Падрыхтавана пагадненне аб адмене візавага рэжыму паміж Беларуссю і Турцыяй.Аб гэтым паведаміў кіраўнік дыпмісіі гэтай краіны ў Мінску Джэват Незіхі Азкая 14 сакавіка ў ходзе сустрэчы са студэнтамі БДУ, арганізаванай грамадскім аб’яднаннем «Дыялог Еўразія» пры падтрымцы Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі. Матэрыялы сустрэчы размешчаны на сайце цэнтра.
Паводле слоў пасла Турцыі, чакаецца візіт з Беларусі на самым высокім узроўні, у ходзе якога плануецца падпісанне пагаднення.
Дыпламат прагназуе, што адмена візавага рэжыму прывядзе ў Беларусь значна больш грамадзян Турцыі. «Прадпрымальнікі Турцыі, калі глядзяць на Беларусь, бачаць не толькі тэрыторыю Беларусі, яны бачаць Балтыку, Польшчу, Украіну, Скандынавію і велізарную Расію, — сказаў Азкая. — Інвестары, укладваючы грошы сюды, бачаць перспектыву».
Паводле яго слоў, пасля адмены візавага рэжыму паміж Беларуссю і Турцыяй з’явіцца магчымасць арганізаваць штодзённыя авіярэйсы.
Пасол таксама адзначыў, што Турцыя з’яўляецца запатрабаваным месцам для адпачынку беларусаў. Згодна са статыстыкай, у 2011 годзе краіну наведалі да 160 тысяч беларускіх грамадзян.
Каментары