50 гадоў таму ўсё пачалося з аб'явы на школьнай дошцы: «Барабаншчык шукае музыкаў для стварэння гурта». Бона нават не хацеў ісці, бо быў старэйшы на два гады.

Роўна праз 50 гадоў пасля свайго ўтварэння гурт U2 вярнуўся ў Дублін, каб даць канцэрт у школе, дзе ўпершыню сустрэліся ўсе яго музыкі, піша Бі-бі-сі.
«Мы ўцяклі з лабараторыі, — заявіў Бона, калі квартэт выйшаў на сцэну, усталяваную ў школьным двары. — І як вам эксперымент?»
Калі U2 былі самым папулярным гуртом у свеце, дзяўчынак і хлопчыкаў з школы Mount Temple Comprehensive (ды, імаверна, і многіх іх бацькоў) яшчэ і ў паміне не было.
Але цяперашнія вучні ўладкавалі музыкам ганаровы прыём, размахваючы плакатамі з надпісамі: «Я люблю U2», «Сёння цудоўны дзень — няма школы» і «Бона, мая мама перадае прывітанне!»
Гурт парадаваў іх падборкай песень з усяго свайго творчага шляху. Гучалі і I Will Follow, і Vertigo, і With or Without You, а таксама іх апошні сінгл Silencio.
Пакуль ішоў канцэрт, настаўнікі спрабавалі сачыць за дысцыплінай, спускаючы на зямлю тых, хто залазіў на плечы аднакласнікам, каб лепш разгледзець музыкаў.
Неўзабаве канцэртны драйв ахапіў і дарослых — яны таксама пачалі танцаваць.
Гледзячы з той самай сцэны, на якой U2 дэбютавалі са сваім першым канцэртам у 1978 годзе, Бона не змог стрымаць эмоцый. «Дзякуй за, э-э… Так… Я не… Вау», — сказаў фронтмэн, на імгненне страціўшы дар мовы.
Гісторыя гурта U2 пачалася ў тых самых класах і калідорах пяць дзесяцігоддзяў таму, калі 14‑гадовы Лары Мален-малодшы прымацаваў да школьнай дошкі аб’яў рукапісную запіску: «Барабаншчык шукае музыкаў для стварэння гурта».
Праслухоўванне адбылося праз некалькі дзён, 25 верасня 1976 года, на кухні ў бацькоў Лары.
Сярод поўных надзеі «ізгояў», як называў іх школьны сябар Фрэнк Кірнс, былі Бона, Эдж і Адам Клейтан, які прыйшоў у доўгай дублёнцы.
Спачатку гурт называўся Feedback, затым — The Hype.
Але сусветная слава прыйшла да іх, калі яны, змяніўшы назву на U2, ператварыліся з кучкі няголеных панкаў у рок-тытанаў, якія выступалі на стадыёнах. Іх грандыёзныя ідэі і гучныя гімны прыцягнулі мільёны прыхільнікаў і амаль столькі ж крытыкаў.

У інтэрв’ю BBC News Мален прызнаўся, што тая самая аб'ява пра пошук удзельнікаў з самага пачатку было ідэяй яго бацькі.
«Я граў адзін, у сябе дома, і мой бацька быў мною расчараваны, — кажа ён. — Я не вельмі добра спраўляўся з многімі рэчамі, і ігра на барабанах была адной з іх. Таму, думаю, ён праз сваё расчараванне сказаў, што мне варта паспрабаваць граць з іншымі людзьмі».
«І, на жаль, — дадае Бона, — ён знайшоў нас траіх».
Бона, якога тады ўсе ведалі як Пола Х’юсана, насамрэч думаў прапусціць праслухоўванне. Ён быў на два гады старэйшы за астатніх і баяўся выглядаць недарэчна.
«Я б не стаў тусавацца з другім класам (старэйшай школы, аналаг 9‑га класа), ды яшчэ і з такімі прыгажунамі», — кажа ён.
Урэшце яго сябар Рэджы Мануэль пераканаў яго пайсці і нават падвёз яго на сваім старым, раздзяўбаным матацыкле.
«Я магу пераканаць сябе, што гэта быў «Харлей», — жартуе спявак, — але насамрэч гэта была Yamaha DX100».
Першая рэпетыцыя гурта выглядала не надта шматабяцальна. Размоў было больш, чым музыкі.
Клейтан, басіст, які не ўмеў граць на бас-гітары, быў абраны толькі таму, што ў яго былі «самыя крутыя валасы».
А Бона, які хацеў быць гітарыстам, не ўзяў з сабой гітару.
«Я ніколі не ладзіў з абсталяваннем, — успамінае ён. — Насіць яго, распакоўваць — усё гэта».
Тым не менш ужо тады з’явіліся прыкметы таго, што гурт прыцягне цэлую армію адданых прыхільнікаў. У сярэдзіне рэпетыцыі група крыклівых дзяўчат паспрабавала пералезці праз садовую сцяну.

