«Параўнала цэны з польскімі — ашалела». Як айцішнік працуе ў Грэцыі, дзе няма ксенафобіі, спешкі і амаль айцішкі
Як уладкавана ІТ-індустрыя ў Грэцыі? Ці лёгка знайсці ў ёй працу замежніку з добрай англійскай, але з нулявой грэцкай? І чым добры грэчаскі падыход да жыцця, які часам моцна раздражняе?

Пра плюсы, мінусы і падводныя камяні ІТ-эміграцыі ў краіну, якую астатнія вывучаюць у адпачынках, расказвае Senior QA Engineer [старшы інжынер па тэсціраванні праграмнага забеспячэння] Вераніка (імя змененае]). ІТ-кар'ера дзяўчыны пачалася ў Беларусі, а цяпер яна працуе ў грэцкім офісе транснацыянальнай прадуктовай кампаніі са штаб-кватэрай у ЗША, піша Devby.io.
«Працу шукала такую, каб заробак быў не ніжэйшы, чым у Беларусі»
— Да таго, як пераехаць у Грэцыю, вы там ужо бывалі?
— Не, трапіла ўпершыню.
— Але нейкія чаканні ад гэтай краіны, напэўна, былі?
— Ведаеце, я заўсёды хацела пераехаць на мора. І вось атрымалася.
— Краем вуха мы чулі пра офіс EPAM у Афінах. Але агулам, калі гаворка заходзіць пра мігрантаў-беларусаў у Грэцыі, думаеш хутчэй пра турбізнэс, чым пра ІТ. А як вы туды патрапілі?
— Адразу скажу: я нікуды не рэлакавалася. Калі я сюды прыехала, я яшчэ працавала ў іншай кампаніі са штаб-кватэрай у Германіі (у мінскім офісе). І спачатку ў мяне была гэтая ж праца, толькі аддаленая. А ў Грэцыю я прыехала таму, што мой муж, тады яшчэ будучы, — грэк. Ён, дарэчы, таксама айцішнік, з вялікім досведам працы.
Неўзабаве пасля пераезду мы спынілі адносіны з маёй папярэдняй кампаніяй: там былі масавыя скарачэнні, пад якія трапіла прыкладна чвэрць супрацоўнікаў па ўсіх офісах. Кампенсацыю заплацілі дастаткова добрую, за тры-чатыры месяцы наперад.
І я занялася пошукамі працы на тутэйшым рынку. Усё гэта заняло шмат часу.
У Грэцыі ёсць дзве галіны, якія прыносяць вялікія грошы: турыстычны бізнэс і shipping, марское суднаходства. А вось ІТ-рынак даволі слабы.
Вядома, тут, як у краіне Еўрасаюза, ёсць офісы буйных міжнародных кампаній. Але буйных грэцкіх ІТ-кампаній, як у Беларусі, тут няма. І інжынеры тут (можа, мяне потым за гэта памідорамі закідаюць) не нашага ўзроўню. Толькі ў вельмі буйных кампаніях тут будуць такія добрыя спецыялісты. Карацей, Грэцыя зусім не завостраная пад ІТ-галіну. Няма ў іх такой неабходнасці.
Удадатак мой пераезд прыпаў якраз на пачатак масавых скарачэнняў. І ўся гэтая справа зацягнулася.
Але часу я не губляла. Скончыла каля пяці курсаў па розных кірунках.
— А працу шукалі менавіта ў QA?
— У QA, у аўтаматызацыі, у сферы HMI. У працэсе пошуку ў мяне былі прапановы, якія я не прымала па розных прычынах. Якіх? Напрыклад, мой заробак тут павінен быў быць не ніжэйшым, чым у Беларусі.
— Былі і такія прапановы?
— Так. Я ведаю, што гэта нармальная сітуацыя для краін цэнтральнай Еўропы, калі заробак тэхнічных спецыялістаў асабліва і не адрозніваецца ад сярэдніх заробкаў у таксі, на складзе, дзесьці яшчэ. У мяне ёсць знаёмыя ў Польшчы, там гэта 1300‑1500 еўра. У Германіі ўсё тое ж самае, але на ўзроўні каля 3000 еўра і ў тых, і ў тых.
У Грэцыі тэхнічны персанал цэніцца крыху вышэй за звычайных работнікаў, але не асабліва. Медсястра, настаўнік будуць атрымліваць прыкладна тое ж самае. Ну, можа быць, айцішніку дадуць крышачку больш. У Беларусі гэта ўсё зусім па-іншаму. Прынамсі, было.
— Як шукалі працу?
— Праз LinkedIn. Ведаю, што людзі адсылалі па 200-300‑500 водгукаў на вакансіі і маглі не атрымаць адказаў, але ў мяне з адказамі ад HR усё было нядрэнна. Думаю, гэта якраз таму, што сектар QA тут наогул слаба развіты, такіх спецыялістаў мала, а тыя, што ёсць, не асабліва моцныя.
Дадам, калі б я сядзела наогул без грошай — я б знайшла працу хутка, у тым жа турызме тут вельмі шмат месцаў. Але ў мяне была асабістая падушка бяспекі і будучы муж. Але тут самі разумееце, сітуацыі ў жыцці розныя бываюць — сёння муж, заўтра не муж. Больш я разлічвала на сябе.
— Муж не дапамагаў у пошуках?
Ён працуе ў іншай кампаніі, якая займаецца паромнымі перавозкамі паміж астравамі, якія ў Грэцыі вельмі развітыя. На той момант ён быў вядучым праграмістам. І, вядома, прапаноўваў мне паспрабаваць уладкавацца ў гэтую кампанію. Але такая справа — у іх там наогул няма QA.
— Добрай англійскай для працы ў Грэцыі дастаткова?
— Так, мясцовых кампаній жа асабліва і няма. Офісы ў іх у Афінах, а менеджары сядзяць у Вялікабрытаніі ці ў ЗША.
Адкрыта кажучы, я і не збіралася вучыць грэцкую ў той момант. Будучы муж са мной размаўляў на чыстай англійскай. Неяк я задала яму пытанне, ці трэба мне вучыць грэцкую. Ён адказаў: «Як хочаш».
Дарэчы, акрамя англійскай я добра ведаю нямецкую. І неяк у нас была думка пра тое, што з Грэцыі мы, магчыма, паедзем у Германію ці ў Швейцарыю — куды-небудзь, дзе тэхнічны сектар мацнейшы.
«Падаткі — 30% заробку», ДНЖ чакаць доўга
— Па якім трэку вы легалізоўваліся — як ІТ-спецыяліст ці як жонка?
— Як жонка. Прыехала я яшчэ па візе, пасля заключэння шлюбу мне далі temporary permit, такі часовы дакумент, які дазваляе легальна знаходзіцца ў краіне, працаваць, мець страхоўку ў чаканні ВНЖ.
Зрэшты, ёсць у Грэцыі і Digital Nomad Visa — на год. Калі ты ўладкаваны тут афіцыйна і плаціш падаткі, табе яе дадуць і будуць падаўжаць. Праўда, гэта не хуткі працэс.
З ДНЖ таксама ўсё доўга. Я чакаю яго ўжо больш за два гады. Наогул з гэтым temporary permit жыць можна. Банкаўскі рахунак, напрыклад, адкрылі мне.
— А вы можаце выязджаць, пакуль чакаеце ДНЖ?
— Нам казалі, што па temporary permit нібыта можна, але я пабойвалася. Таму, калі я ваязджала, зрабіла сабе грэцкую візу, каб катацца па ЕС. Сказала ў пасольстве: хлопцы, вы мне пакуль не даяце ВНЖ, дайце хаця б візу. Далі гадавую, з ёй магу выязджаць/уязджаць у Грэцыю.
— Якія ў Грэцыі падаткі?
Тут прагрэсіўная падатковая шкала, стаўка падатку залежыць ад сумы гадавога даходу. Для заробкаў, меншых за 10 000 еўра на год, гэта будзе 9% гадавых, а калі заробак перавальвае за 40 тысяч еўра, — ужо пад 40%. А калі даход яшчэ вышэйшы, падатак даходзіць амаль да 45%.
На пачатку 2026 года падатковая рэформа ў Грэцыі знізіла на 2 працэнтныя пункты падаходны падатак на даходы ў памеры ад 10 да 20 тысяч еўра (з 22 да 20%), ад 20 да 30 тысяч еўра (з 28 да 26%) і ад 30 да 40 тысяч еўра (з 36 да 34%). Таксама з'явілася новая прамежкавая ступень для даходаў ад 40 да 50 тысяч еўра (39%). Даходы звыш 60 тысяч еўра абкладаюцца падатком у 44%. Акрамя таго, цяпер моладзь ва ўзросце да 25 гадоў наогул не плаціць падаходны падатак, а работнікі ва ўзросце 26‑30 гадоў плацяць меншы падатак з сум ад 20 да 30 тысяч еўра (9% замест 20%).
А ёсць яшчэ сацыяльныя адлічэнні, называюцца EFKA. Калі ты ўладкоўваешся ўпершыню на працу, табе прысвойваюць нумар, з ім ты ідзеш у дзяржарганы, і на гэты нумар паступаюць твае ўзносы. Прыкладна 2/3 гэтых узносаў плаціць працадаўца, і 1/3 — работнік. Унёсак работніка — гэта каля 13% ад заробку.
EFKA пакрывае пенсійныя выплаты, дапамогу па беспрацоўі і медыцыну. У мяне ёсць і дзяржаўная медыцынская страхоўка, і прыватная, ад кампаніі. Яна пакрывае выдаткі да 30 000 еўра, па грэцкіх мерках не так ужо і шмат. А ёсць такія рэчы, якія прыватная страхоўка і не пакрые.
Напрыклад, ёсць такія французскія прэпараты, якія я прымала і ў Беларусі, але ў Беларусі іх не было. Па іх трэба было ездзіць у Маскву, і там мне рабілі гэтыя дастаткова дарагія ўколы. У Грэцыі ж, калі ты застрахаваны, доктар табе іх выпісвае, ты ідзеш у спецыяльную дзяржаўную аптэку і табе даюць гэты прэпарат коштам 400 еўра абсалютна бясплатна.
У выніку ты плаціш толькі доктару за працэдуру. Можа быць, 50 ці 100 еўра — але ўсё адно, эканомія прыстойная атрымліваецца. Гэта проста вельмі добры плюс.
— Заарыентуйце, колькі ў вас сыходзіць на падаткі і гэты грэцкі ФСАН на месяц?
Прыкладна 30% ад майго месячнага заробку.
«Кватэра на моры за 40 км ад Афін — удвая таннейшая»
— Арэнда дарагая?
— На рэсурсе Numbeo параўноўваюць кошт жыцця ў розных краінах, там пазначана, што жыццё ў Грэцыі даражэйшае адсоткаў на 20%. Але ад знаёмых у Польшчы я ведаю прыкладны ўзровень цэн на арэнду ў Варшаве. Я, дарэчы, і сама там нядаўна была і магла параўнаць цэны. Дык вось, ад польскіх цэн я проста здурэла. Разумею, што гэта выглядае дорага толькі на фоне Беларусі. Але вось знаёмы ў Варшаве плаціць за кватэру з двума спальнямі і гасцёўняй 1300 еўра. Калі чалавек адзін так жыве і выдаткі на кватэру ні з кім не дзеліць — не ведаю, як такое можна здымаць.
У Афінах, калі табе патрэбна жыллё для сям'і з дзецьмі (дзве спальні і гасцёўня), можна знайсці кватэру за 700‑800 еўра. Калі ты адзін і падыдзе студыя — яе можна знайсці за 500 еўра.
Так, гэта будзе не самы люкс, як усе хочуць. Але гэта будзе нармальная жылая кватэра. Ведаю людзей, якія здымаюць тут жыллё за 500‑600 еўра.
— А наколькі ў грэцкім ІТ распаўсюджаная дыстанцыйка?
— У іх тут такі рытм жыцця, што яны ўсё ніяк не пяройдуць на афлайн. Калі я шукала працу, на адным з сумоўяў мне прапаноўвалі працу з умовай два разы на тыдзень наведваць офіс. І я адмовілася, не змагу так часта прыязджаць, таму што жыву ў прыгарадзе.
Мы знялі там кватэрку класную, каб лета праводзіць на моры, за 40 км ад горада. Узімку жывём у кватэры мужа ў Афінах, а ўлетку з'язджаем на мора. І тут такая кватэра (гасцёўня + спальня) абыходзіцца ўдвая танней. Калі ў цябе ёсць свая машына, цалкам рэальна знайсці прыдатную арэнду ў раёне 400 еўра. Гэта ўжо з камуналкай (прыкладна 100 еўра). Камуналка і электрычнасць тут дарагія. Мацней за ўсё б'е па кішэні, як і бензін.
