Архіў

Вінцэсь Мудроў. Найноўшы крыўскі іменьнік

№ 43 (200), 23 — 30 кастрычніка 2000 г.


 

Вінцэсь Мудроў

Найноўшы крыўскі іменьнік

 

Ня ведаю — як каму, а мне зь дзяцінства не падабалася маё імя — Віктар. Ужо ў сталым веку, разглядаючы, так бы мовіць, ягоную сэмантыку, яго адпаведнасьць сваёй натуры, я кожнага разу адчуваў, што гэтае імя не маё і што яно выпала мне нейкім недарэчным чынам. Зрэшты, так яно і было: імя нарадзілася не ў бацькоўскіх галовах, а ў зашмальцаванай вайсковай фуражцы, а таму і было адрынута душою.

На наступны дзень па маіх народзінах — а нарадзіўся я ў Полацку — бацька мой, малодшы лейтэнант Савецкай Арміі, прыйшоў на службу зь дзьвюма пляшкамі гарэлкі, афіцэры павіншавалі яго з нараджэньнем першынца, узялі па чарцы і па старой армейскай завядзёнцы сталі падбіраць імя. Дзеля гэтага напісалі на паперках уласныя імёны, кінулі паперкі ў фуражку, і бацька з наструненай усьмешкай на твары выцягнуў Віктара. Пасьля таго майму “хроснаму”, пад ухвальныя воклічы прысутных, давялося шыбаваць у краму яшчэ па дзьве пляшкі.

І вось, працяўшыся ў няпоўныя 18 гадоў беларускім духам, я мусіў паглыбіцца ў нетры анамастыкі і шукаць свайму імю беларускі адпаведнік. Калі б на той час пад рукой быў “Расейска-крыўскі слоўнік” Ластоўскага, я б, відаць, ахрысьціў сябе Віктусём, але пра той слоўнік у 1971 годзе не было й почуту, таму давялося перабраць шмат варыянтаў, аж пакуль на вочы не патрапіла назва аповесьці Барыса Мікуліча “Жыцьцяпіс Вінцэся Шастака”. Імя Вінцэсь лагодзіла слых сваім мяккім канчаткам, які этнічныя расейцы ня ў стане вымавіць (расейцы заўсёды кажуць: Вінцэс), да таго ж яно захоўвала пачатак першароднага імя, і, гэткім чынам, улетку AD MCMLXXI у Беларусі на аднаго Вінцэся стала больш.

Беларусізацыя імёнаў наагул справа ня зь лёгкіх. Памятаю, свойчас шмат пакутаў на гэтай ніве зьведаў Сяржук Сокалаў-Воюш — тады яшчэ проста Сяргей Сокалаў. Яму таксама муляла ягонае імя, і ён спрабаваў надаць яму крыўскае гучаньне. “Серы, Сергусь, Сэржант…” — дзень да ночы мармытаў малады паэта, нарэшце паехаў у Менск, па кансультацыю да Вінцука Вячоркі, але і той ня даў рады зьбеларусіць Сяргея.

І вось аднойчы ён уваліўся да мяне ў кампаніі яшчэ аднаго Сяргея — Дубаўца, каб адведаць Анатоля Сідарэвіча, які прыехаў зь Менску ды захварэў і ляжаў на маёй канапе. Мы ўчатырох сталі абмяркоўваць сокалаўскую праблему, нечакана за левым вухам у мяне штосьці шчоўкнула, мазгі прасьвятлелі, і я гучна прамовіў: “Сяржук!” Запанавала няёмкая цішыня, якую парушыў спадар Сідарэвіч: “Ды што вы, бляха... сяр ды яшчэ і жук...” Пасьля такіх словаў дзядзька Анатоль хваравіта кашлянуў і кульнуўся на левы бок.

На наступным тыдні паэт, уздыхнуўшы, перапытаў: “Дык, кажаш, Сяржук?”

“Сяржук”, — пераканаўча прагугнеў я ў адказ.

“Прозьвішча вось толькі расейскае, — працягваў сябрук, — трэба нейкі беларускі прыдомак… Як на твой слых — Сокалаў-Воюш — гучыць?”

“Гучыць, — кажу, — а Воюш, гэта адкуль?”

“Матчына прозьвішча, — суцішна прамовіў Сяржук і, памаўчаўшы, дадаў: — Продкі мае, няйначай, былі воямі”.

А яшчэ праз пару тыдняў — на календары быў 1983 год — мы з Сержуком Сокалавым-Воюшам паехалі ў сталіцу, на сэмінар маладых пісьменьнікаў. У першы ж сэмінарны дзень, пабачыўшы ў Сержуковых руках сшытак, у які сябрук запісваў розныя бзікі і хохмы, я вялікімі літарамі напісаў на вокладцы: “Сшытак Сержука Сокалава-Воюша”. Удзельнікі сэмінару раз за разам перачытвалі надпіс і ў рэшце рэшт прызналі такое імя геніяльным. На трэці дзень у Каралішчавічы, дзе адбывалася імпрэза, завітаў спадар Сідарэвіч. Пачуўшы, што ягонага наваполацкага знаёмца ўсе скрозь называюць “Сяр ды яшчэ і жуком”, ён толькі скрушна пахітаў галавою. А дзесьці пры канцы васьмідзясятых Сержукі пайшлі плоймамі і ймя гэтае сталася адным з самых папулярных у асяродку беларускай моладзі.


Каментары

Цяпер чытаюць

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране22

Светабнаўляецца22

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране

Усе навіны →
Усе навіны

«Не прапусціла служба бяспекі». Польскі банк адмовіў беларусу з ДНЖ, але пратэрмінаваным пашпартам у адкрыцці рахунку для ІП4

Зяленскі мяркуе, што можна дасягнуць міру ва Украіне да лістапада1

Заснавальніка расійскага прапагандысцкага тэлеграм-канала на 2 мільёны падпісчыкаў затрымалі за махлярства

Трэнд сярод беларускіх зумераў і міленіялаў: усё больш моладзі вяртаецца жыць да бацькоў28

Міністра Рыжанкова здымаюць з кіраўніцтва Федэрацыі баскетбола5

На дзяржаўным тэлебачанні прагучала «Купалінка» — яе выканаў сербскі іераманах, які шмат гадоў жыве ў Беларусі1

У Польшчы арыштавалі групу тэлефонных махляроў. Сярод іх былі і беларусы

Пракоп’еў: З каманды ёсць толькі я і Сяргей Ціханоўскі54

Нікол Пашынян выбачыўся перад сваёй жонкай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране22

Светабнаўляецца22

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць