Свет

Каля Белага дома затрымалі венесуэльца са зброяй. Галасы нібыта загадвалі яму забіць Трампа

Каля Белага дома ў Вашынгтоне супрацоўнікі Сакрэтнай службы ЗША затрымалі ўзброенага мігранта з Венесуэлы. У ягоным пікапе, які, паводле звестак уладаў, быў скрадзены, знайшлі некалькі відаў агнястрэльнай зброі і дзясяткі патронаў, піша NBC News.

Фота: U.S. Department of Homeland Security

У Міністэрстве ўнутранай бяспекі ЗША заявілі, што мужчына расказаў пра галасы ў галаве, якія нібыта загадвалі яму прыехаць у Вашынгтон і забіць прэзідэнта Дональда Трампа.

Як паведамляе NBC News са спасылкай на судовыя матэрыялы, 26‑гадовы Роні Ёрдрыкс Гуаніпа Чрынас спаў у прыпаркаваным пікапе Ford F-150 на Канстытуцыйнай авеню. Увечары 5 лістапада да яго падышоў патрульны Сакрэтнай службы, які хацеў пераканацца, што з мужчынам усё ў парадку.

На пытанне, ці ёсць у яго зброя, венесуэлец кіўнуў і паказаў пальцамі жэст, які нагадваў пісталет. Праз Google Translate ён патлумачыў, што хоча здаць зброю ўладам. Паводле яго слоў, ён меў яе пры сабе, бо нехта спрабаваў яго забіць, і яму давялося адабраць зброю ў нападнікаў. Мужчына сцвярджаў, што яна знаходзіцца ў карычневай сумцы.

Фота: U.S. Department of Homeland Security

Ён таксама паведаміў, што набыў зброю прыкладна месяц таму, жыве ў машыне, а пікап яму пазычыў начальнік. Аднак, паводле тэлеканала Fox 5 DC, гэты аўтамабіль быў скрадзены ў Паўднёвай Караліне.

Пра галасы, якія нібыта загадвалі яму забіць прэзідэнта, затрыманы, паводле версіі Міністэрства ўнутранай бяспекі, расказаў супрацоўнікам Сакрэтнай службы падчас размовы. Пры гэтым у судовых дакументах такіх ягоных слоў няма, звяртае ўвагу ABC News.

Падчас агляду пікапа знайшлі вінтоўку тыпу AR-15, пісталет-кулямёт MAC-10, пісталет Glock 43X і дзясяткі патронаў.

У сакавіку 2024 года Гуаніпа Чрынас незаконна перасёк мяжу ЗША праз штат Тэхас і быў затрыманы памежнай службай. Аднак, як сцвярджае Міністэрства ўнутранай бяспекі, адміністрацыя Джо Байдэна пасля гэтага яго адпусціла. 

Затрыманаму выставілі абвінавачанні ў крадзяжы, атрыманні крадзенай маёмасці, незаконным выкарыстанні аўтамабіля, нашэнні пісталета без ліцэнзіі, а таксама ў шэрагу іншых злачынстваў, звязаных са зброяй і боепрыпасамі.

6 лістапада суд акругі Калумбія пастанавіў пакінуць яго пад вартай без права вызвалення пад заклад. У панядзелак мужчына павінен стаць перад федэральным судом. Пракуратура пакуль вывучае доказы, паведаміла крыніца NBC News у праваахоўных органах. Ці ёсць у затрыманага адвакат, невядома.

Дырэктар Сакрэтнай службы Шон Каран заявіў, што гэты выпадак сведчыць пра небяспечную сітуацыю, бо да Белага дома працягваюць прыбываць узброеныя людзі. Паводле яго слоў, супрацоўнікі службы падрыхтаваныя да падобных здарэнняў і ўпэўненыя ў сваіх дзеяннях, аднак іх непакоіць рост колькасці пагроз.

Каран паабяцаў, што Сакрэтная служба будзе больш актыўна выяўляць людзей, якія могуць пагражаць асобам пад аховай, каб спыняць іх яшчэ да таго, як яны дабяруцца да Вашынгтона. Кіраўнік Міністэрства ўнутранай бяспекі Маркуэйн Малін падзякаваў супрацоўнікам службы і адзначыў, што мігранта затрымалі да таго, як ён паспеў камусьці нашкодзіць.

Гэта не першы падобны выпадак за апошнія месяцы. У красавіку ўзброены Коўл Томас Ален, як мяркуецца, спрабаваў прарвацца на вячэру Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома ў гатэлі Washington Hilton.

У маі 21‑гадовы Насір Бест адкрыў агонь каля кантрольна-прапускнога пункта Белага дома і быў застрэлены супрацоўнікамі аховы. Акрамя таго, у 2024 годзе на Дональда Трампа двойчы рабілі замахі: падчас перадвыбарчага мітынгу ў Батлеры і на тэрыторыі ягонага гольф-клуба ў Фларыдзе.

Каментары

Цяпер чытаюць

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»14

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»

Усе навіны →
Усе навіны

49‑гадовага лесніка з радзімы Лукашэнкі з двума дзясяткамі судзімасцяў узялі ў палон ва Украіне4

У МУС пракаментавалі справу віцебскага вядучага, які небяспечна пажартаваў на закрытым мерапрыемстве9

У Веткаўскім раёне адкрылі рух па новым мосце праз Сож1

Цесця прынца Гары арыштавалі ў ЗША па падазрэнні ў захоўванні дзіцячай парнаграфіі

Сі Дзіньпін зладзіў у партыі чыстку, найбуйнейшую з часоў Культурнай рэвалюцыі5

Андрэй Пачобут едзе ў Львоў11

На сайце футбольнага клуба «Катавіцы» памянялі сцяг: чырвона-зялёны на нацыянальны беларускі6

Азаронак апраўдваецца, што яго расійскага госця з фразамі пра беларускі народ не так зразумелі25

Легендарная шашлычная «Ёлкі-Палкі» павінна ацалець падчас зносу прыватнага сектара на Арлоўскай у Мінску

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»14

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць