Нядаўна прыйшла мне позва, але не ў КДБ, а ў філіял Беларусбанка...
Нядаўна прыйшла мне позва, але не ў КДБ, а ў філіял Беларусбанка побач з чыгуначным вакзалам. Доўга думаў за што мне такое, але калі нарэшце прыйшоў, аказалася, яны проста хочуць пагасіць дзіцячы рахунак, адкрыты на маё імя ў 1991 годзе.
Памятаеце, перад сконам СССР камунякі вырашылі адабраць у насельніцтва яшчэ трошкі грошыкаў сыграўшы на бацькоўскіх пачуццях? «Мэтавы дзіцячы ўклад» азначаў паступовае ўнясенне сродкаў на імя малога, каб па дасягненні 18 гадоў яму ў якасці пад’ёмных выплацілі ажно 1000 паўнавартасных савецкіх рублёў. Мільёны дарослых людзей у 1991 годзе ўсур’ёз паверылі савецкай дзяржаве, што ўжо само па сабе кажа шмат аб чым… Ну дык вось, у 2011 г. надышоў час збіраць камяні.
Пакорпаўшыся з 20 хвілін (людзі ў чарзе пры гэтым падазрона шапталіся), касірка нарэшце зразумела, у чым справа, знайшла патрэбны алгарытм дзеянняў.
Я падпісаў 5 ці 6 папер і атрымаў на рукі 70 беларускіх рублёў.Вось! А разам з імі — даўжэзную квітанцыю на якой адлюстраваная ўся фінансавая гісторыя незалежнай Беларусі. Прапаную вам найбольш цікавыя фрагменты квітанцыі:
Як бачна на першым здымку,
дзяржаваАле жчэсна-чэсна штогод налічвала мне працэнты па ўкладзе, так што з улікам першай дэнамінацыі, калі адкінулі адзін нуль, у 1999 годзе на рахунку скапілася ажно 4 722 рублі, што, пагадзіцеся, крута.
Як гэта стала магчыма? Глядзім другі здымак.
Аказваецца, у асобныя гады працэнтная стаўка складала неймаверныя па сённяшніх мерках велічыні: 1993 — 1994 — 300% гадавых, з новага году 1995 падскочыла аж да 430%, відаць, у эканоміцы быў проста капец, але ж хутка, праз два месяцы, яе падбілі да 330%. Прыкіньце, за два месяцы скокнула больш чым на 100% туды і сюды — ФАНТАСТЫКА!!! Потым 1995 — 1999 — перыяд адноснай стабільнасці (цікава паглядзець, хто тады прэм’ерам быў, — хіба Лінг), але ж потым зноўку пайшла катавасія, у 2000 моцны расійскі крызіс зачапіў, і на табе — 180%.
Нагадаю, што сёння стаўка рэфінансавання — 12%, і яе падвышэнне выклікала ледзь не паніку.
Вось такія раптоўныя сутыкненні з гісторыяй могуць адбывацца… Прашу ўключыць мой квіток у хрэстаматыю па найноўшай гісторыі!
Каментары