Архіў

Вольга Караткевіч. Пераехала камбайнам

№ 07 (128) 1999 г.


 

Пераехала камбайнам

 

Чэскі пісьменьнік Мілан Кундэра сказаў: «Змаганьне чалавека з уладаю — гэта змаганьне памяці з забыцьцём». Над Беларусяй пануе забыцьцё, бо ўсё дыктуе ўлада. Яшчэ адна славянская сястра можа далучыцца да сям’і, якая ня мае бацькоў і нагадвае фіктыўны шлюб, заключаны дзеля атрыманьня ці ўтрыманьня жытла. Што ёсьць вялікай рызыкай для нашай сінявокай краіны, якая так удала хавае пад навязанай і прынятай рахманасьцяй спароджаны адно эмоцыямі ваярскі дух. Калі я думаю пра магчымыя наступствы рэальнага ўвязваньня Беларусі ў ваенны канфлікт на Балканах, я, халадзеючы, згадваю словы прэзыдэнта Лукашэнкі, сказаныя пад Берасьцейскай крэпасьцю у 1996 годзе — 55-ю гадавіну пачатку чарговай бязьлітаснай для нашай зямлі вайны — «Яны (абаронцы берасьцейскіх муроў) паміралі за рускія бярозы...» Змаганьне памяці з забыцьцём. Пераважная думка ў беларускім грамадзтве: этнічныя чысткі — кепска, бамбардаваньне — кепска, нас гэтая вайна не павінна тычыцца. Аднак Беларусь у ёй ужо атрымала сваю пэўную ролю. Пакуль што параўнальна-гістарычную.

У адказ на просьбу пракамэнтараваць для Радыё «Палёнія» (5-я праграма польскага радыё для замежных слухачоў) ваенныя апэрацыі NATO ў Югаславіі, легендарны шматгадовы кіраўнік польскай службы Радыё «Вольная Эўропа» Ян Новак-Езяраньскі вобразна выказаўся так: «З маральнага пункту гледжаньня апэрацыя цалкам абгрунтаваная. Уявім сабе, што Лукашэнка заўтра распачаў бы этнічную чыстку палякаў, расстрэл мужчынаў, абстрэл маёмасьцi і гэтак далей. Як бы зрэагавала Польшча, калі б NATO паведаміла, што праблема ёсьць унутранай справай Беларусі і няма падставы для чыну? Было б агульнае абурэньне. Таму з маральнага пункту гледжаньня спробы стрымаць забойства людзей — абгрунтаваныя. Але сумненьні і хваляваньне выклікае тое, ці выніковым будзе бамбардаваньне?»

Дыктатары не баяцца бамбардаваньняў і крызысаў у сваіх краінах. Дыктатары паслугоўваюцца дэмагогіяй і бункерамі. Церпіць народ. А калі народ церпіць — ён заслугоўвае. І за народ уступаюцца лепшыя прадстаўнікі чалавецтва. Моцныя гэтага сьвету. Моц базуецца на грошах і ваеннай здольнасьці войска. Ці далучанасьці да моцных. Страшэнна паважаю Польшчу за культурны ўнёсак у разьвіцьцё цывілізацыі, але дзіўлюся аднолькавай танальнасьці ў рэкляме любімага ёгурту, у якім з кожным месяцам усё больш ягадаў ці вітамінаў, і пры інфармаваньні аб канфлікце вакол Косава: «У Югаславii ня будзе небамбардаванага места», «У Бялградзе цэлую ноч не сьцiхалi алярмы», «Польскi ўрад цалкам кантралюе сытуацыю на Балканах». На дзьверах варшаўскага пабу «Гайнэкен» 1-га красавiка зьявiўся надпiс «Сёньня паб працуе толькi да 20.00. У сувязi з вайной у Косава. Жарт». Ня тое меў на ўвазе польскі пісьменьнік Вітальд Гамбровіч, калi казаў: «Каб застацца ў гісторыі, у ёй трэба сьцьвердзiцца».

