Навіны
Будзе ў Полацку Сьвятая Ганна
Мэр Полацку Ўладзімер Тачыла ў газэце «Полацкі весьнік» прапанаваў узнавіць касьцёл Сьв.Ганны. Рэшткі гэтага храму захаваліся ля бэрнардынскіх муроў. Гэты касьцёл быў пабудаваны у 1758 годзе на левым беразе Дзьвіны ў комплексе бэрнардынскага кляштару. У 1832 годзе расейскімі ўладамі кляштар быў скасаваны, а касьцёл перададзены праваслаўнай царкве. Храм, пасьля нязначнай перабудовы, пачаў называцца царквою Івана Багаслова і дзейнічаў яшчэ ў 20-х гадох, але неўзабаве энкавэдысты прыстасавалі памяшканьні былога кляштара пад вязьніцу. Менавіта адсюль пачынаўся пакутніцкі шлях для дзясяткаў тысячаў жыхароў Полаччыны. Пасьля другой сусьветнай вайны жылыя карпусы бэрнардынскага кляштару прыдаліся пад псыхіятрычную лякарню, дзе яна месьціцца па сёньня. Руіны касьцёлу Сьв.Ганны – адзінае сьведчаньне пра шматлікія полацкія касьцёлы, якія існавалі яшчэ напачатку ХХ ст.
В.К., Полацак
Анішчанка сышоў з року
Шмат хто з аматараў беларускай маладзёвай музыкі ведае навапалачаніна Сяргея Анішчанку. Музычныя крытыкі ня раз называлі яго пачынальнікам айчыннай рок-музыкі.
Напрыканцы 80-х Аншчанка стварыў адзін зь першых беларускамоўных рок-гуртоў «Пошук», на працягу 90-х пэрыядычна ладзіў у Наваполацку рок-фэстываль «Рок-кола». Але сёлета Сяргей, так бы мовіць, зьмяніў жанар — заняўся выключна духоўнай музыкай. Здарылася гэта пасьля таго, як ён далучыўся да мясцовай рыма-каталіцкай грамады. Разам з навапалачанкай Тацянай Малухінай ён стварыў дуэт і запісаў касэту рэлігійных сьпеваў «Царства любові». Спэцыялісты адзначаюць высокі прафэсійны ўзровень гэтай працы.
29 жніўня ў Наваполацкім цэнтры нацыянальных культураў адбыўся канцэрт дуэту Анішчанка—Малухіна. Музыкі ўразілі сваім выкананьнем слухачоў. За непрацяглы час яны стварылі цалкам новую праграму на паўтары гадзіны. Летам дуэт ужо зрабіў некалькі выступаў. У сярэдзіне жніўня Анішчанка—Малухіна былі запрошаныя ў Росіцу Верхнядзьвінскага раёну на ўрачыстасьці з нагоды бэатыфікацыі айцоў-марыянаў Антона Ляшчэвіча і Юр’я Кашыры.
Васіль Кроква, Полацак
Храм вярнулі з забыцьця
Віцебская зямля хавае яшчэ шмат цікавага для дасьледчыкаў даўніны. Сёлета падчас рэканструкцыі старажытных саляных складоў, што стаяць на правым беразе Дзьвіны, будаўнікі натрапілі на могільнік і адкапалі парэшткі шасьці чалавек.
Гэта ўжо другая нечаканая знаходка на месцы колішніх саляных складоў. Чатыры гады таму, вывучаючы помнік, вядомы дасьледнік віцебскай спадчыны, археоляг Iгар Цішкін знайшоў падмуркі невядомага культавага будынку. Росшукі ў архівах раскрылі таямніцу храму.
Аказваецца, на месцы саляных складоў у канцы XVI — пачатку XVII ст. была пабудаваная царква Стрэчаньня. Паводле хрысьціянскай традыцыі побач з храмам былі зробленыя могілкі. Як мяркуюць гісторыкі, у сярэдзіне XVII ст. падчас гэтак званай расейска-польскай вайны, храм быў разбураны. Верагодна, пасьля жахлівых ваенных гадоў царкву не было каму аднаўляць. Парафіяне хутчэй за ўсё загінулі або былі вывезеныя ў расейскі палон.
Руіны Стрэчанскай царквы прастаялі да першага падзелу Рэчы Паспалітай. Неўзабаве пасьля далучэньня Віцебску да Масковіі, расейская адміністрацыя выкупіла ў гарадзкога магістрату рэшткі храма з прылягаючай зямлёй і пабудавала тут саляныя склады.
На доўгі час пра існаваньне царквы забыліся. Выпадковыя знаходкі вярнулі старажытны храм з гістарычнага забыцьця.
Юрась Сьцяпанаў
Уніяты ў Кастамалотах
З 25 па 31 жніўня на Падляшшы ў вёсцы Кастамалоты на Бузе адбыліся рэкалекцыі беларускіх грэка-каталікоў. Тутака ў старэнькай цэркаўцы Сьв.Мікіты дзейнічае ўніяцкі санктуары – адзіны ў Польшчы. У Кастамалоты зьехаліся блізу 20 чалавек – прадстаўнікі практычна ўсіх беларускіх уніяцкіх суполак. Удзельнікі рэкалекцыяў зрабілі пілігрымку ў суседняе мястэчка Кодынь. У Кодыньскім касьцёле, былым уніяцкім храме, захоўваецца славуты абраз Маці Божай Цудатворнай, які, згодна зь легендай, быў скрадзены магнатам Вялікага Княства Літоўскага Мікалаем Сапегам у Папы Рымскага.
Васіль Кроква
Каментары