Ці можа педагог выгнаць школьніка з урока, калі на яго няма ўправы? У Міністэрстве адукацыі адказалі
Настаўнікам назвалі шэсць дазволеных метадаў дысцыплінавання вучняў, піша «Настаўніцкая газета».

Сітуацыя: на ўроку дзіця дрэнна сябе паводзіць, замінае іншым. Ці мае настаўнік права выставіць яго за дзверы? У Міністэрстве адукацыі адказалі: не, не мае.
У ведамстве спаслаліся на Кодэкс аб адукацыі: кожны вучань мае права на атрыманне адукацыі, а таксама на павагу да іх гонару і годнасці і абарону ад любых форм гвалту.
Акрамя таго, падчас навучальнага працэсу павінна забяспечвацца іх бяспека. Педагогі абавязаны працаваць на прафесійным узроўні, выконваць этычныя нормы і паважаць вучняў.
А як караць парушальніка? У ведамстве назвалі і дазволеныя спосабы, і поўныя забароны.
Што нельга рабіць настаўніку ні пры якіх абставінах?
Выганяць дзіця з урока (настаўнік адказвае за яго бяспеку, пакуль той у школе).
Крычаць, абражаць, прыніжаць.
Забіраць асабістыя рэчы (тэлефон, навушнікі).
Не пускаць у клас праз спазненне або адсутнасць формы.
А што можна?
Калі заўвагі не працуюць, у настаўніка ёсць законныя інструменты.
Зафіксаваць парушэнне — зрабіць запіс у электронным або папяровым дзённіку, напісаць дакладную на імя дырэктара або завуча.
Падключыць бацькоў — адправіць ім пісьмовы зварот, запрасіць на гутарку з класным кіраўніком.
Паклікаць школьных псіхолагаў або сацпедагогаў.
Ужыць дысцыплінарныя меры — калі гэта прапісана ва ўставе школы, вучню могуць аб'явіць заўвагу або вымову. Але гэта ўжо праз адміністрацыю, а не асабіста настаўнікам.
Змяніць падыход на ўроку — правесці не нудную лекцыю, а гульню, спаборніцтва або семінар, каб пераключыць увагу класа.
Зразумець прычыну дрэнных паводзін — часам дапамагае індывідуальная гутарка і пахвала за поспехі, а не толькі пакаранні.
А калі нічога не дапамагае? У крайніх выпадках адміністрацыя школы прыцягвае інспекцыю па справах непаўналетніх і іншых спецыялістаў.
Каментары
Засталося яшчэ прапісаць, што настаўнік таксама мае на ўсё гэта права!