Для Клейтана менавіта гэты момант стаў вырашальным.
«У Лары ўжо быў фан-клуб, і мы падумалі: «Ну, раз у яго ёсць фан-клуб, то гэта выглядае нядрэнна. Можа, калі мы будзем тусавацца з гэтым хлопцам, то раскруцім гэта яшчэ лепш»».
Мален, які заўсёды быў стойкім маральным арыенцірам гурта, не быў уражаны гэтым уварваннем.
«Наколькі я памятаю, Лары Мален абліў фанатак са шланга», — смяецца Бона.
«Не ведаю, што на мяне найшло», — грымаснічае барабаншчык і спрабуе сцвярджаць, што абліванне «было актам дабрыні і любові, таму што быў гарачы дзень».
«Ім гэта спадабалася, — пратэстуе ён. — Гэта было ў жарт».
Бона ўступае ў размову, каб выратаваць сябра ад няёмкасці… Ну, у пэўным сэнсе.
«З таго часу гэта стала гісторыяй нашага жыцця. Ён нават не хоча мець прыхільнікаў, але нам яны цалкам падабаюцца».
Менавіта з той нестройнай кампаніі на кухні дома на Розмаунт-авеню гурт U2 ператварыўся ў самы папулярны рок-гурт у свеце.
Такія песні, як With or Without You, One і Beautiful Day, заўсёды гучалі велічна і ў той жа час асабіста; іх сілай былі каскадныя гітарныя партыі Эджа і тэксты Бона, якія, нягледзячы на прапаведніцкі пафас, прасякнутыя верай у чалавечнасць.

У 1990‑я гады яны здзейснілі стылістычны паварот, звярнуўшыся ў альбомах Achtung Baby, Zooropa і Pop да электронікі, танцавальнай музыкі і іроніі.
Па ходзе справы яны з турам Zoo TV, сцэна якога была да адмовы запоўненая мультымедыйнымі экранамі і спадарожнікавымі трансляцыямі, вярнулі жыццё стадыённаму року.
А Бона кожную ноч тэлефанаваў у Белы дом з пранк-званкамі.
Эдж, сапраўднае імя якога Дэйв Эванс, тлумачыць даўгалецце гурта адсутнасцю фармальнай музычнай адукацыі.
«У пэўным сэнсе абмежаванасць гурта стала для нас пуцяводнай зоркай, — тлумачыць ён. — Мы знаходзімся ў такім становішчы, калі з музычнага пункту гледжання ніколі не ведаем, што адбудзецца далей. Усё можа разваліцца, а можа ператварыцца ў нешта незвычайнае. У гэтым і ёсць прыгажосць U2».
Вярнуўшыся на сцэну ў Маунт-Тэмпл, Бона выказаў падзяку сваёй альма-матэр за тое, што яна дазволіла гурту развівацца.
Ён казаў, што менавіта дзякуючы падтрымцы настаўнікаў яны зразумелі: «Усё, што нам было патрэбна, магчыма, знаходзілася побач, проста ў нас пад нагамі».
Ён прысвяціў гэты выступ школьнаму дарадцу Джэку Хізліпу, які пазней ператварыўся ў «вандроўнага прапаведніка» падчас гастроляў гурта. У 2015 годзе Хізліп памёр ад бакавога аміятрафічнага склерозу.
U2 завяршылі выступ аркестровай аранжыроўкай песні One. У гэтым ім дапамагалі вучні ірландскай адукацыйнай праграмы Music Generation, якую музыкі гурта дапамаглі заснаваць і фінансаваць 15 гадоў таму.
Некалькімі гадзінамі раней гурт анансаваў свой 16‑ы студыйны альбом Carnaval de Luz, які выйдзе ў лістападзе.
Гэта працяг выпушчанага ў лютым гнеўнага і гарачага міні-альбома Days of Ash, у якім закраналіся тэмы, што траплялі ў загалоўкі навін: забойствы, здзейсненыя ў ЗША іміграцыйнай паліцыяй (ICE), вайна ва Украіне і ізраільска-палесцінскі канфлікт.
У красавіку за ім выйшаў больш стрыманы міні-альбом Easter Lily, а Carnaval de Luz завяршае гэтую гісторыю. Эдж ахарактарызаваў яго як «хаатычную, правакацыйную, сакральную калекцыю песень», а Бона паабяцаў «гучныя гітары, глыбокі бас і экстатычныя рытмы».
Завяршае 12‑трэкавы альбом песня Torn, суаўтаркай якой выступіла Долі Партан; гэта быў апошні запісны выступ гэтай зоркі кантры перад яе смерцю ў жніўні.
У прэс-рэлізе гэты трэк апісваецца як «пяшчотная кантры-песня пра разарваныя сямейныя сувязі, якую зразумеюць многія».
-
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
-
Мікіта Найдзёнаў запусціў новы праект для аўдыторыі 30+
-
«Дагэтуль шкадую, што не стала лекарам». Пагутарылі са Святланай Бень пра новы альбом, жыццё ў Берліне, «чорныя спісы» і справядлівасць
Цяпер чытаюць
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
Каментары