Ірына Слаўнікава будзе працаваць на рускамоўным праекце «Вот так»
Экс-палітзняволеная журналістка «Белсата» Ірына Слаўнікава далучаецца да рускамоўнай каманды «Вот так» і будзе рабіць на праекце сваю праграму, піша «БАЖ».

Ірына Слаўнікава распавяла вядоўцу ранішняга эфіру «Вот так» Тэнгізу Адамія пра сваю творчую задуму: расказаць аўдыторыі, «перадусім рускамоўнай, пра Беларусь, якая для многіх застаецца такой terra incognita».
«Здаецца, пра яе ўсе ўсё ведаюць, але не ведаюць самых важных дэталяў: што беларусы — гэта не расіяне, што беларуская мова ў Беларусі — гэта зусім не руская мова, што ў нас, у беларусаў, іншы менталітэт, свае каштоўнасці, свае асаблівасці, — сказала Ірына Слаўнікава. — І хочацца проста пазнаёміць людзей з Беларуссю такой, якой яна ёсць насамрэч, а не такой, якой яе паказваюць дзяржаўныя тэлеканалы. Бо гэта не нейкі «сосуд стабильности». Канешне, мы краіна тысячы рэк і азёр, але не ўсё ў нас так добра, не ўсё так светла, не ўсё так цудоўна».
Падрабязнасці — назву праграмы, яе час, фармат, рэгулярнасць і іншае — Ірына Слаўнікава пакуль не разгалошвае.
Чаму Слаўнікава не працягвае працу на беларускамоўным «Белсаце», за супрацоўніцтва з якім яна і была асуджана, не паведамляецца.
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў кастрычніку 2021 года. Гомельскі абласны суд 3 жніўня пакараў журналістку 5 гадамі калоніі. 11 верасня 2025 года Слаўнікава трапіла ў лік 52‑х вызваленых палітвязняў.
-
Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі лагодны прысуд
-
Латушка пра магчымасць вайны ў Беларусі: Гэта ж вар'яцтва, не ўяўляю, як крамлёўская прапаганда будзе тлумачыць гэта
-
«Да канца года, спадзяюся, зможам рэалізаваць адну-дзве рэчы». Бабарыка — пра свой новы праект і беларускую мову
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары