Грамадства99

Дзіцячы садок у Зялёным Лузе аддалі іранцу пад офісны будынак

Жыхары ўзбунтаваліся.

Закінуты дзіцячы садок на вуліцы Мірашнічэнкі часам служыў прытулкам для бадзягаў, беспрытульнікаў і п’яных кампаній. Але некалькі месяцаў таму на браме з’явіўся замок, а за 2-павярховым будынкам пачаў наглядаць вартаўнік. Садок адновяць, падумалі было мясцовыя жыхары, але памыліліся. Учора на сустрэчы з інвестарам і чыноўнікамі яны даведаліся, што струхлелы будынак пераробяць у офісны цэнтр. Здавалася б, таксама нядрэнная навіна — што б там ні рабілі, а адной ганебнай плямай на карце Мінска стане менш. Аднак у жыхароў Зялёнага Лугу іншае меркаванне. «Навошта нам офісы? — абураныя яны. — Хто паклапоціцца пра нашых дзяцей?»

Дзіцячы садок на Мірашнічэнкі, 41 закрылі ў 1998 годзе, з таго часу будынак не эксплуатуецца. У 2002-м яго вывелі з разраду дашкольных установаў, пасля чаго 2-павярховы будынак некалькі разоў мяняў уласнікаў. У снежні 2010-га яго выкупіў іранскі інвестар, які зарэгістраваў у Беларусі ЗТАА «Бел Стэла Інвест».

Сёння былы дзіцячы садок выглядае змрочна. Будынак ахоўваюць вартаўнік і дзве сабакі. Унутры ўжо пачаліся працы.

Не павялічваючы колькасць паверхаў будынка, інвестар збіраецца абсталяваць у ім 80 офісных памяшканняў, у якіх размесціцца кампанія «Бел Стэла Інвест». Побач прадугледжваецца стаянка на 56 машын.

Падчас учорашняй прэзентацыі праекта, якая адбылася ў актавай зале школы № 34, прадстаўнікі інвестара сказалі, што ўсё ўжо гатова да аднаўлення. Паводле іх словаў, капітальны рамонт сувымерны з будаўніцтвам новага будынка і павінен завяршыцца да канца 2012 года.

— Што атрымаюць жыхары раёна ад рэалізацыі праекта?
Па-першае, з’явіцца прыгожы сучасны будынак. Па-другое, тэрыторыю вакол яго добраўпарадкуюць. Гэта будзе невялікая зона адпачынку з лаўкамі, ліхтарамі, кустамі, — растлумачылі спецыялісты.

— Усё гэта нам не трэба. Адкажыце мне, дзеду, на пытанне: чаму мая ўнучка вымушаная дабірацца ў дзіцячы садок з дзвюма перасадкамі? — звярнуўся да прадстаўнікоў адміністрацыі Савецкага раёна пажылы чалавек.

Яго словы тут жа падтрымала зала.

— З садкамі ў раёне бяда. Дзяцей у мяне трое, ніводнага не магу ўладкаваць побач з домам, — падышла да мікрафона шматдзетная маці. — Нам прапануюць дзіцячы сад на вуліцы Якуба Коласа. А хочаш у сваім раёне, дык дырэктар без праблем абяцае вырашыць пытанне. Але за 700 тысяч рублёў! Доўга такое будзе працягвацца ў нашай краіне?

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Аляксандр Шклярык паспрабаваў пасадзіць жанчыну на месца, але так і не расказаў, калі і дзе будуць будавацца новыя садкі, не адказаў, чаму ў 2002 годзе будынак вывелі з падпарадкавання Мінадукацыі. Пытанні гэтыя, маўляў, сёння не разглядаюцца.

— У адпаведнасці з палажэннем аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, нашая мэта — праінфармаваць вас наконт праекта, — растлумачыў ён. — Для вашых меркаванняў і заўваг існуе адмысловая скрыня. Напісаць прапанову можна цяам двух тыдняў.

— Не будуць нам будаваць новыя садкі. Хіба ў горада ёсць на тое грошы, калі дзейныя садкі падтрымліваюцца на паборах з бацькоў? Дай грошы то на новую плітку і шпалеры, то на ўнітазы, — выказаўся нехта з залы.

Аляксандр Шклярык запярэчыў:

— Перш чым сцвярджаць такое, пакажыце рахункі, што вы плацілі грошы за гэта.

У неабходнасці праекта паспрабаваў пераканаць жыхароў раёна намеснік дырэктара ЗТАА «Бел Стэла Інвест» Хедыяці Німа.

— Мне стала сорамна за Беларусь, калі я гэты будынак убачыў, — сказаў ён і паабяцаў ператварыць тэрыторыю ў прыгожае і добраўпарадкаванае месца.

У той жа час іранскі бізнэсовец адчувае і пачуццё расчаравання: — Да прыходу ў Беларусь я думаў, тут усё вырашаецца проста: купляем і будуем. Але гэта аказалася не так. Паўтара года цягнуцца ўзгадненні. Мы ўвайшлі «у мінус», цікавасць да вядзення бізнэсу ўжо не тая.

Большасць жыхароў Зялёнага Лугу, што сабраліся ў школьнай актавай зале, выказаліся супраць рэканструкцыі і папрасілі «вярнуць усё як было», гэта значыць адрадзіць дзіцячы садок. Натуральна, меркаванне двух дзясяткаў чалавек яшчэ ні пра што не кажа. Пісьмовыя заўвагі і прапановы да 1 мая можна накіраваць альбо ў адміністрацыю Савецкага раёна (вул. Дарашэвіча, 8) з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» альбо пакінуць па месцы размяшчэння экспазіцыі (актавая зала школы № 34 па вул. Мірашнічэнкі, 35) у спецыяльнай скрыні.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны6

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Усе навіны →
Усе навіны

«Пагроза бяспецы калег». Зазулінская патлумачыла, чаму ў «Еўрапейскім выбары» перасталі давяраць Мамаевай6

Някляеў шукае, хто б мог сыграць Ягайлу і Ядзвігу ў тэатральнай сцэне2

Сілавікі накрылі сетку арганізацый «таемных пакупнікоў». Налічылі 40 тысяч пацярпелых работнікаў гандлю15

Следчы камітэт палохае ўзмацненнем кантролю за Threads і TikTok3

Спала 6 гадзін, працавала, вучылася ў выходныя, на курсы зарабіла сама: цана 100 балаў на ЦЭ для школьніцы з Беразіна3

У некаторых гарадах складана зняць кватэру надоўга праз наплыў расійскіх турыстаў6

ЗША ўвялі санкцыі супраць фірмы ў Беларусі, якая дапамагала Ірану купляць ПЗРК у Кітаі1

ФІФА запатрабавала ад зборнай Гаіці змяніць дызайн формы за некалькі дзён да старту чэмпіянату свету1

Кіраўнік Пентагона дапусціў магчымасць выкрадання прэзідэнта Кубы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны6

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць