Архіў

Людміла Рублеўская. Кніжныя людзі

№ 46 (203), 13 — 20 лістапада 2000 г.


Людміла Рублеўская 

Кніжныя людзі

 

Самым вядомым у гісторыі літаратуры кніжным гандляром быў Герман Гесэ. Ахвяра “кніжнага комплексу” і стваральнік “Кніжнага чалавека”, што існуе толькі ў вычытаным і таму ня мае ўласнага твару.

Пры канцы ХХ стагодзьдзя расейскі канцэптуальны літаратар Аляксей Цьвяткоў стварыў “Забывальніка кніг”, які расчляняе вокладкі і сьвідруе літары да нэрваў.

У кнігарню прыходзіш зусім зь іншым пачуцьцём, чым у бібліятэку. Хаця і там, і там прысутнічае азарт паляўнічага. Сапраўдны Кніжны чалавек сьвята верыць, што дзесьці на пыльных паліцах, у самым далёкім кутку хаваецца тая самая Кніга, якую ён шукае ўсё жыцьцё…

Але трыюмф бібліятэчнага чытача – гэта часовы трыюмф забойцы. Ён павінен за адведзены бібліятэчнымі правіламі тэрмін дастаць душу кнігі і назаўсёды прыўлашчыць, высмактаць са спрэсаваных старонак, падобна вампіру, духоўную энэргію і вярнуць назад пустую абалонку…

Якая для наступнага спажыўца зноў напоўніцца крывёй – мудрасьцю… Ці эрзацам эмоцыяў, якія дазволяць чытачу ашчаджаць уласныя.

У кнігарню прыходзіць не чытач, а пакупнік. Бібліятэчны чытач падобны да аматара фліртаў, пакупнік – прыхільнік шлюбу. Кніга, якую ён набудзе, застанецца зь ім… Ад кніг ня так лёгка пазбавіцца, нават ад нялюбых – выкінуць шкада, падарыць ужываную няёмка… Бібліятэчны чытач можа рызыкаваць і браць кнігі наўгад. Пакупнік выбірае напэўна. Тое, што патрэбна.

Вітрыны кнігарняў лепш, чым паліцы бібліятэк, адлюстроўваюць мэнтальнасьць нацыі. Парады гаспадынькам і гісторыя халоднай зброі з шыкоўнымі ілюстрацыямі, уперамежку абрады чорнай магіі і рэцэпты праваслаўнай кухні…

Самыя цудоўныя кнігарні – букіністычныя. А ў іх я найбольш люблю антыкварны аддзел. Часам удаецца знайсьці кнігі, якія доўга не куплялі, і прызначаная за іх цана за гэты час зрабілася зусім невялікай. У гэтым таксама выпадак і рызыка – невядома, што патрапіш набыць.

Яшчэ большую каштоўнасьць, чым тэкст, у Старой Кнізе маюць маргіналіі, аскалёпкі люстэрка эпохі. Напрыклад, на шмуцтытуле набытага ў “Вянку”, у Траецкім прадмесьці, падручніка агульнай геаграфіі 1907 году штамп аптэкарскай крамы і каравыя запісы алоўкам ня вельмі абазнанага некага, кшталту “Мефология – различная сказания”, “Релефт – неровность земли”, “Скомпрометировать – значит – об’ясниться в любви”.

Зь Вільні я прывезла том дадаткаў да часопісу “Ніва” 1913 году выданьня. Неразборлівы эксьлібрыс прыватнай бібліятэкі, побач –
пячатка перасоўнага фонду Ленінградзкага Дому мастацтваў. У артыкуле “Дарагавізна жыцьця” адзначаецца, што драматург Астроўскі за свае цудоўныя творы атрымліваў па 25 рублёў за аркуш, а сучасны аўтару артыкула шараговы літаратурны работнік ня будзе працаваць і за 40 рублёў за аркуш…

А сучасныя беларускія літаратары ніяк ня могуць зьмірыцца з думкай, што кніга – тавар, а значыць, павінна падпарадкоўвацца законам рынку. Пісьменьнікі – ідэалісты…

Дадатак да “Нівы” я выкупіла за чатыры літы, што роўна аднаму даляру. Кнігі не на літоўскай мове ў краме стаялі асобна і цаніліся танна.

У сёлетні прыезд у Вільню прыцанілася да сьціплага тамка – кнігі па-эўрапейску стаялі не на паліцах, а ў жывапісных грудах на фоне старажытнай зброі і фальшывай кітайскай бронзы. Халява скончылася – менш чым за сто даляраў мне нічога не прапанавалі.

У кнігарню ніколі не заходзіш як гаспадар. Калі ты працаўнік так званай духоўнай сфэры, ты магутны чытач, але нікчэмны пакупнік. Твае патэнцыйныя суразмоўцы, закаваныя ў стракатыя вокладкі, ня могуць прабіцца да цябе, адгароджаныя недаступнымі табе лічбамі.

У расейскіх фантастаў братоў Стругацкіх ёсьць такія пэрсанажы – мудрыя макрацы, якія рыхтуюць Апакаліпсыс і пераўтварэньне сьвету. Макрацы жывяцца чытаньнем. Бяз кніг яны паміраюць ад голаду. Праўда, яны лысыя, сьлізкія і да таго ж імпатэнты.

Побач з кнігарняй, што ля нашага дому, сьціплага выгляду кабета спрабуе прадаць мне вялікую, у цьвёрдай бліскучай вокладцы расейскамоўную дзіцячую кнігу. Аказваецца, кабета – аўтарка гэтай кнігі. Доўга рэклямуе свой тавар, збаўляе цану… Я не купляю. Мне страшна, нібыта перад крывым люстэркам.


Каментары

Цяпер чытаюць

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская выступіць на амерыканскім форуме па бяспецы ў Аспене13

Беларусь увайшла ў топ-25 краін з самым танным курыным філе3

Караль Наўроцкі заклікаў польскі Сейм забараніць сцяг УПА37

Чэшка Лінда Носкава выйграла Уімблданскі турнір

Беларусам патлумачылі, чаму накіп у чайніку — гэта добра6

Наста Рагатко расказала пра «тупыя ўстаноўкі», ад якіх ёй прыйшлося адмовіцца пры продажы сваёй кнігі13

Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін2

Сабаленка расказала, чаму жаніх падарыў ёй такі буйны пярсцёнак2

У Ашмянах бабёр перайшоў дарогу строга па пешаходным пераходзе ВІДЭА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць