Гісторыя33

Палітычны Багдановіч

Пра малавядомы твор Максіма Багдановіча піша Арсень Ліс

Творчасць Максіма Багдановіча, асабліва двух апошніх гадоў жыцця паэта, выразна адзначаная сталым трывожным роздумам над лёсам Беларусі. Не было ў тым нічога выпадковага — яны прыпалі якраз на час Першай сусветнай вайны з яе нялічанымі ахвярамі, непрадказальнымі наступствамі.

У гэты перыяд Беларусь, і ў тым, пэўна, яе гістарычная наканаванасць, на гады трапіла ў эпіцэнтр мілітарнага супрацьстаяння вялікіх дзяржаваў, затым у чараду акупацый, інтэрвенцый, сталася аб’ектам тактычных і стратэгічных планаў яе суседзяў.

З ініцыятывы інтэлігенцыі, пакліканы непасрэдна Аркадзем Смолічам, пазней знаным беларускім палітыкам, навукоўцам, восенню 1916 года Максім Багдановіч прыехаў у фактычна прыфрантавы Мінск. Паэт на ўласныя вочы ўбачыў, мог адчуць, у якую бяду-нядолю быў кінуты вайною яго народ. Праз горад няспынна цёк бясконцы паток бежанцаў. Уся Гродзеншчына і Віленшчына былі зрушаныя з месца, жыхарства іх ператварылася ў выгнанцаў, вымушаных уцекачоў. Гнаны валам франтоў на сялянскіх скрыпучых вазах, з дзецьмі, старымі, сціплым скарбам люд знябожана цягнуўся на Усход.

Уладкаваны сябрамі на службу ў Камітэт помачы ахвярам вайны, у штаце якога працавала гронка грамадзянска актыўнай беларускай інтэлігенцыі, Максім Багдановіч меў магчымасць уведаць фактычны, рэальны стан рэчаў з бежанствам як народным бедствам, грамадска-палітычнымі настроямі ў краі.

Паэт стаў жаданым госцем на імправізаваных вечарынах у народным клубе «Беларуская хатка». На адной з такіх вечарын, як успамінала іх удзельніца Апалінарыя Радкевіч, па просьбе-прадстаўленні А. Смоліча адбылася прэм’ера славутай «Пагоні». Зыходны трывожна-валявызачын-матыў «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…» паэт ператварыў у магутнае мастацкае сцверджанне беларускай нацыянальнай ідэі, яе непераможнасці. Роздум Максіма Багдановіча аб гістарычных шляхах Беларусі, яе будучыні, натуральна, набіраў розныя змест і форму выказвання ў слове.

У адных творах паэт катэгарычны, гарачлівы ў асуджэнні нечага істотнага ў беларускай мінуўшчыне, можна сказаць, у беларускім менталітэце:

    Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі,
    Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;
    Не сваю — чужую долю баранілі,
    Пад чужымі сцягамі ўміралі.

У вершы ж «Беларусь, Беларусь! Агнём імя тваё мне гарыць», прынамсі, у першай яго страфе адчуваецца прысутнасць у аўтара апанента, бо інакш адкуль у наступных радках імя радзімы-Беларусі?

    Страшным агнём у размове стаіць
    І грымотаю ў гнеў раздаецца.

Адчуваецца ўнутраная палеміка паэта з царскім афіцыёзам, паводле якога, з падачы расійскай дваранскай гістарыяграфіі ды адыёзна дзейных на пачатку ХХ ст. чарнасоценцаў, беларускі і ўкраінскі этнасы — несамастойныя. Ды што казаць пра 1900-я і 10-я гады ХХ ст. Рэха іх пустым глумлівым зыкам адгукаецца і сёння, на пачатку стагоддзя ХХІ.

Беларускаму паэту гэта абыходзіла, балела. Прыведзеныя вышэй радкі некалі даўным-даўно мне трапіліся на вочы ў старым беларускім календары за 1927 год. Такія кнігі — календары ў 1920-30-я гады выдаваліся ў Вільні і былі вельмі папулярныя ў Заходняй Беларусі.

Публікацыя Багдановічавага верша суправаджалася кароткай заўвагай: «Друкуецца як малазнаны твор». Ніякага каментара, спасылкі на крыніцу. Аднак тое, што твор належыць пяру Максіма Багдановіча, сумнявацца не даводзіцца. У рэчы незакончанай, слабай кампазіцыйнай знітаванасцю строф, жыве яго, паэтава душа. І ход аўтарскай думкі пазначаны, бачны.

Запомнілася, можна сказаць, запала ў памяць перадусім другая, апошняя страфа. Зноў яго думка пра Беларусь. Гэтым разам па асацыяцыі:

    Як нявехна* ў няроўнай сям’і
    Ты пасагу сабе не надбала,
    Залатыя кляйноты** тваі
    Ў пыху*** сёстрам сваім даравала.

Аўтар даследчыцкай працы «Белорусское возрождение», М.Багдановіч пра залатыя кляйноты, падораныя сёстрам, думаў, казаў у кантэксце палемікі з праціўнікамі нацыянальнага адраджэння беларусаў. Што да верша-накіду, пра які тут гаворка, то яго, на жаль, не сустрэць ні ў двухтомніку 1960-х гадоў, ні ў самым поўным трохтомным акадэмічным выданні паэтавай спадчыны. Але згаданае, да слова, — толькі інфармацыя для будучых, магчымых выданняў.

Што ж да роздуму Максіма Багдановіча ў апошні год яго жыцця над мінулым і сучасным Беларусі, то, без сумневу, паэтам пераадольваўся мінор і наўпрост выказвалася вера ў яе добрую будучыню:

    Беларусь, твой народ дачакаецца
    Залацістага яснага дня…

Адзін з апошніх твораў паэта, запаветны, гучыць пабуджальна, кліча да дзеяння. І як на час напісання — актуальны:

    Ты не згаснеш, ясная зараначка,
    Ты яшчэ асвеціш родны край.
    Беларусь мая! Краіна-браначка!
    Устань, свабодны шлях сабе шукай.

***

* Нявехна — нявестка (дыялектавае).
** Кляйноты — каштоўнасці.
** У пыху — дзеля задавальнення амбіцый

Каментары3

Цяпер чытаюць

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду5

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму мужчыны высыпаюцца, а жанчыны не высыпаюцца за той жа час?1

Што з 23‑гадовым добраахвотнікам і былым палітвязнем Ціханам Клюкачом? Вось што вядома на гэты момант2

Вялікабрытанія дазволіла імпарт дызельнага і авіяцыйнага паліва з расійскай нафты

У Беларусі створаць турыстычны сімвал краіны6

Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан пагаліўся налыса, бо яўка на выбарах склала менш за 5000 чалавек20

«Ужо і па Еўропе небяспечна падарожнічаць». Беларуска, якую затрымалі ў Італіі па запыце Мінска, вярнулася да сям’і ў Польшчу

У Маскоўскай вобласці пачаўся гіганцкі пажар — дым і полымя відаць за дзясяткі кіламетраў4

Англійскі футбольны клуб дыскваліфікавалі за шпіянаж за супернікамі1

Паслухайце песню «Зямля бацькоў», якую на «Фестывалі надзеі» выконвалі тройчы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду5

Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць