Архіў

Ганчарык на кірмашы

№ 36 (245), 3 верасьня 2001 г.


 Ганчарык на кірмашы

Учора на Кастрычніцкай плошчы Менску, пасярод традыцыйна-нечаканага “восеньскага кірмашу”, адбылася сустрэча Ўладзімера Ганчарыка з выбаршчыкамі.

 

Людзей, сярод якіх была значная колькасьць рабочай клясы, сабралася тысячы са тры. Над імі гойдаліся бел-чырвона-белыя сьцягі, сінія сьцягі прафсаюзаў, а зуброўскія харугвы міла суседзілі з чырвонымі савецкімі.

Як толькі Ганчарык пад ухвальныя воклічы натоўпу ўскочыў на імправізаваную трыбуну, распагодзілася. Забягаючы наперад, скажам, што праз паўтары гадзіны, калі Ганчарык сышоў, сонца таксама схавалася за хмары.

Распачаў сустрэчу Аляксандар Дабравольскі. Ён распавёў пра адзінага кандыдата і патрэбу зьяўленьня на выбарчых участках 9 верасьня. Потым выступіў сам Ганчарык, якога віталі бурнымі авацыямі. Сказаўшы колькі словаў па-беларуску, зьбіўся на расейшчыну. Тэзысы вядомыя: вольная і квітнеючая Беларусь, шчасьлівая сьветлая будучыня. Будзе прафэсійнае войска, міліцыя ня будзе такой велізарнай, натуральна, ня будзе ніякіх эскадронаў сьмерці. Працоўныя месцы ня будуць скарачацца, калгасы — разганяцца, будзе ў межах дазволенага прыватная ўласнасьць на зямлю. Паабяцаў росквіт нацыянальнай культуры і вяртаньне страчаных укладаў, калі не грашыма, дык таварамі. Паабяцаў таксама падтрымліваць спорт, не будаваць лядовых палацаў, заявіўшы: “Я на лыжах па асфальце бегаць ня буду”.

Людзі ў пытаньнях непакоіліся наконт магчымых фальсыфікацыяў у часе датэрміновага галасаваньня. Прыйшла цыдулка і наступнага зьместу: “У Валожынскім раёне калгасьнікаў сабралі лукашэнкаўскія агітатары і заявілі, што калі людзі не прагаласуюць за дзеючага прэзыдэнта, то каровы не атрымаюць сена. Адна 78-гадовая бабуля слушна заўважыла: “Хай мая карова лепш здохне, чым будзе есьці лукашэнскае сена”.

Выступілі Чыгір, Палевікова, Лявонаў. Казлоўскі сказаў, што яго зьдзівіла зьяўленьне ў тэлевізары Лукашэнкі ў генэральскай форме. Вячорка распавёў пра пазаўчорашні футбол і зьбіцьцё юнакоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. “Гэта не беларусы прапусьцілі два мячы, а Лукашэнка, — абвясьціў Хашчавацкі, — а трэці гол мы з Уладзімерам Іванавічам заб’ем 9 верасьня, і адыграць той мяч Рыгоравіч ужо ня здолее”. Па-хвацку выступіў Някляеў: прызнаўся, што гэта ён, задоўга да зьяўленьня Лукашэнкі, напісаў вершык “Стаю на асфальце Ў лыжы абуты: Ці лыжы ня едуць, Ці я вальтануты”. Сяргей Калякін заклікаў усіх беларусаў зьяднацца — нацыяналістаў з камуністамі, пэнсіянэраў з маладымі — у імя самазахаваньня нацыі. “Празь пяць год мы будзем у два разы бяднейшыя, калі цяперашняя ўлада захаваецца”, — зазначыў.

З асаблівай увагай выслухалі прысутныя паведамленьне розных выступоўцаў пра тое, што МАЗ патроху пачалі прадаваць Расеі. Ганчарык падкрэсьліў, што за Лукашэнкам падобны лёс чакае ўсю беларускую прамысловасьць, бо сам Лукашэнка ня дасьць рады гаспадарцы.

Бракавала гарачага Севярынца, але ягоны сьцяг падхапіў Дабравольскі, што зычна заводзіў публіку. Над плошчай неслася: “Ганчарык” і “Жыве Беларусь”. Такі б голас ды ў суботу на стадыёне!

Лябедзька распавёў пра выступ Лукашэнкі перад вэтэранамі, дзе той, паклаўшы руку на сэрца, пранікнёным голасам казаў: “Я вас панімаю, бо мой бацька загінуў на фронце”.

Зьміцер Бартосік выканаў свае шлягеры “Пра арганічныя ўгнаеньні” і “Гандураскі сэрыял”. Па выступе Лявонава на сцэну выйшлі дзьве дзяўчыны (дуэт “Жанэт”) і прасьпявалі дзьве песьні па-расейску. Народ пачаў паціху разыходзіцца.

Дзяўчаты заклікалі моладзь зьявіцца на выбары менавіта 9 верасьня. Гэта слушны заклік, бо кіраўніцтва БДУ і іншыя рэктары робяць усё мажлівае, каб выперці студэнтаў у гэты дзень з гораду. 7—8 верасьня заняткі мусяць быць адмененыя, мажліва, зачыняцца на рамонт і інтэрнаты. Дэканам дадзенае ўказаньне, каб 70% студэнтаў прагаласавала датэрмінова.

Выступоўцы на працягу ўсёй імпрэзы падкрэсьлівалі, што галасаваць трэба толькі 9 верасьня, інакш труба. Яны ж заклікалі сабрацца ўвечары ў нядзелю на Кастрычніцкай плошчы (Лябедзька назваў дакладны час — 20.05), каб разам дачакаць вынікаў, якія абвесьціць Цэнтравыбаркам.

Эдвард Людовіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста8

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Талачыном адкапалі фрэскі ў крыпце князёў Друцкіх-Саколінскіх. На раскопкі назбіралі праз краўдфандынг4

50‑гадовая беларуская турыстка ўскарабкалася на гару Алімп. А вось спускалі яе на насілках4

Жанчына ў Вене судзіцца з горадам праз сэксісцкую плату за грамадскія туалеты13

Украіна заявіла пра ўдар па хімічным камбінаце ў Растоўскай вобласці, дзе вырабляюць ракетнае паліва1

Арганізатары беларускага TEDx у Варшаве дагэтуль не атрымалі грошы за прададзеныя квіткі — кампанія беларуса затрымлівае іх ужо 4 месяцы3

Затрымалі расійскую эскортніцу за забойства капітана-перабежчыка ў Севастопалі15

Выпускнік пінскай школы падарыў ёй сучасную спартыўную пляцоўку5

Экс-міністра культуры Маркевіча звольнілі з хлебнага месца. Туды ўскочыў іншы збіты лётчык6

Аўтобус з польскімі турыстамі разбіўся ў Венгрыі. Загінулі 12 чалавек2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста8

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць