Шаўцова і Гуцэрыева афіцыйна выключылі з санкцыйнага спісу Еўрасаюза
Рада Еўрапейскага саюза афіцыйна выключыла расійскага бізнэсмена Міхаіла Гуцэрыева і беларускага прадпрымальніка Віктара Шаўцова са спісу асоб, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі.

Адпаведны выканаўчы рэгламент Рады ЕС быў прыняты 13 кастрычніка, а на наступны дзень ён апублікаваны ў Афіцыйным часопісе Еўрасаюза і набыў моц.
З санкцыйнага спісу, які вядзецца ў межах рэгламенту Рады ЕС № 765/2006, выдалілі дзве пазіцыі: № 125, у якой значыўся Гуцэрыеў, і № 258 — Шаўцоў.
Рашэнне прынялі пасля ацэнкі адпаведных абставін па прапанове вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі. Неафіцыйна пра выключэнне бізнэсменаў са спісу санкцый паведамлялася яшчэ 6 кастрычніка.
Падставай для гэтага сталі адпаведныя рашэнні Агульнага суда Еўрапейскага саюза ў Люксембургу. 13 мая стала вядома, што суд скасаваў рашэнне Рады ЕС аб падаўжэнні ў 2025 годзе санкцый супраць Гуцэрыева.
Суд прыйшоў да высновы, што на момант абнаўлення санкцыйнага спісу ў 2025 годзе Рада ЕС не мела дастатковых і актуальных доказаў таго, што Гуцэрыеў падтрымліваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Каментары