Архіў

Апошні шлях Адама Станкевіча

№ 34 (155), 13 — 19 сьнежня 1999 г.


 

Апошні шлях Адама Станкевіча

 

50 гадоў таму ня стала ксяндза Адама Станкевіча. Нядаўна ў «Пагоні» я прачытаў згадку пра кс. Адама Станкевіча, які загінуў, прысуджаны бальшавікамі да 25 гадоў зьняволеньня, у сталінскім канцлягеры 29 лістапада 1949 году. «Загінуў у Тайшэце пры невядомых абставінах», — піша газэта. Аднак абставіны тыя вядомыя, бо жыве яшчэ чалавек, які хаваў вялікага беларускага патрыёта.

Віктар Сікора трапіў у тайшэцкі «Озерлаг» у 1949 годзе. Туды яго перавялі зь якуцкіх залатых капальняў. Менавіта ў Тайшэце Сікора і ўбачыў памерлага кс.Станкевіча, якога ведаў яшчэ з даваенных часоў.

Успамінае Віктар Сікора: «У Тайшэце быў асобы закрыты рэжымны канцлягер. Зьняволеныя мелі нумары на сьпіне, нагавіцах і шапцы… Працавалі па 12 гадзінаў у дзень, і гэта толькі «чыстая» праца. Кожныя дзьве гадзіны нас пералічваў канвой… У Тайшэце шмат беларусаў сядзела. Былі й такія, што партызанілі пасьля вайны. Былі і былыя «франтавікі» з Чырвонай арміі. Яны хоць «іскуплялі» крывёю сваю «віну», але іх усё адно бальшавікі пасадзілі…

Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэта — гэта пахаваньне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы і кажуць: «Ксёндз у нас памірае. Як бы вады знайсьці?» А ў нас там вады не было. Рабілі сьвідравіны, але да 84-мэтровай глыбіні яе не знайшлі ды не змаглі прабіцца глыбей — далей была скала… А рэчка знаходзілася аж у 7 кілямэтрах ад лягеру. Зьбіралі дажджавую ваду, а зімой даводзілася нам зьбіраць сьнег і тапіць яго. Ужо пазьней нам далі машыну, і мы вазілі лёд зь невялічкай рэчкі, нарыхтоўвалі яго, перасыпалі пілавіньнем…

Дык вось, просяць літоўцы вады. — А адкуль ён? — пытаюся я. — Зь Вільні, — адказваюць. Я прынёс сьнегу, растапіў яго, і яны панесьлі ваду. Пасьля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: — А вы ня скажаце прозьвішча ксяндза, не Станкевіч? — Станкевічус Адомас, — адказваюць яны. Распытаў я, у якім бараку ён ляжыць і пабег туды, а Станкевіч быў ужо мёртвы… Яго было цяжка пазнаць…

У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мясьнік», які ўпрост ірваў труп на кавалкі…

Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць «мясьнік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі…

Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю…»

Запісаў Сяргей Ёрш


Каментары

Цяпер чытаюць

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі6

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр музыка Леанід Марголін

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю20

Пасля паведамлення пра знішчэнне рэтранслятараў МТС абвясціў закупку на аднаўленне інфраструктуры на Палессі17

Калеснікава: Калі людзі не могуць паехаць у Еўропу, яны едуць у Расію77

Трамп адклаў эскалацыю вайны з Іранам праз нястачу ракет СПА — The New York Times4

Зянон Пазняк прыехаў ва Украіну ФОТАФАКТ91

У Латвіі прыбяруць дарожныя знакі, якія ўказваюць на Беларусь і Расію26

«Я нарэшце знайшла яго!» Як найлепшыя сябры выявілі, што яны — брат і сястра3

У Германіі мужчына «наняў» ChatGPT у якасці адваката. Яму ўдалося выйграць справу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі6

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць