мікалай Рысакоў, але яна толькі пашкодзіла карэту і параніла казакоў суправаджэння. Імператар зрабіў фатальную памылку: замест таго, каб неадкладна з’ехаць з месца здарэння, ён выйшаў з карэты, каб паглядзець на тое, што адбылося.

На пытанне, ці ўсё з ім добра, цар адказаў: «Дзякуй Богу, я ацалеў». Рысакоў жа злосна кінуў: «Наўрад ці гэта дзякуй богу».

У гэты момант Ігнат Грынявіцкі наблізіўся да імператара на адлегласць паўтара метра. Раздаўся другі выбух, яшчэ мацнейшы за першы. Ігната Грынявіцкага разам з Аляксандрам ІІ кінула ў розныя бакі. Абодва атрымалі смяротныя раненні.

Цар памёр за некалькі гадзін. Грынявіцкі перажыў яго на сем гадзін. Перад смерцю ён ненадоўга прыйшоў у прытомнасць, але на пытанне следчага пра імя адказаў толькі: «Не ведаю». Гэта былі яго апошнія словы.

Цэлы месяц яго асоба заставалася таямніцай. Яго ведалі як Ельнікава, а таксама пад мянушкай Коцік. Пяцёра ўдзельнікаў замаху на цара Аляксандра ІІ былі асуджаныя на смерць і пакараныя.

Выбух другой бомбы. Малюнак Арнольда Балдынгера. Фота: Wikimadia Commons

Галаву Ігната Грынявіцкага адрэзалі і выставілі ў паліцэйскай камендатуры, каб кожны мог паглядзець на тое, што наканавана царазабойцам. Але большасць з тых, хто праходзіў побач, гледзячы на твар Ігната Грынявіцкага, бачылі толькі адно: нават валадара вялікай імперыі можна забіць — ён усяго толькі чалавек.

Ці быў сэнс у самаахвяраванні Ігната Грынявіцкага?

Ігнат Грынявіцкі памёр, але яго ўчынак натхніў на радыкальныя дзеянні іншых людзей. Напрыклад, у 1887 годзе, у той жа дзень 1 сакавіка, суполка маладых людзей пад кіраўніцтвам Аляксандра Ульянава (брата будучага вядомага нам рэвалюцыянера Уладзіміра Леніна) здзейсніла няўдалы замах на наступнага цара, Аляксандра ІІІ. І за гэта таксама ўдзельнікі суполкі былі асуджаныя на смерць.

Але ці атрымалася ў Ігната Грынявіцкага тое, у што ён верыў і на што разлічваў? Як адзначае Васіль Герасімчык, не атрымалася.

Расійская Імперыя не развалілася. Смерць Аляксандра ІІ, наадварот, прывяла да нарастання рэакцыі. Рэформы, якія рыхтаваў Ларыс-Мелікаў, былі згорнутыя. 

Месца забойства Аляксандра II Ігнатам Грынявіцкім, сучасны выгляд. Фота Міколы Нікалаева

Тым не менш, постаць Ігната Грынявіцкага застаецца знакавай з трох прычын.

Грынявіцкі паказаў, што нават «маленькі чалавек» здольны ўплываць на ход сусветнай гісторыі. Застаецца адкрытым пытанне: як развівалася б Расійская імперыя, калі б Аляксандр ІІ не загінуў? Магчыма, рэформы працягнуліся б, і імперыя ўвайшла б у ХХ стагоддзе ў іншым выглядзе. Не выключана таксама, што ў такім выпадку не адбылася б і бальшавіцкая рэвалюцыя.

Разам з тым гэты выпадак дэманструе і марнасць нават самых прывабных ідэй. Разлік на тое, што забойства лідара прывядзе да краху ўсёй сістэмы, не апраўдаўся: замест перамен наступіла ўзмацненне рэакцыі.

Учынак Ігната Грынявіцкага паўплываў і на наступныя пакаленні. Ён стаў прыкладам, які прымусіў многіх рэвалюцыянераў шукаць іншыя шляхі дзеяння. Менавіта такія пошукі прывялі, у прыватнасці, да з’яўлення бальшавіцкай стратэгіі. Пэўны ўплыў гэтая постаць мела і на беларускі нацыянальны рух, дзе Грынявіцкага часам ставяць у адзін шэраг з Кастусём Каліноўскім і Францішкам Багушэвічам як сімвалічныя фігуры, што натхнялі наступныя пакаленні на грамадскую і палітычную дзейнасць.

Каментары5

  • ФСБ патрабуе ад Беларускіх гісторыкаў- мастакоў выбачэння за ВКЛ
    26.03.2026
    Гісторык , маскоўскі ФСБ патрабуе ад Беларускіх гісторыкаў- мастакоў публічных выбачэння НА КАЛЕНАХ, за ВКЛ, Полацкае Княства, Каліноўскага, etc. за тое што мы Літвіны - Беларусы з маскоўскай мовай прыходзе вялікая імперская торба (пушкін, слажніцын , шаман, казкі пра партызанаў і гд ) дзе мы Беларусы - Літвіны не існуём нават . Калі не жадаеш быць болей маскоўскім васалам (служкай ), паглядзі лекцыю Эву Томпсан ў ЮТ ці кнігу яе знайдзі , сёння гэта не цяжка . Лукашэнкі лепшы варыянт на сёння , ў нас васальныя адносіны з маскоўскай імперыяй падтрымліваюць 80% Грамадзян Беларусі , глядзім на колькасць Беларусаў ў Беларускіх клясах, асабіста першыя клясы. Глядзім на імёны дзетак, слухаем цояў , глядзім лайно на асфальце да нашу маскоўскамоўную інтэлігенцыю накшталт Аляксеевіч. Нашы ва уладзе эліты спяваюць спевы служак Маскоўскаму хану (як Кадыраў) , няхай спяваюць , затое ў нашых дзяцей Безумоўна Будзе шанс ... Маскоўскай імперыі не доўга засталося
  • HDD
    26.03.2026
    Гісторык , дык напісана так. Ці то яны ўжо пасля камента выправілі?
  • Foge
    26.03.2026
    Гісторык , дык у самым пачатку напісана пра тое, кім сябе Грынявіцкі лічыў. Ці каментар аўтаматам бот-літвін піша?

Цяпер чытаюць

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме4

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме

Усе навіны →
Усе навіны

Шрайбман пра з'яўленне Мельнікавай у Мінску: Ёй далі права жыць сваім жыццём12

Электрабум у Беларусі: Белстат расказаў, як за год вырасла колькасць электрамабіляў у беларусаў1

Электробус выехаў на ходнікі каля станцыі метро ў Мінску4

ЗША і Ізраіль 4‑5 дзён не будуць імкнуцца ліквідаваць двух высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў дзеля перамоваў

Лукашэнка, які вечна незадаволены беларусамі, пахваліў паўночнакарэйскі народ5

ЗША ўжо запланавалі наземную аперацыю ў Іране1

«Яе вывелі з Польшчы». Былая афіцэрка Агенцтва ўнутранай бяспекі — пра тое, што Мельнікава знайшлася24

Лукашэнка і Кім Чэн Ын заключылі дамову аб дружбе і супрацоўніцтве1

Трамп: Іранскія перамоўшчыкі ў ЗША баяцца, што іх заб’юць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме4

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць