Свет11

Урад Італіі вырашыў забараніць мусульманскія буркі ў школах

«У школы трэба прыходзіць з адкрытым тварам», — сказала прэм'ер-міністарка Джорджа Мелоні.

Джорджа Мелоні. Фота: Pier Marco Tacca/Getty Images

Урад Італіі ўхваліў забарону на нашэнне ў школах мусульманскай буркі і нікаба, а таксама абмежаваў долю вучняў, якія недастаткова добра валодаюць італьянскай мовай, у класах — яна не павінна перавышаць 30%, піша Бі-бі-сі.

Прэм’ер-міністр Джорджа Мелоні назвала гэтыя меры «разумнымі крокамі, якія не раз’ядноўваюць, а сапраўды дапамагаюць інтэграцыі».

«У школу трэба прыходзіць з адкрытым тварам», — заявіла Мелоні, абвяшчаючы пра планы ўрада ў нядзелю.

Яна дадала, што ніхто не мае права вырашаць за дзяўчыну, што яна павінна хаваць твар, спасылаючыся на традыцыі.

Міністр адукацыі Джузэпэ Вальдзітара заявіў, што ўстаноўлены ліміт мае «выключна моўны», а не грамадзянскі характар. Забарону на нікаб і бурку ён прадставіў як меру, накіраваную на забеспячэнне гендарнай роўнасці.

Забарона датычыцца буркі і нікаба, якія закрываюць твар, але не хіджаба, які пакідае твар адкрытым. Нікаб закрывае твар, за выключэннем абсягу вакол вачэй, і звычайна носіцца разам з хусткай. Бурка — суцэльнае адзенне, якое закрывае твар і цела; у абсягу вачэй звычайна знаходзіцца сеткаватая ўстаўка.

Віды жаночых мусульманскіх строяў: хіджаб (злева), нікаб (у цэнтры) і бурка (справа). Getty Images

Паводле дадзеных даследчага цэнтра Fondazione ISMU, вучні без італьянскага грамадзянства складаюць 11,6% усіх школьнікаў краіны. Правіла аб 30%-м ліміце будзе прымяняцца па-рознаму ў залежнасці ад ступені навучання.

У пачатковай школе яно будзе тычыцца дзяцей без італьянскага грамадзянства, якія нарадзіліся за межамі краіны або не наведвалі дзіцячы сад як мінімум два гады. У сярэдняй і старэйшай школе — вучняў без італьянскага грамадзянства, якія не скончылі паспяхова навучанне ў італьянскай сістэме адукацыі як мінімум на працягу трох гадоў.

Мясцовыя органы кіравання адукацыяй павінны будуць больш раўнамерна размяркоўваць вучняў з недастатковым веданнем італьянскай мовы паміж найбліжэйшымі школамі. Там, дзе гэта немагчыма, прадугледжаныя выключэнні і дадатковыя заняткі па італьянскай мове. Як выказаўся Вальдзітара, мэта гэтай меры — пазбегнуць з’яўлення так званых «класаў-гета».

Законапраект таксама тычыцца бацькоў школьнікаў.

Паводле дадзеных інфармацыйнага агенцтва Ansa, школы будуць абавязаныя паведамляць у сацыяльныя службы пра выпадкі, калі ўстойлівы моўны бар’ер у бацькоў або іншых асоб, якія нясуць бацькоўскую адказнасць, перашкаджае інтэграцыі дзіцяці. Пры гэтым бацькам прапануюць бясплатныя курсы італьянскай мовы.

Апазіцыя лічыць, што новыя меры прадыктаваныя хутчэй палітычнымі меркаваннямі, чым інтарэсамі школ. Яе прадстаўнікі абвінавачваюць урад Мелоні ў спробе заігрываць з Раберта Ваначы — генерал у адстаўцы, які ўзначальвае ультраправую партыю Futuro Nazionale («Нацыянальная будучыня») і ўспрымаецца як пагроза для правага флангу кіроўнай кааліцыі.

Каментары1

  • Неталерантны правы белы маскуліст
    25.09.2026
    Даўно пара!

Цяпер чытаюць

Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка10

Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка

Усе навіны →
Усе навіны

Іван Краўцоў расказаў, дзе цяпер працуе10

Пра што Святлана Ціханоўская гаварыла ў Нью-Ёрку з Білам Клінтанам4

Беларусы з немаўлём згубілі пашпарты па дарозе ў Стамбул

«Потым будзем успамінаць Прыгожына як героя». Хакеры апублікавалі меркаваную перапіску Бабіча і Пяскова4

У Беларусі выпусцілі марожанае са смакам халадніка8

Музыка Алесь Чумакоў расказаў, як яго спрабаваў завербаваць ветлівы беларускамоўны хлопец з КДБ26

19 вайскоўцаў з Казахстана забрала хваляй падчас вучэнняў у Каспійскім моры7

Бацьку расійскага хакеіста НХЛ задзёр мядзведзь16

Памерла Ірэна Барадзюля

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка10

Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць