Культура33

Памёр Іван Лагвіновіч

У Баранавічах памёр паэт Іван Лагвіновіч

З Іванам Лагвіновічам я сустракаўся толькі адзін раз — у Зэльве, на святкаванні угодкаў Ларысы Геніюш. Але я ведаю, што Іван Лагвіновіч — мой зямляк, што

нарадзіўся ён у 1940 годзе на хутары Запрапасць Ганцавіцкага раёна, непадалёк ад сяла Малкавічы. (Гэтага хутара цяпер няма: яго знішчыла калектывізацыя.)

Як і многія беларускія юнакі, Іван Лагвіновіч паехаў на заробкі ў Данбас і асеў там на шмат гадоў. Працаваў у шахце пад зямлёю, а потым, калі сваё пачалі браць і ўзрост, і прафесійная хвароба — на паверхні, на абагачальнай фабрыцы.

У 1990 годзе ён вярнуўся на Бацькаўшчыну. Стаў жыхаром Баранавічаў. Там далучыўся да беларускага руху.

Такое рэдка бывае, але ўсё ж бывае. На Бацькаўшчыне ў Івана Лагвіновіча, чалавека ўжо сталага, прарэзаўся паэтычны зуб. І на самым пераломе стагоддзяў ён выдаў адзін за адным два зборнікі — «Разлукі выраёвыя» і «Піліпаўка».

Першаю трапіла мне на вочы (нават не скажу, у якіх абставінах) другая кніжачка вершаў Івана Лагвіновіча, і я «праглынуў» яе за адзін раз. І не ўстрымаўся, патэлефанаваў Міхасю Скоблу, каб падзяліцца сваім адкрыццём (ёсць яшчэ адзін добры паэт) і сваёй радасцю (гэты паэт — мой зямляк). І мяне ўсцешыла, што маю радасць падзялілі і Міхась Скобла, і Леанід Галубовіч, і іншыя знаўцы паэзіі, што

вершы майго земляка трапілі ў анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Потым былі іншыя кніжкі Івана Лагвіновіча: «Ляда юдолі» (2003), «Далёкае і блізкае» (2004), «Палыновыя кветкі» (2007). Рыхтаваўся (і рыхтуецца) да друку чарговы зборнік, з гарняцкім загалоўкам — «Апошні забой». Сябры хацелі, каб ён выйшаў яшчэ пры жыцці цяжка хворага паэта. Не атрымалася: учора пасля працяглых пакутаў Іван Лагвіновіч адышоў у вечнасць.

Заўтра ў Малкавічах ва ўрочышчы Красунь, дзе спачываюць мае сваякі, сябры і знаёмыя, грэка-каталіцкі святар айцец Яўген Маліноўскі, сябры і таварышы развітаюцца з Іванам Лагвіновічам. Там, на згорку, пад векавымі хвоямі прагучыць жалобнае і разам з тым аптымістычнае Вечная памяць.

Бывай, Іване, мяккім пухам табе наша родная палеская зямелька.

Прапануем верш з апошняй кнігі Івана Лагвіновіча, якая выйдзе пасмяротна.

Іван Лагвіновіч. Малітва беларуса

Святы Божа, святы моцны,
святы несмяротны!
Пакажы нам шлях збавення –
годны, незваротны.

Абаронца справядлівы
і суддзя праўдзівы –
бездакорны, незаменны,
на ўвесь свет адзіны!

Ты – найпершы й найапошні,
Божа ўсюдыісны!
Бачыш нашага бязладдзя
выступы-крывізны.

Знаеш нашых змрочных думак
хібы і заганы,
як вакол няшчасцяў-бедаў
ходзім мы кругамі.

Заблудзіліся ў грахоўных
лабірынтах цемры:
кветку-папараць шукалі
ў зарасніках церняў.

Прымушалі нас маліцца
ідалам вар’яцкім,
зневажалі, выганялі
з цэркваў уніяцкіх.

Міласэрны, добры Божа!
Дай надзею – грэшным,
выведзі з палону здзекаў,
ацалі, суцеш нас;

бо Ты ведаеш, якія
мы панеслі страты
на шляху да лепшай долі,
да святла і праўды.

Уладару ўсёмагутны!
Будзь заўсёды з намі,
памажы на землях продкаў
стаць гаспадарамі.

Навучы на роднай мове
гаварыць і слухаць.
у імя Айца, і Сына,
і Святога Духа.

Амін.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Качанава прапанавала ўвесці адказнасць за «няпраўду ў тыктоку»12

Качанава прапанавала ўвесці адказнасць за «няпраўду ў тыктоку»

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнт Чэхіі: Трамп за некалькі тыдняў зрабіў больш для падрыву даверу да НАТА, чым Пуцін за многія гады28

З Сеула — у Мінск. Карэйскі футбольны легіянер расказаў пра жыццё ў Беларусі, ежу і службу ў арміі2

«Інкрымінавалі «здраду дзяржаве», а ён сам проста абстукваў колы ў цягнікоў»6

Пуцін аб'явіў велікоднае перамір'е на суткі з хвосцікам. Раней да таго некалькі разоў заклікаў Зяленскі

Стала вядома, на каго рыхтавала палітычны замах міжнародная група, затрыманая ў Грэцыі і Літве

На Гродзеншчыне жанчына трапіла ў рэанімацыю пасля ўкусу кляшча

Бацька аднаго з маладзёнаў, асуджаных па справе «Чорных салаўёў», запісаў відэазварот да Лукашэнкі4

Прыпынак з мазаікай у Рэчыцкім раёне ўратаваць не ўдалося — яго рыхтуюць да зносу3

Патрыярх Кірыл у красавіку павіншаваў вернікаў са святам, якое адзначаюць у студзені. І гэта не была агаворка4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Качанава прапанавала ўвесці адказнасць за «няпраўду ў тыктоку»12

Качанава прапанавала ўвесці адказнасць за «няпраўду ў тыктоку»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць