Меркаванні1717

Ці можа Беларусь стаць дэмакратычнай пры жывым Пуціне? Карбалевіч пра страхі Лукашэнкі і тое, што будзе пасля яго

Чаму Лукашэнка не адпраўляе беларускае войска ва Украіну і ці магчымыя перамены ў Беларусі, пакуль Пуцін застаецца пры ўладзе? Пра гэта палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч разважаў у праграме Глафіры Жук «Мне толькі спытаць».

Аляксандр Лукашэнка. 9 кастрычніка 2026. Фота: Sergei Bobylev Sputnik / Kremlin Pool Photo via AP

Беларускія ўлады спрабуюць наладзіць адносіны з Захадам, не адмаўляючыся пры гэтым ад саюзу з Расіяй і падтрымкі яе вайны супраць Украіны. Перамовы з амерыканцамі ўжо прынеслі пэўныя вынікі, аднак пра істотныя змены ўнутранай палітыкі Мінска гаворкі пакуль няма.

Карбалевіч мяркуе, што Вашынгтон не ставіць перад Лукашэнкам пытанне аб спыненні рэпрэсій і дэмакратызацыі краіны, бо канцэнтруецца найперш на рэальных задачах, якія можна вырашыць у цяперашніх умовах.

«Скажам, адарваць Беларусь ад Расіі — наўрад ці гэта магчыма, таму такое пытанне не ставяць. Магчыма, яны лічаць, што на сённяшні момант спыненне рэпрэсій наўрад ці магчыма. Таму яны гэта не ставяць і спрабуюць дасягнуць нейкія рэчы рэальныя. Прагматычны такі падыход», — тлумачыць ён.

Разам з тым Карбалевіч не згодны з меркаваннем, што палітвязні — галоўны рэсурс Лукашэнкі ў перамовах з Захадам.

«Я думаю, што ўсё ж такі чыннік вайны ва Украіне больш важны. Тое, што Беларусь — саюзніца Расіі, тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расію ў гэтай вайне», — падкрэслівае аналітык.

Асноўныя заходнія санкцыі супраць Беларусі былі звязаныя менавіта з падтрымкай Расіі. Для Еўропы цяпер на першы план выйшлі пытанні бяспекі і той ролі, якую беларуская тэрыторыя можа адыграць у далейшых ваенных планах Масквы.

Таму паляпшэнне адносін з Мінскам еўрапейскія краіны звязваюць не толькі з вызваленнем палітвязняў і спыненнем рэпрэсій, але і са змяненнем палітыкі Беларусі ў адносінах да вайны.

Лукашэнка мае важкія прычыны не лезці ў вайну

Імавернасць непасрэднага ўступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны Карбалевіч ацэньвае на чатыры балы з дзесяці. На яго думку, Лукашэнку стрымліваюць найперш настроі беларускага грамадства, прычым гаворка не толькі пра праціўнікаў улады.

«Супраць вайны, супраць удзелу Беларусі ў вайне выступаюць усе. І прыхільнікі Лукашэнкі, і праціўнікі Лукашэнкі, і наменклатура, і сілавікі. Па гэтым пытанні сёння ў Беларусі амаль кансэнсус. Беларускае грамадства вельмі моцна расколатае, але вось па гэтым пытанні ў Беларусі кансэнсус», — адзначае палітолаг.

Як даводзіць Карбалевіч, нават ва ўмовах персанальнай дыктатуры Лукашэнка вымушаны лічыцца з гэтымі настроямі. Калі б ён вырашыў адправіць беларусаў на фронт, яму давялося б тлумачыць, дзеля чаго яны павінны гінуць. У Расіі, на думку аналітыка, Пуціну ўдалося ўцягнуць грамадства ў вайну дзякуючы імперскім настроям і ўяўленням пра веліч дзяржавы. У Беларусі такой асновы для мабілізацыі няма.

Яшчэ адна важная прычына асцярожнасці Лукашэнкі заключаецца ў небяспецы ўкраінскіх удараў па беларускай тэрыторыі.

«Да сёння Лукашэнка быў упэўнены, што ён знаходзіцца пад расійскім ваенным парасонам. Тут і ядзерная зброя нібыта з'явілася, тут ракеты «Арэшнік», і, калі што, то Расія абароніць у любым ваенным канфлікце. Ну а цяпер высветлілася, што Расія сама сябе абараніць не можа. Украінскія дроны лётаюць па ўсёй еўрапейскай частцы Расіі», — даводзіць палітолаг.

Палітолаг звяртае ўвагу, што і сам Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу «Аль-Арабія» прызнаў уразлівасць Беларусі перад украінскімі дронамі.

«Расійскі гэты парасон ваенны, ён такі з дзіркамі, і ён не абароніць Беларусь», — робіць выснову Карбалевіч.

На яго погляд, гэта шмат у чым тлумачыць цяперашнія міралюбівыя заявы Мінска і спробы наладзіць адносіны з Захадам, у тым ліку прапановы міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова наконт урэгулявання канфліктаў з суседзямі.

Хто пераможа ў вайне і калі чакаць акна магчымасцяў

Шанцы Украіны на перамогу Карбалевіч ацэньвае даволі стрымана — на тры-чатыры балы з дзесяці. Расіі ён дае шэсць балаў. Пры гэтым, на яго думку, вынік вайны будзе мець прынцыповае значэнне для будучыні Беларусі. Калі Украіна не пераможа, «гэта будзе на тройку» для Беларусі.

Сярод іншых чыннікаў, якія могуць адкрыць акно магчымасцяў для палітычных перамен, аналітык называе далейшы лёс Лукашэнкі і Пуціна пры ўладзе.

На пытанне, што рабіць, калі гэтае акно не адкрыецца яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў, Карбалевіч адказвае, што не чакае настолькі доўгага перыяду без істотных падзей. Ён прызнае, што еўрапейская гісторыя ведае і Трыццацігадовую, і Стогадовую войны, але не думае, што цяперашняя вайна ва Украіне будзе працягвацца дзесяцігоддзямі.

«Я думаю, што дзесяць гадоў чакаць наўрад ці прыйдзецца», — кажа палітолаг.

Дэмакратычная Беларусь пры жывым Пуціне?

Карбалевіч не выключае, што Лукашэнка сыдзе ад улады раней за Пуціна. Пры гэтым нават захаванне цяперашняга кіраўніцтва Расіі, на яго думку, не абавязкова зробіць немагчымымі дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

Палітолаг тлумачыць сваю пазіцыю тым, што магчымасці Масквы ўтрымліваць суседнія краіны пад сваім уплывам паступова скарачаюцца.

«Глядзіце, усе суседзі з постсавецкай прасторы патроху дыстанцуюцца ад Расіі. Адны хутка, другія павольна, але фактычна Беларусь — адзіная краіна, якую Расіі ўдалося ўтрымаць так блізка. Я думаю, што гэта не тое выключэнне, якое пацвярджае правіла, і Беларусь усё-такі зможа адарвацца ад Расіі, не адразу, паступова, але непазбежна», — прагназуе аналітык.

Аднак гэта не азначае, што пасля Лукашэнкі ў Беларусі адразу ўсталюецца дэмакратыя. Карбалевіч лічыць больш верагодным, што першапачаткова ўзнікне мякчэйшы аўтарытарны рэжым, у тым ліку калі ўлада пяройдзе да чалавека з цяперашняга кіраўніцтва.

Любы наступнік растопча спадчыну Лукашэнкі

Палітолаг звяртае ўвагу, што ў персаналісцкіх рэжымах пасля сыходу доўгатэрміновага кіраўніка часта ўзнікае палітычны крызіс. У такіх сістэмах няма нармальнага механізму перадачы ўлады, таму яе пераразмеркаванне можа суправаджацца вострымі канфліктамі.

Карбалевіч мяркуе, што Лукашэнка сам усведамляе гэтую праблему і шукае спосабы захаваць сваю палітычную спадчыну. Адной з такіх спроб ён называе стварэнне Усебеларускага народнага сходу, але сумняваецца, што гэта дапаможа забяспечыць нязменнасць рэжыму.

«Ён разумее, што калі яго не стане, то ўсё пачне мяняцца. І мяняцца не ў той бок, які ён хоча. І будуць таптацца па яго імені, каб легітамізаваць сябе. Ён гэта разумее, але не бачыць механізмаў захавання сваёй спадчыны. І гэта прарываецца ў яго рэпліках розных. І пакуль ў яго няма нейкага плану, што рабіць пасля таго, як ён, скажам, нейкім чынам павінен будзе сысці».

Пры гэтым сённяшнюю здольнасць Лукашэнкі ўтрымліваць уладу ўнутры краіны палітолаг ацэньвае вельмі высока — на дзевяць балаў з дзесяці. А вось яго міжнародную палітычную вагу, з улікам вялікай залежнасці ад Расіі, толькі на тры балы.

Каментары17

  • Мір
    22.10.2026
    Толькі калі Пуцін будзе жывы, але ў коме, на апараце ШВЛ. Працяглы час. Вельмі працяглы, не меней году!
  • Ох же..
    22.10.2026
    Всё это мне напоминает don't look up, ну или GoT, где они смачно резали друг друга, пока надвигалась армия мертвяков. Какая демократия, алё? Это дискус 20-летней свежести. Через 30 лет в Европе будет халифат, везде. Да не один, а много, и они будут воевать. Женщины. Не. Рожают. Детей. Точка. А аналитики-ретрофутуристы этот факт тупо игнорируют.
  • Ё
    22.10.2026
    З тэкста вынікае, што Карбалевіч лічыць, што Расія пераможа ва Украіне ) Занавес. Нясіце наступнага ̶К̶а̶р̶б̶а̶л̶е̶в̶і̶ч̶а̶ Шрайбмана.

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна44

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

У Падмаскоўі беларус з чатырма расіянамі пад выглядам рамонтнікаў скраў медны кабель «Растэлекама»5

На таргі за даўгі заснавальніка «Новага зроку» выставілі дамы, якімі афіцыйна валодаюць іншыя людзі1

Пакуль беларуска чакала студэнцкі ДНЖ у Польшчы, паспела скончыць універсітэт. Чыноўнікі пайшлі насустрач1

Анафілактычны шок малаверагодны. Што кажа клініка пра смерць 30‑гадовай Валерыі, якая памерла падчас выдалення зуба6

На Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу3

«Казахстан — руская краіна». У Казахстане за гэтыя словы мужчыну далі 20 сутак15

Фальшывае сумоўе коштам $6,3 мільярда. Як хакеры абрабавалі Binance2

Самалёт Мінск — Масква прызямляўся з адключаным рухавіком2

Зяленскі ўзнагародзіў Меланію Трамп за гуманітарную дзейнасць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна44

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць