Расія ставіць задачу ў 11 разоў узняць акцызы на тытунь у краінах Мытнага саюза.
Расія ставіць задачу ў 11 разоў узняць акцызы на тытунь у краінах Мытнага саюза. Самы танны пачак цыгарэт у Мытным саюзе ў 2015 годзе будзе каштаваць 3 даляры. Цяпер у Беларусі «Астра» каштуе 600 рублёў, «Мінск» — трохі больш за тысячу.
Міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын афіцыйна пацвердзіў план расійскага ўрада падвысіць ў 2012 годзе акцызы на тытунь на 60%, а не на 30%, як меркавалася раней.
«Цяпер мы знаходзімся на ўзроўні 270 рублёў [30 000 беларускіх рублёў] за тысячу цыгарэт. Нам трэба выйсці на ўзровень 3 тысячы рублёў [330 000 беларускіх рублёў] за тысячу цыгарэт да 2015 года. Гэта істотны рост, таму мы ў бліжэйшыя гады плануем паскорана ісці па шляху павышэння акцызаў», — заявіў Кудрын, выступаючы ў Дзярждуме Расіі.
Да 2014 годзе памер акцыза на тытунь дасягне 1,5–2 тысяч расійскіх рублёў за тысячу цыгарэт, дадаў міністр фінансаў. Падвысіўшы ў 2012 годзе акцызы на тытунь на 60%, Расея мае намер затым рухацца да яшчэ больш значнага павелічэння. «Калі рост акцызаў на тытунь адбываецца тэмпам 50%, гэта, вядома, мяняе паводзіны курцоў і прадпрыемстваў, якія плануюць свае вытворчыя магутнасці, таму, я думаю, нам нельга адразу патройваць акцыз, але трэба ісці тэмпам 50–70%», — мяркуе Кудрын.
Па словах міністра фінансаў, Расея «будзе працаваць з партнёрамі па Мытным саюзе» ў пытанні павышэння тытунёвых акцызаў, «тым больш што, напрыклад, Беларусі для зніжэння дэфіцыту свайго бюджэту патрэбныя дадатковыя сродкі», — растлумачыў чыноўнік.
Рашэнне аб павышэнне акцызаў будзе прымацца Камісіяй Мытнага саюза, куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх трох дзяржаў.
Пры такім росце акцызаў у 2015 годзе цана самага таннага пачка цыгарэт у розніцы дасягне эквіваленту трох даляраў. На сёння гэта каля 10 тысяч рублёў. Цяпер у Беларусі «Астра» беларускай вытворчасці каштуе 600 рублёў, «Мінск» з фільтрам — трохі больш за тысячу. У Беларусі паліць каля чатырох мільёнаў чалавек.
Акцызы на тытунь у краінах ЕС нашмат вышэйшыя, чым у Беларусі. Так дзяржавы змагаюцца супраць шкоднай для здароўі звычкі і папаўняюць бюджэт.
Каментары