Прымітыўная кан’юктуршчына выдаецца за «новую канцэпцыю». Пра кнігу «Партызаны СССР. От мифов к реальности» піша Сяргей Ваганаў.
Гісторык Анатоль Тарас выдаў чарговую «Невядомую гісторыю» пад назвай «Партизаны СССР. От мифов к реальности». У кнігі ёсць аўтар, нехта Сяргей Захарэвіч, але, як і пры ранейшых выданнях, ініцыятарам гучнага праекта, яго стваральнікам ды натхняльнікам з’яўляецца Тарас, да таго ж у сціплай якасці рэдактара. І, як заўсёды, раздае інтэрв’ю, на гэты раз «Салідарнасці», у якім сцвярджае, што «ўся гісторыя партызанскага руху СССР — адзін вялікі міф».
Менавіта так — «уся» і «адзін».
Я не стаў бы зноўку пісаць пра «творчую манеру» Анатоля Тараса, каб не хударлявая постаць Хведзі Бачылы...
Пра Хведзю я ўспомніў, калі дазнаўся ад Тараса, што знакамітая «рэйкавая вайна» была «тыповым савецкім ашуканствам».
Хведзя быў фотакарэспандэнтам газеты «Чырвоная змена». Журналістаў, гавораць, ногі кормяць. Фотажурналістаў — асабліва.
Хведзю «карміла» адна нага. Другую нагу «ашуканец» Бачыла згубіў падчас падрыву варожага эшалона.І самым «ашуканскім чынам» у 20 гадоў атрымаў найвялікшы па тых часах ордэн Леніна. Пра што, дарэчы, можна было даведацца амаль выпадкова. Вельмі сціплым чалавекам быў Хведар Бачыла...
Якую ж «невядомую гісторыю» пра партызан паведаў нам «вядомы гісторык»? Такую невядомую, што Хведзя са сваімі эшалонамі, адной нагой і ордэнам выглядае калі не ашуканцам, дык нейкай недарэчнасцю, гістарычнай выпадковасцю. Між тым, калі верыць самому Тарасу, нічога невядомага ў кнізе няма, уся яна «пабудавана на выкарыстанні ўжо надрукаваных матэрыялаў... у іншых кнігах, у часопісных артыкулах, у газетах, у інтэрнэце... Новай з’яўляецца толькі аўтарская канцэпцыя, на падставе якой гэтыя матэрыялы зведзены...»
Згодна з гэтай мудрагелістай «канцэпцыяй», беларускія партызаны, аснову якіх складала, па Тарасу, наменклатура, толькі і рабілі, што адседжваліся ў лясах і балотах, менш за ўсё ваявалі, дасылаючы ў Маскву ліпавыя данясенні, бязлітасна рабавалі і знішчалі мірнае насельніцтва, правакавалі немцаў на вынішчэнне вёсак і хутароў...
І ўся гэта, прабачце, прымітыўная кан’юнктуршчына выдаецца за «новую канцэпцыю» быццам бы невядомай айчыннай гісторыі.
Хаця «канцэпцыя» гэтая яшчэ горшая і больш шкодная за камуністычную, ды і лукашэнкаўскую, калі мець на ўвазе пераемнасць рэжымаў. Бо партыйныя гісторыкі былі ўсё ж навукоўцамі — працавалі ў архівах, з дакументамі, сведкамі...А потым да справы далучаліся ідэолагі, хаваючы найбольш пачварныя з’явы савецкай беларускай партызанкі, ператвараючы крывавую народную трагедыю ў ганебны прапагандысцкі жупел...
Ва ўзгаданым інтэрв’ю Тарас прадбачліва залічыў усіх, каму не падабаецца ягоная «канцэпцыя», у «савецкія патрыёты», у тых, хто «дасюль атаясамлівае сябе не з Беларуссю, а з... Савецкім Саюзам...»
Не ведаю, з кім атаясамлівае сябе «вядомы гісторык», але толькі не з Беларуссю.Бо немагчыма быць сапраўдным патрыётам Беларусі і адначасова адмаўляць, па сутнасці, удзел беларусаў у еўрапейскім, нават сусветным Супраціве фашызму...
...«Мы лічым, — гаворыць Тарас, — што ўсе 70 гадоў савецкай улады трэба выкрасліць з памяці. Забыць назаўсёды...»
Пачэсная задача для гісторыка — забыць...
Між іншым, гэта азначае забыць і Хведара Бачылу.
Але я не магу забыць, выкрасліць з памяці, як ён перашкодзіў бандыцкаму згвалтаванню дзяўчыны.
Ніхто ў тым аўтобусе не ўзняўся з месца, толькі інвалід вайны, былы партызан Бачыла. Не цярпеў аніякага гвалтавання. За што і атрымаў напільнік у жывот...
Дактары выратавалі яго, але і тады, на пачатку 70-х, мала хто ведаў пра гэту гісторыю. Мо толькі родныя, сябры ды калегі...
Сапраўды невядомая гісторыя. Сапраўды...
Глядзець таксама:
Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда
Каментары