У цяперашнім сьвеце вайна ня можа быць нашай ці вашай, але агульнай паразай з прычыны яе, вайны, пачатку. Падтрыманая беларускім і расейскім прэзыдэнтамі прапанова Мілошавіча далучыць Югаславію да Саюзнай дамовы Беларусі й Расейскай Фэдэрацыі заходнімі аналітыкамі ацэньваецца проста — пагроза сусьветнай вайны.

А пад гэты шумок беларускі «гарант бясьпекі» робіць сваё — затрыманы і абвінавачаны кандыдат у прэзыдэнты экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір: столькі гадоў ніхто не заўважаў нявернутых крэдытаў, і на табе. Тамара Віньнікава зьнікае з-пад пільнага вока ворганаў. Віньнікавай няма. Ніхто з адказных за яе «ахову» не пакараны. Падазрона простае зьнікненьне. Кажуць, ужо ёсьць ордэр на арышт Багданкевіча. На пахаваньне палітыка, які ніколі не мяняў лягераў і пасьлядоўна працаваў дзеля інтарэсаў Беларусі, Генадзя Карпенкі прыяжджае Іван Пашкевіч, якога сам Карпенка ў свой час літаральна выгнаў з трыбуны ў будынку парлямэнту. Прытым пад афіцыйным нэкралёгам не стаяць подпісы афiцыйных асобаў. Проста, сьціпла i цынiчна — Белта. А жалобную калёну зь пяці тысячаў чалавек, якія праводзілі Карпенку ў апошні шлях, зноўку здымалі на органаўскую відэакамэру.

Два дні запар у тым, што журналісты называюць «тэлешову», Аляксандар Лукашэнка вучыў парлямэнт і вэртыкаль. Аляксандар Лукашэнка сваім грозным пальцам махаў у бок тэлегледачоў — народу, дэпутатаў, якія, аказваецца, ня толькі абраныя народам, але й парлямэнтары (!?), рабіў ідэалягічную чыстку «здраднікаў»-апазыцынэраў, апэляваў да замежных паслоў, зь якіх, паводле нашых зьвестак, прысутнічалі толькі дыпляматы Расейскай Фэдэрацыі, Казахстану і КНР. Вечнае непразрыстае «што трэба» і ніколі — «як трэба». Неаднаразовая прывязка бясьпекі краіны да эканамічнай бясьпекі. Галоўнае, паводле словаў прэзыдэнта, — хлеб. А песьні — у ліпені-жніўні. У каго — пасьля 20-га ліпеня, у каго — на «Дажынках». Дакладна, як у кампазыцыi гурта «Нэйрадзюбэль»: «А меня судьбой в ушанке сiней переехало комбайном».

Вольга Караткевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Львом XIV4

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Львом XIV

Усе навіны →
Усе навіны

Нацбанк патлумачыў, навошта ўвялі патрабаванне геалакацыі пры ўваходзе ў інтэрнэт-банкінг4

У «Дукорскім маёнтку» патлумачылі, чаму ў іхнім заасадзе не ўсе жывёлы выглядаюць прывабна

Сілавікі запусцілі чат-бот для даносаў. Цяпер бондаравец Юспа стаў частым госцем на міліцэйскіх гутарках3

На Мінскім моры адкрыюць «Порт» — новую зону адпачынку1

У мінскія крамы завезлі свежыя беларускія маліны1

«Першыя 500 цэляў ужо на алоўку». Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм УСУ папярэдзіў Лукашэнку44

«11 трыльёнаў, бля». Дэпутат расійскай Дзярждумы вылаяўся матам, расказваючы пра дэфіцыт бюджэту7

У МЗС заявілі пра актыўны непублічны дыялог з Захадам7

Беларускі бізнэсмен праспансаваў чэмпіянат свету па хакеі ў Швейцарыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Львом XIV4

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Львом XIV

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць