Стома матэрыялу
“Беларускі Гістарычны Агляд” неўзабаве часова прыпыніць выхад. У “Спадчыны” – новы рэдактар, і нарэшце зьявіцца першы сёлета падвойны (№1—2’2001) нумар часопісу.
Беларускі рынак нацыянальнай гістарычнай прадукцыі малы. На краіну з 10-мільённым насельніцтвам, з добрым адсоткам інтэлігенцыі ў нас усяго тры сапраўдныя гістарычныя часопісы.
Генадзь Сагановіч заснаваў “Беларускі Гістарычны Агляд” у лістападзе 1994 г., ад таго часу выйшла 12 нумароў. “БГА” — акадэмічны часопіс эўрапейскай школы, разьлічаны на спэцыялістаў. Аднак у Інстытуце гісторыі чытаюць яго лічаныя адзінкі. Колькі тыдняў таму Генадзь Сагановіч абвясьціў, што былі здадзеныя ў друк апошнія два нумары часопісу. “Трэба ўзяць тайм-аўт, азірнуцца, паглядзець на ўсё зь іншага ракурсу, бо інакш цяжка пабачыць зробленае”, — кажа ён. Ад 1994 г. Сагановіч фактычна адзін цягнуў “Агляд” ад пачатку і да канца. Стаміўся чалавек... Паралельна працаваў у Інстытуце гісторыі, займаўся навуковымі досьледамі ды “Бібліятэкай БГА”, якая, дарэчы, будзе пашырацца. За няпоўныя два гады ў гэтай сэрыі выйшлі кнігі пра Франца Кушаля, Сымона Кандыбовіча, СБМаўцаў, Случчакоў... Кнігі, якіх дзяржаўныя выдавецтвы баяцца як чорт ладану.
Акрамя “БГА” з 1993 г. у нас выходзіць “Беларускі Гістарычны Часопіс”, што з сур’ёзнага навуковага дэмакратычнага выданьня паступова ператварыўся ў мэтадычны дапаможнік, які лепш было б пераназваць “Праблемы выкладаньня гісторыі ў школе”.
Была шчэ навукова-папулярная “Беларуская мінуўшчына”, якая закрылася пасьля таго, як дзяржава адмовіла ёй у фінансаваньні. Рэгіянальныя часопісы (“Гістарычны альманах”, “Магілёўская даўніна”) маюць маленькі наклад і разыходзяцца найперш у сваіх рэгіёнах.
Найбольш масавым беларускім гістарычным часопісам заўжды была “Спадчына”, якая паўстала ў 1989 г. замест “Помнікаў гісторыі й культуры Беларусі” й друкавала матэрыялы па “невядомай” гісторыі краіны. У пачатку 90-х яна адкрывала чытачам Вялікае Княства, Беларускую Народную Рэспубліку, несавецкую культуру. Ад 1995 г. у “Спадчыне” друкавалася тое, што не магло быць апублікавана ў афіцыйным “БГЧ” і што не падыходзіла па навуковых крытэрах “Агляду”. Значная частка нумару адводзілася беларускай эміграцыі: Вітаўт Тумаш, Юрка Віцьбіч, Антон Адамовіч... Тое перасылася зь Нью-Ёрку Лявонам Юрэвічам.
Цягам апошніх двух гадоў “Спадчына” затрымлівалася з выхадам, не ўкладваючыся ў звыклыя рамкі. Так, чацьверты нумар за 2000 г. зьявіўся пры канцы сьнежня. Падвойны №5–6 – сёлета ў сакавіку. А першага нумару за 2001 г. усё яшчэ няма. Пры канцы мінулага году папаўзьлі чуткі, што часопіс спыніць сваё існаваньне пасьля №3’2001. Ягонаму рэдактару, Вячаславу Ракіцкаму, было цяжка спалучаць “Спадчыну” з Радыё Свабода: “Праца на Радыё Свабода вымагала рэгістрацыі ў МЗС у якасьці журналіста замежнага СМІ. У такім выпадку нельга было працаваць у беларускім выданьні... Але, напэўна, галоўнае — я адчуваю стому. 12 год працы ў “Спадчыне” — гэта шмат, дый цяжка сумяшчаць дзьве працы адразу”.
Цяпер праблема вырашаная. Замест Ракіцкага рэдактарам стаўся доктар гістарычных навук і куратар аддзяленьня гісторыі Беларускага Калегіюму Захар Шыбека. Ён сказаў, што ніякіх кардынальных зьменаў у часопісе ня будзе, папросту прыйшоў у стары калектыў новы чалавек. “Спадчына” мусіла быць выратаваная — у часопісу больш за 1000 падпісчыкаў. Новая-старая “Спадчына” будзе арыентавацца на публікацыю дакумэнтаў, працаў краязнаўцаў, музэйшчыкаў, нездарма пэрыёдык мае адпаведную назву. Рэдакцыя адчувае віну перад чытачамі й хоча гэтую віну загладзіць.
Літаратуразнаўца Арсень Ліс, камэнтуючы сытуацыю са “Спадчынай”, кажа: “Галоўная прычына ўсіх бедаў у тым, што сябры рэдакцыі заняліся палітыкай, і фактычна ўсю працу рабіў адзін Ула-дзімер Ляхоўскі. Нягледзячы на тое, што прыходзяць новыя кадры ў навуку, людзей не стае. Сейбітаў мала, а загон вялікі. Гэтаксама не стае людзей у літаратуры, каб пісаць гісторыю літаратуры. Не дзеля “птушачкі”, а па-сапраўднаму, глыбока ўваходзячы ў праблему”.
Тыя самыя словы пра стому пачуў нядаўна ад аднаго заўсёды жыцьцярадаснага і дзейнага рэдактара незалежнай беларускай газэты. Кажа, што апошнія нумары газэты вельмі цяжка яму даваліся, вырываў амаль зубамі.
І тут стома. Стома ад працы, шчырай, адданай, самаахвярнай. Стаміўся гісторык Генадзь Сагановіч, стаміліся рэдагаваць культуроляг Вячаслаў Ракіцкі, філёзаф Ігар Бабкоў з “Фрагмэнтаў”, стаміўся несьці на сваіх плячах “Спадчыну” Ўладзімер Ляхоўскі.
Імкненьне забясьпечыць сям’ю й сябе прымушае брацца за некалькі працаў адначасова. Адна, другая, трэцяя. Далей бяз гэтай працы ня можаш. Як тут адпачываць, калі можна штось зрабіць, каб заўтра прасьцей было і меней працы. А заўтра мы клапоцімся пра пазаўтра. Два, тры, пяць год без адпачынку. Таму і прыходзіць стома, яна непазьбежная.
Існуе й стома маральная. 12 год таму пачалося чарговае беларускае Адраджэньне. Нацыянальныя інтэлектуалы спадзяваліся, што іх працы, без абрыдлага савецкага патасу і марксісцкай ідэалёгіі, знойдуць чытача. Але на дварэ 2001 г., а наклады кніг, што выдаюцца незалежнымі выдавецтвамі, усё вагаюцца ад 300 да тысячы асобнікаў. І складаецца ўражаньне, што такога накладу хапае. На ўласныя вочы бачыў, як мала прадавалася кніжак на Зьезьдзе беларусаў сьвету. Не цікавілі нашую “эліту” нашыя кнігі. Вынятак складалі беларусы зь Беласточчыны. Гэтыя накупілі воз кніг. Павязуць іх туды, дзе стома матэрыялу не такая адчувальная.
Эдвард Людовіч
Каментары