Мой муж, дарэчы, ездзіць на працу ў офіс тры разы на тыдзень, у іх з гэтым строга. А я ў выніку знайшла цалкам аддаленую працу. І так патрапіла, што ў маёй камандзе адзін чалавек з Турцыі, другі ўлетку з'язджае да сябе на востраў, былі і супрацоўніцы-беларускі — адна з Кракава, другая з Познані.
«Яны наогул не ксенафобы»
— Як наогул грэкі ставяцца да замежнікаў, калі разумеюць, што яны не турысты?
— Яны вельмі прыязныя. Наогул ніякай ксенафобіі, ніякага расізму, абсалютна. У нас ёсць суседка, жыве ў сваім доме, ёй 75 гадоў. Я дрэнна ведаю грэцкую, яна зусім не ведае англійскай, але гэта не перашкодзіла нам пасябраваць. Мы разумеем адна адну выдатна. Калі нейкіх слоў я не ведаю, падыходжу да яе з тэлефонам, уключаю Google Translate, і ўсё ў парадку. Але наогул тут вельмі шмат людзей ведаюць англійскую. Можа быць, не advanced, але з імі цалкам можна камунікаваць. Вось у Італіі, напрыклад, з гэтым была праблема. А тут яе няма.
Напрыклад, я хаджу тут у танцавальную школу. І там людзі, нават старэйшыя, без праблем размаўляюць са мной па-англійску. І выкладчык — нешта па-грэцку скажа, нешта па-англійску.
Калі назіраеш за грэкамі, хутка разумееш, што яны жывуць зусім у іншым тэмпе.
— На фоне іншых краін Еўропы, у якіх я пабывала, у мяне тут быў пэўны культурны шок. У нейкіх момантах ён у мяне ёсць і цяпер. Але з часам прыходзіць разуменне, што не трэба лезці кудысьці са сваім самаварам. Хочаш — не хочаш, а грэкі будуць паводзіць сябе так, як прывыклі гэта рабіць дзесяцігоддзямі. Не будуць дзеля цябе рухацца хутчэй ці павольней.
— Гэтая іх няспешнасць неяк перасякаецца з грэцкай ІТ-індустрыяй? Мясцовыя айцішнікі таксама марудлівыя?
Ёсць у іх такая асаблівасць, калі дыялог ператвараецца ў свайго роду тэатр. Калі пры размове трэба адчуваць чалавека, яго менталітэт. Але ў астатнім… Не буду казаць за ўсю грэцкую айцішку агулам, але ў той кампаніі, у якой я працую, чагосьці спецыфічнага не адчула.
Усе ўсё робяць у нармальным тэмпе. Таму што ў ІТ усё завязана на грошы. У іншых сферах, можа, і чухаюць паўдня патыліцы.
А вось, напрыклад, сіга-сіга ў мясцовай бюракратыі мне зусім не падабаецца. Гэта адзін з двух галоўных мінусаў Грэцыі для мяне — бюракратычная машына. Дарэчы, кажуць, што яна ўжо лепш працуе, таму што яны перайшлі на электронную сістэму, і цяпер ужо па вельмі многіх пытаннях (напрыклад, па падатках) не трэба хадзіць у муніцыпалітэт.
— А як камунікуеце з гэтымі павольнымі чыноўнікамі яшчэ і без грэцкай?
Безумоўна, дапамагаў муж, асабліва спачатку. Цяпер ужо я сама стараюся. Трэба было неяк адну паперку атрымаць, у дарослай такой жанчыны, якая не ведала англійскай. Але яна паклікала калегу сярэдніх гадоў, і тая без праблем са мной пагутарыла. Сярод іх абавязкова будзе чалавек, які зможа з табой пагаварыць і патлумачыць нешта па-англійску.
Ці вось нядаўна размаўлялі па тэлефоне з чыноўніцай з нагоды майго ДНЖ. Яна спакойна пыталася ў мяне па-англійску пра розныя дэталі, пра мой падатковы нумар і гэтак далей. Але калі там пачаліся нейкія нюансы, яна спакойна запытала: «Ці магу я працягнуць размову пра гэта з вашым мужам?» Я адказала — «Так, калі ласка». Так мы і працягнулі.
Яны наогул не ксенафобы. У гэтым плане ў Грэцыі ўсё добра.
— Вы сказалі, што галоўных мінусаў два. А які другі, пасля бюракратыі?
Тут дастаткова брудна. Мне гэта вельмі не падабаецца. Спажыванне вялікае, смецце выкідваюць і смецяць усюды. Шкада на гэта глядзець. Такі ападзенны лес, такое ападзеннае мора розных колераў! Перламутравае, блакітнае, смарагдавае, сіняе. І ты едзеш уздоўж мора, паўз сосны — і навокал усюды выкінуты пластык.
«Для мяне ўжо гэтыя людзі ў чымсьці бліжэйшыя, чым «свае»
— У Грэцыі вы знайшлі яшчэ беларусаў?
Тут ёсць і беларусы, і ўкраінцы. На поўначы горад Салонікі — так склалася, што там вельмі шмат рускіх. А яшчэ ёсць шмат пантыйскіх грэкаў, якія прыехалі сюды з Казахстана, Расіі. Трапляюцца рускамоўныя і на ўзбярэжжы, дзе мы праводзім лета. Не скажу, што я з імі сябрую — так, можам падысці адно да аднаго, павітацца, пагаварыць.
— А з кім кантактуеце, акрамя мужа?
Я займела кола стасункаў, звязанае з месцамі, у якія хаджу ў вольны час. Напрыклад, узімку я для здароўя наведваю басейн, саўну, спа, як рабіла гэта і ў Беларусі. Хаджу на танцы. І вось там кантактую — і з грэкамі, і з замежнікамі, і людзьмі змяшанага паходжання. З імі з усімі размаўляю па-англійску.
Чую людзей з нашага рэгіёна, але каб з кімсьці з іх у мяне завязалася сяброўства — такога няма. Я ўжо настолькі прывыкла да мясцовых, што для мяне ўжо гэтыя людзі ў чымсьці бліжэйшыя, чым «свае».
Большасць беларусаў, якія пабывалі ў Грэцыі, ведаюць яе як турысты. А што любяць у сваёй краіне самі грэкі? Куды вас вазіў муж, каб дамагчыся эфекту «вау»?
Грэкі вельмі любяць ездзіць у «свае» мясціны, адкуль яны родам. А ўвогуле гэта краіна, у якой сапраўды ёсць усё. Выглядае так, быццам ім больш нічога і не трэба, хоць некаторыя грэкі падарожнічаюць і за мяжу, напрыклад у Італію. Італьянцы — гэта іх суродзічы, як яны самі кажуць. Грэцкі лад жыцця вельмі падобны да італьянскага.
На поўначы Грэцыі ёсць высокія горы, самы глыбокі каньён у Еўропе і выдатныя гарналыжныя курорты. Узімку грэкі з задавальненнем туды ездзяць. А ўлетку — на астравы.
Мы былі на Крыце (Агіяс-Ніколаас, Рэцімна). На Крыце наогул вельмі шмат цікавага, трэба браць машыну і вандраваць. Вельмі класныя астравы ля заходняга ўзбярэжжа Грэцыі — Лефкас, Кефалонія, Корфу. Там колер вады сапраўды як на Карыбах.
Потым былі Кіклады з Сантарыні — гэта такія вулканічныя, камяністыя астравы. З чорным пяском, як на Канарскіх астравах. Самы фешэнэбельны з Кікладаў — Міканас, куды ездзіла тэнісістка Сабаленка са сваім жаніхом-грэкам. Туды, як і на Корфу, прыязджае заможная публіка.
На поўнач ад Афін ёсць вельмі класны востраў Скіятас у Спарадах. Яшчэ ездзілі на Пелапанес. Нафпліён — гэта проста візітная картка Грэцыі.
Вельмі шмат ёсць класных мясцін, гэта я далёка не ўсё пералічыла. Грэкі самі ўсё гэта таксама вельмі любяць, гэта не нейкая паказуха для турыстаў. Многія гараджане паходзяць з нейкіх астравоў, у іх там бабулі-дзяды і хаткі ля мора. І яны туды ездзяць на выходныя.
— Гэта як для мінчукоў лецішча дзе-небудзь у Радашковічах?
— Так, дакладна. Сябар майго мужа жыве ў Афінах, а бацькі ў яго на Закінфе. І лецішча там жа.
Транспартнае злучэнне іх таксама прыстасаваныя для такіх паездак. Ты сеў у машыну ў Афінах і з гэтай жа машыны выйшаў на сваім востраве. Таму што тут і дарогі выдатныя, і паромныя зносіны цудоўныя.
Я, дарэчы, хачу яшчэ пабываць на Радосе. Але туды плыць доўга, гадзін 9—10. Хачу менавіта на пароме на сваёй машыне, каб там не браць аўтамабіль напракат.
Каментары