Архіў

Сяргей Радштэйн. Як зрабіць мір

№ 22 (179), 29 траўня — 5 чэрвеня 2000 г.


 

Як зрабіць мір

То ў адным, то ў другім кутку Афрыкі ўспыхваюць войны. Чорны кантынэнт стаў кантынэнтам безнадзейнасьці

 

Урад Сьера-Леонэ апынуўся заціснуты ў сталіцы, як некалі ўрад Паўднёвага Віетнаму — у Сайгоне. Жыхары абкладзенага места заўважылі, што ўсе белыя з рэчамі цягнуцца да аднаго месца, і праз колькі хвілін пачулі шум шрубалётаў — белыя зьляцелі, а тубыльцаў, якія таксама прагнулі пакінуць краіну, чакала расчараваньне, бо 700 брытанскіх дэсантнікаў рупна правялі апэрацыю па выратаваньні толькі белага насельніцтва.

Жыхары гэтай малой афрыканскай сталіцы ў паніцы, бо аднойчы напачатку 1999 г. паўстанцы ўжо бралі Фрытаўн і тады спалілі трэцюю частку места і замардавалі некалькі тысячаў месьцічаў. Ваякі-паўстанцы звычайна п’яныя ды абкураныя і нішчаць ды калечаць на сваім шляху ўсё жывое — ёсьць у іх такая «забава» — адсякаць людзям рукі мачэтэ. У іхным войску вельмі шмат дзяцей, і лютасьць іх часта нематываваная. Тады, у 1999-м, аб’яднаныя сілы заходнеафрыканскіх дзяржаваў на чале зь Нігерыяй выбілі кілераў Аб’яднанага Рэвалюцыйнага Фронту з Фрытаўну. Гэтае ж войска з 8700 чалавек пад сьцягам ААН мусіла б абараняць насельніцтва краіны, але гэта ня войска, а сапраўдная катастрофа, што стала сымбалем марнасьці мірных мерапрымстваў ААН.

Стракатае паводле этнічнага складу, скалочанае найперш з прадстаўнікоў адсталых краінаў Афрыкі, яно складаецца з авантурнікаў, сквапных на грошы, але няўмелых у вайне, і, да таго ж, дрэнна ўзброеных. У выніку больш за 500 зь іх трапіла ў палон. Паўстанцы пазабіралі ў іх машыны, зброю, форму і разабраць цяпер, дзе аанавец, дзе паўстанец, цяжка. У выніку жаўнеры ААН часта самі страляюць адзін у аднаго. Афрыка!

Сьера-Леонэ ўтрая меншая за Беларусь і жыве ў нэндзе, хаця мае вялікія запасы дыямэнтаў. З 1991 да 1996 г. там ішла грамадзянская вайна, а пасьля быў утвораны «ўрад нацыянальнага адзінства», дзе кантраляваць здабычу дыямэнтаў згодна з цынічным кампрамісам прызначылі правадыра паўстанцаў. Атрымаўшы гэтую пасаду, ён атрымаў грошы для далейшай барацьбы за ўладу, бо пачаў спэкуляваць тымі дыямэнтамі праз суседнюю Лібэрыю. ААН спрабавала дабіцца прымірэньня, пачала плаціць паўстанцам за здачу зброі, а таксама арганізоўваць магчымасьць для перавучваньня дзяцей-баевікоў. Але марна. Працаваць яны не хацелі, зброі мелі пад дастаткам — аўтамат каштуе столькі, колькі дзьве курыцы.

Атрымалася, што ў Сьера-Леонэ ААН замірала бандытаў, што й ня думалі выконваць пагадненьні, а толькі рыхтаваліся да вайны. ААН у чарговы раз паказала сваю неэфэктыўнасьць.

Прыродна багатая Афрыка пры гэтым пакутуе ад частых прыродных жа катастрофаў — апошнімі былі паводка ў Мазамбіку і суша на Афрыканскім Розе. Беднасьць і AIDS забіваюць тут, як нідзе ў сьвеце, але афрыканцы, нібы ня бачачы таго, варагуюць далей. Так, Этыёпія і Эрытрэя, якімі кіруюць некалі саюзьніцкія рухі, што разам колісь скінулі марксісцкі рэжым Мэнгісту, б’юцца за кавалак пустэльні, тым часам у іхных краінах тысячамі ад голаду памірае мірнае насельніцтва.

Паўтузіну афрыканскіх краінаў даслалі свае войскі ў Конга ці на бок дыктатара Кабілы, ці на бок трох паўстанцкіх рухаў, і афрыканцы атрымалі чарговую «Вялікую Афрыканскую Вайну». А што гэта за вайна, дастаткова сьведчыць той факт, што паўстанцы на ёй часта ваююць голыя, толькі ў амулетах ды чараўніцкіх масках, ды ядуць чалавечыну. Ці гэткія войны фармуюць нацыі? Сёньня ніхто й не заікаецца пра дасылку сілаў ААН у вялізнае Конга.

Між тым абвастраецца супрацьстаяньне белых і чорных у Зімбабвэ. Кажуць, брытанцы распрацавалі плян эвакуацыі 20 000 белых з гэтай сваёй былой калёніі, а ў Сьера-Леонэ толькі адрэпэтавалі яго.

Кофі Анан скардзіцца на няроўнасьць увагі міжнароднай супольнасьці да Афрыкі і, скажам, да Косава. Адміністрацыя Клінтана сьпярша абяцала павялічыць удзел ЗША у міратворчых апэрацыях, але пасьля правалу гуманітарнага ўмяшаньня ў Самалі ўсё правалілася. Клінтан перайшоў да канцэпцыі, што «ААН мусіць ведаць, калі яна павінна казаць «не» міратворчым апэрацыям».

Папярэднік Анана на пасадзе генсака Бутрас Галі неяк сказаў, што сусьветную супольнасьць «абыходзяць толькі войны багатых». У 1994 г. заходнія палітыкі ўпарта не заўважалі генацыду 800000 чалавек у Руандзе. Сёньня ніхто ня ўпэўнены, што тое самае не паўторыцца ў нейкай іншай краіне. У Косава й Тымор дапамога прыйшла. Крыху позна, але прыйшла. Ці прыйдзе яна ў Афрыку? Пэўна, праблема ўва ўяўленьні белых пра чорных афрыканцаў, якіх белыя й цяпер лічаць людзьмі толькі фармальна.

Сяргей Радштэйн


Каментары

Цяпер чытаюць

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў9

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі дыджэй зрабіў хітом дыскатэк «Калыханку»3

Трамп заявіў, што да Ірана накіроўваюцца амерыканскія вайсковыя караблі4

Гістарычны пералом. Вецер і сонца сталі галоўнымі крыніцамі электраэнергіі ў Еўрасаюзе19

Сэкс, смерць і здрада. У КНДР знялі прапагандысцкі фільм галівудскага ўзору4

У Крамлі пачаліся перамовы Пуціна з прадстаўнікамі Трампа1

Абвясцілі намінантаў на сёлетняга «Оскара». У фільма «Грэшнікі» 16 намінацый

Гардэроб Янкі Купалы вынеслі на мароз ФОТАФАКТ2

Праз канфлікт з экс-сяброўкай і менеджаркай спявачка Лера Яскевіч будзе вымушаная выдаліць усе свае песні18

У Францыі паведамілі падрабязнасці пра расійскі ценявы танкер, затрыманы ў Міжземным моры1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў9

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць