Архіў

Максымальны суб’ектывізм

Минск: путеводитель по городу. Укл. Зьміцер Вайцяховіч.

Ценкая брашурка не адразу трапляе на вочы ў шапіках ды кнігарнях, хоць і мае ярка-чырвоную вокладку. Сам жанр праваднікоў па горадзе ў Беларусі даўно стаў рэліктавым. Перадусім за непатрэбаю. Дзесяцігодзьдзямі ніхто тут не чакаў чужых турыстаў. А сваім дык нібы і так усё ясна.

Менск можа пахваліцца двума клясычнымі праваднікамі — Шпілеўскага й Сыракомлі. Напісаныя зь піетэтам да старажытнага гораду, яны данесьлі да нас ягоны калярыт і водар пазамінулага стагодзьдзя. У стагодзьдзі мінулым найлепшыя кнігі пра Менск уклалі Каляда, Дзянісаў, Пазьняк, Целеш, Шыбека і Чарняўская зь Пятросавай. Але то былі гістарычныя выданьні, там ня ставілася мэта стварыць адаптаваны, цікавы для шырокага чытача тэкст пра сёньняшні горад і яго цікавосткі. Такая кніжка зьявілася толькі ў ХХІ ст.

Зьміцер Вайцяховіч прапануе чытачу нібы пашпацыраваць беларускай сталіцай, каб спраўдзіць, што з памятак мінуўшчыны яшчэ захавалася. У кнігу ўжо ня трапілі зруйнаваныя за апошнія гады вуліцы Замкавая й Дзімітрава, дамы №19 і 21 на пляцы Волі ды многае іншае, што яшчэ было ў «Зборы помнікаў» 1988 г. Затое можна пабачыць, як непазнавальна зьмяніліся пасьля рэстаўрацый і рэканструкцый апошніх гадоў некаторыя бажніцы й старасьвецкія дамы, падзівіцца на новыя мэмарыялы й помнікі.

Суб’ектывізм укладальніка робіць праваднік самакаштоўным. Вайцяховіч можа згадаць пра комплекс НКУС на Грушаўцы альбо зьвярнуць увагу на вальер для вавёрак у двары ўнівэрсытэту, парэкамэндаваць, дзе лепей адпачыць (у сквэры ў дварах каля плошчы Незалежнасьці), а куды ня варта нават і сунуцца (у Сувораўскую вучэльню, бо «ўсё адно ня пусьцяць.»), урэшце, увесьці ў новы ўжытак старыя назвы вуліцаў і сквэраў. Аўтар піша вольным, амаль размоўным стылем, нібыта вядзе экскурсію. Ён жартуе зь цяперашняга статусу Пішчалаўскага замку, нагадвае байку пра старасьвецкую прыбіральню ў Аляксандраўскім сквэры, але часам «перабірае». Напрыклад, піша пра Купалаўскі тэатар, што ягоны будынак «быў любімым месцам правядзеньня савецкімі партызанамі тэрактаў, асабліва ў часе, калі ў тэатры ставіліся беларускія спэктаклі». Альбо што сучасная архітэктура Менску сьведама ня ўключаная ў гэты праваднік, бо «за вельмі рэдкімі выключэньнямі гэта вартае жалю відовішча».

Ня меншы суб’ектывізм выяўляе аўтар і ў дачыненьні да самой гісторыі гораду, якую ён сьцісла распавядае ў кантэксьце гісторыі ўсёй Беларусі. Ёсьць у гістарычным нарысе багата рэчаў, пра якія той, хто чытае толькі па-расейску, даведаецца ўпершыню. Чытач дазнаецца, чым розьнілася беларуская праваслаўная царква ад расейскай, уведае, што напалеонаўскую Вялікую армію «выйшлі сустракаць усе месьцічы» альбо што Юзаф Пілсудзкі, як быў у 1920 г. у Менску, паабяцаў «стварыць усе ўмовы для разьвіцьця беларускай культуры й дзяржаўнасьці».

Нават пры вялікай любові да свайго гораду й памкненьні паказаць максымальна ўсе помнікі, аўтару гэта не ўдалося. Не згаданымі засталіся дамы пачатку ХХ ст. у стылі «мадэрн» на вул.Гарадзкі Вал, у адным зь якіх месьціцца музэй міліцыі, — хоць у кнізе пішацца й пра былую электрастанцыю ля цырку, і пра «тралейбусны» дом. Цалкам праігнараваная паваенная архітэктура 40—50-х, хоць менавіта яна вызначае воблік цэнтру сталіцы й пра яе можна было б распавесьці нямала цікавага. Або гадзіньнік над гастраномам, насупраць КДБ, што быў зьняты са званіцы ў Кёнігсбэргу. А як можна ігнараваць ансамблі плошчаў Перамогі, Якуба Коласа... Але гэткая ўжо аўтарская канцэпцыя.

Аўтар не растлумачыў, калі касьцёл Сьвятога Роха быў новаасьвечаны пад найменьнем Сьвятое Тройцы, — у выніку складаецца ўражаньне, што гутарка вядзецца пра розныя сьвятыні. Палацык ХVIII ст. па Ракаўскай, 17, дзе й насамрэч была танцавальная заля, а затым кінатэатар, сынагогай ня быў. Яна месьцілася ў будынку №20/15 на другім баку вуліцы, а юдэйскай грамадзе належаў дом №24. Кармэліцкі ж кляштар месьціўся не на рагу Ўваскрасенскай, а пры самым пачатку Ракаўскай, дзе яна рабіла першы паварот, каля Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. На месцы таго кляштару цяпер часткова пустка, а часткова праезд у падземныя гаражы.

Аднак гэтыя недакладнасьці не зьмяншаюць каштоўнасьці выданьня. Немаведама, ці добрае ўражаньне застанецца ў гасьцей беларускае сталіцы, якія пазнаёмяцца зь ёю пры дапамозе кніжкі Зьмітра Вайцяховіча, але што яно будзе незабыўным, гэта пэўна. Пуцяводнік, напісаны ў клясычных традыцыях Сыракомлі й Шпілеўскага, змусіць іх па-іншаму ўбачыць гісторыю Менску і ўсяе Беларусі.

Сяргей Харэўскі, Вільня

Каментары

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве1

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомая расійская спявачка і яе беларускі муж, дарадца Кадырава, перавялі на лячэнне трохгадовай Ксюшы з СМА больш за 100 тысяч еўра4

Трамп прэзентаваў залаты трактар16

Гэтая актрыса атрымала найбольш «Оскараў» у гісторыі — але ніколі не прыходзіла іх атрымліваць3

У Варшаве сёння вялікі Марш да Дня Волі, панясуць 330‑метровы бел-чырвона-белы сцяг10

Цяпер вядоўцам трэвэл-шоу «Арол і рэшка» можна стаць за грошы. Колькі трэба заплаціць?1

Сталі вядомыя трое суддзяў, якія будуць разбіраць у Гаазе сітуацыю ў Беларусі4

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы: Мы ніколі не пагодзімся на Беларусь як частку рускага свету14

Экс-прэм'ер Літвы: Лукашэнка ўяўляе, што злавіў Бога за бараду11

Рубіа і Калас абмяняліся рэзкімі заявамі наконт Украіны4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве1

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць