Прапанаваныя меры: падтрымка апазіцыі, пашырэнне «спісу неўяздных», эканамічныя санкцыі і — забраць у Мінска права на хакейны
Сенат ЗША адзінагалосна прыняў рэзалюцыю, якая асуджае прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў снежні 2010 году як нелегітымныя і ашуканскія ды заклікае беларускія ўлады да вызвалення ўсіх палітычных вязняў.
Рэзалюцыя заклікае прэзідэнта ЗША і дзяржсакратара ЗША каардынаваць палітыку ЗША адносна Беларусі з палітыкай Еўразвязу; узнавіць тэхнічную і матэрыяльную падтрымку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі; пашырыць амерыканскі спіс службовых асобаў Беларусі, адказных за пераслед апанентаў рэжыму паьля 19 снежня 2010, і накласці мэтанакіраваныя санкцыі на гэтых асобаў ды іх сямейнікаў; вызначыць далейшыя прадпрыемствы, якія ўзбагачаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ды забараніць гандаль з імі і замарозіць іх актывы.
Рэзалюцыя заклікае Еўразвяз далучыцца да амерыканскіх санкцыяў супраць «Белнафтахіму» («Лакафарбы» і «Шкловалакна»);спыніць усе праекты ў адносінах да беларускіх уладаў, адказных за падаўленне апазіцыі і парушэнні правоў чалавека, ды выключыць беларускіх службовых асобаў з удзелу ў сустрэчах Усходняга партнёрства; пашырыць еўрапейскі спіс службовых асобаў Беларусі, адказных за пераслед апанентаў рэжыму пасля 19 снежня 2010, і накласці мэтанакіраваныя санкцыі на гэтых асобаў ды іх сямейнікаў.
Рэзалюцыя таксама
заклікае Міжнародную хакейную федэрацыю забраць у Беларусі права на арганізацыю чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, калі беларускія ўлады ня вызваляць усіх палітзняволеных.
Рэзалюцыя была ўнесеная на разгляд Сенату ЗША 9 сакавіка сенатарамі Дыкам Дэрбінам, Джозефам Ліберманам, Джонам Маккейнам, Бенджамінам Кардынам.
Прадстаўляючы рэзалюцыю ў Сенаце, сенатар Джозеф Ліберман сказаў, сярод іншага, што рэзалюцыя «скажа дысідэнтам у Беларусі, што мы не забылі і не забудзем ні пра іх, ні пра іхную справу, што мы памятаем іх імёны і будзем салідарна стаяць побач з імі, пакуль яны не дасягнуць сваёй мэты — свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.»
Каментары