Грамадства66

«Зараз у мяне толькі адна мэта — вывезці адсюль дзяцей як мага хутчэй». Беларусы расказалі, як мяняецца іх жыццё

«Салідарнасць» спытала ў беларусаў унутры Беларусі, на якія змены ў краіне апошнім часам яны звярнулі ўвагу і якія навіны паўплывалі на іх жыццё. Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены ў мэтах бяспекі.

Фота: lookby.media

Ларыса (57 гадоў):

— З апошняга — з’явіўся ліміт мабільнага інтэрнэту. Ужо на лецішчы, калі адзін фільм паглядзіш, на другі не хапае. Раней муж мог спампоўваць гадзіны музыкі. Цяпер, калі ён спампуе, мы ўсе застанёмся без інтэрнэту. А мне часам яшчэ і папрацаваць трэба.

Таму зараз выбіраем — альбо музыка, альбо фільмы, альбо працаваць. Прыйшлося змяніць тарыф на больш дарагі, але і той усё роўна абмежаваны.

Гэтай зімой неяк асабліва часта чула пра аварыі: і ў Малінаўцы, і ў Сухараве праз розныя парывы сядзелі без вады, без святла ці без усяго адразу. У нас была зусім невялікая аварыя, ліквідавалі за пару гадзін. Але цяпер у мяне дома на ўсялякі выпадак ёсць пустая тара для вады.

З таго, на што звярнула ўвагу: у пад’ездах перасталі прыбіраць наогул. Раней хоць раз на год бачыла, што прыходзіў нехта з анучамі. Даўно такога не бачу.

Восенню быў перыяд, калі пастаянна ўсюды на вочы трапляліся пакістанцы, індусы і іншыя замежнікі — як правіла, яны стаялі кучкамі ў цэнтры з нейкімі сумкамі, рэчамі.

У паліклініках і бальніцах таксама стала шмат замежнікаў-дактароў — з Афрыкі, Блізкага Усходу, Азіі. На іх фоне здаецца, што медыкаў-славян меншасць. А, можа, не здаецца.

І кітайцаў таксама бачу шмат, напрыклад, у супермаркетах. Большасць у офісных касцюмах. Што яны ў нас робяць, не ведаю.

Вольга (46 гадоў):

— За апошнія некалькі гадоў зусім забыта тое, што існуе дзяржаўная бясплатная медыцына. Нават з прастудай нашая сям’я ідзе ў прыватную клініку. Як неяк пару гадоў таму паспрабавала схадзіць да свайго ўчастковага ўрача, мне адкрытым тэкстам сказалі: вы ж працуеце, значыць, можаце гастраскапію аплаціць, а чарга перапоўнена пенсіянерамі.

Таксама неяк даведалася, што ў раённых паліклініках павінны быць мамографы і нібыта жанчыны пасля 40 у прыярытэце на абследаванне. Паспрабавала патэлефанаваць запісацца — сказалі, што мамограф ёсць, але ўжо даўно зламаны. Чаму не чыняць, не ведаю. І аналізы, складанейшыя за агульныя, таксама не надта зробяць у звычайнай паліклініцы. Так і перасталі мы туды звяртацца.

Наогул цяперашні час з тым, што было нават у 2019 годзе, цяжка параўноўваць. Тады мы жылі ў іншай краіне і снавалі планы, звязаныя з гэтай краінай. Зараз ужо ніхто такіх планаў не снуе. Мы звязвалі сваю будучыню, нейкія надзеі з Беларуссю. Зараз у мяне і знаёмых з майго асяроддзя толькі адна мэта — вывезці адсюль дзяцей як мага хутчэй.

Ніякай будучыні з гэтай краінай маё кола знаёмых ужо не звязвае. Як бацькі адназначна прыйшлі да высновы, што гэта не краіна для жыцця нашых дзяцей.

Я прадпрымальніца. У 2020 годзе ў ІП быў адзіны падатак 5%. Потым амаль усе віды дзейнасці, у тым ліку і маю, перавялі на падаходны падатак 20%. А з мінулага года сталі па-іншаму лічыць адлічэнні ў ФСАН. У выніку я стала плаціць туды ў тры разы больш. Гэта адчувальна.

То-бок, быццам бы ў мяне даход павялічыўся за гэтыя гады, але ўлада ўвесь час шукае, як яго ўрэзаць. Тое, што такія меры не спрыяюць развіццю прыватнага бізнесу, мякка сказана. Па-мойму, прадпрымальнікі ў Беларусі існуюць выключна з нейкай упартасці.

Ірына Пятроўна (71 год):

— Напэўна, усім вядома, як жывуць пенсіянеры. Нам быццам бы дадаюць нейкія працэнты да пенсіі, але, калі шчыра, я нават не вылічваю.

Таму што апярэджанне росту цэн ідзе такое, што я як апусцілася да гэтага парога беднасці, так на ім і стаю ўжо пару гадоў.

Цяпер купляю прадукты самага таннага сегмента. На агародніну і садавіну нават не гляджу, ведаю, што не па кішэні. Яблыкі каштуюць 5 рублёў! Праўда, сёння была пенсія, і я не ўтрымалася, купіла сабе адно авакада за 2,40 і два бананы. Напрыклад, калі купляю пельмені, лічу, на колькі дзён магу расцягнуць адну пачку.

Што тычыцца медыцынскай дапамогі, то каб дзеці не аплачвалі мне візіты да дактароў у прыватныя клінікі, я б сама сабе нічога не дазволіла. Там у гастраэнтэролага прыём каштуе 60 рублёў, а ў неўролага наогул 120.

Але зараз мяне непакоіць нават не матэрыяльнае становішча, а тое, як змяніўся мой эмацыйны стан. У тым сэнсе, што ў мяне зніклі спадзяванні на тое, што вакол нешта ў бліжэйшы час зменіцца. Усё спынілася ў адной кропцы і нікуды не рухаецца.

Мне гэта цяжка ўсведамляць. Я прывыкла жыць з адчуваннем палёту, я вельмі энергічны, цікаўны чалавек, заўсёды верыла ў будучыню. Цяпер дзеці з унукамі вымушана з’ехалі, а я жыву з пачуццём скаванасці і страху, які мяне абсалютна паняволіў.

У мяне вельмі скараціліся зносіны, бо няма даверу да людзей, усе ўсяго асцерагаюцца. Узмацняецца розніца паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. Мы тут жывём як бы з адваротным адлікам часу, са знакам мінус, ідзём у мінулае. Але я гляджу на тых, хто з’ехаў — родных, знаёмых — яны жывуць са знакам плюс, нягледзячы на тое, што ім цяжка. Але ў іх ідзе рух наперад.

Раней любіла гуляць у парку Янкі Купалы, у Аляксандраўскім скверыку. Даўно там не была і вось пазаўчора пайшла — пустыя лаўкі. Калісьці ўсё было запоўнена. Цяпер не бачу жыцця на вуліцах горада, і для мяне гэта так дзіўна. Напэўна, моладзь сядзіць у кафэ-рэстаранах, не ведаю. Але дзе астатнія?

Раней была тэатралкай, зараз нікуды не хаджу, бо ў мяне няма ні грошай, ні адпаведнага абутку для тэатра. Наогул няма грошай мяняць гардэроб.

Праезд даражэе, а мне б хацелася, каб у мяне быў нейкі праязны білет, калі не бясплатны, то хаця б ільготны.

Анастасія (43 гады):

— Вельмі адчулі аплату за камунальныя паслугі, бо кватэра зарэгістравана на сваяка-«дармаеда». А зімой адчулі і працу саміх камунальнікаў, бо ў нашым раёне снег практычна не прыбіраўся. Толькі паркоўку прыязджаў трактар расчышчаць. Астатняе чысцілі самі. Дворніка ў нашым доме даўно няма, ён знік недзе год таму. Ні пад’езд, ні прылеглая тэрыторыя не прыбіраюцца.

У самім доме за апошнія пяць гадоў прыкладна напалову памяняліся суседзі. Наколькі мы сябравалі з усімі старымі, настолькі нават не знаёмімся з новымі.

З сабакам ужо нікуды не выйсці проста так, толькі ў намордніку і на кароткім ланцужку. Калі ён з’явіўся, мы ездзілі з ім у транспарце, і ніхто нас не чапаў. Цяпер прынялі новыя правілы перавозкі сабак у транспарце.

Нядаўна бачыла сцэну ў аўтобусе: людзі зайшлі з ёркам у пераносцы, і кіроўца не хацеў ехаць, бо, бачыце, нельга, каб у транспарце сабака быў без намордніка. Пасажыры былі ў шоку, пыталіся ў яго, дзе прадаюцца наморднікі на ёркаў. Цяпер трэба будзе і абавязкова рэгістраваць сабак. Але ў большасці яны і так былі зарэгістраваныя. Няўжо яны спадзяюцца сабраць шмат грошай з тых, хто застаўся? Праўда, калі грошай няма зусім, напэўна, любая сума спатрэбіцца. Вось спачатку за кватэры з усіх пачалі «драць», зараз па сабаках пройдуцца. Цікава, ці будуць улічваць вясковых сабак.

Але, галоўнае, на што мы здаём гэтыя грошы — у нашым раёне ніколі не было і няма ніякіх пляцовак для сабак. Шмат дзе абмежавалі ўваход з сабакамі. Замест таго, каб развіваць такую інфраструктуру.

Дзяцей мы адправілі вучыцца ў іншыя краіны. Раней яны выбіралі паміж нашымі ВНУ. Але вельмі ўпала якасць адукацыі. Добрыя выкладчыкі працягваюць звальняцца са школ. Плюс моцна павялічылі прыём мэтавікоў, урэзаўшы платнікаў і бюджэтнікаў. А ў мэтавікоў патрабаванні іншыя, ім неабавязкова мець высокі бал. Нашы дзеці не знайшлі, дзе тут можна вучыцца.

Цэны растуць пастаянна, мы з мужам падлічылі, што за апошнія два гады наш звыклы прадуктовы кошык падаражэў на 30%. Зараз заплаціш у краме 50 рублёў, а ў сумцы амаль нічога.

Да шчасця, магу сабе дазволіць спорт. На канцэрце апошні раз была ў 2020 годзе. З таго часу мне не падабаюцца тыя артысты, якія да нас прыязджаюць. Але часам ходзім з сяброўкамі ў тэатр. Білеты ва ўсе сталі раскупляць ледзь не за два месяцы. Вакол ТЮГа наогул не разумею ажыятажу. Знаёмыя хадзілі, бо там засталіся спектаклі на беларускай мове. Мы ўзялі білеты ў РТБД, таксама на беларускую пастаноўку.

Кацярына (51 год):

— Гэтай зімой падчас маразоў у тры разы больш плаціла за ацяпленне. Мы жывём у сваім доме, у нас газавы кацёл. Наогул, асабіста маё матэрыяльнае становішча за апошнія гады пагоршылася. Нават у дробязях, напрыклад, я перастала рабіць манікюр. Да 2020 года магла сабе дазволіць раз на месяц аддаваць за яго 50 рублёў, зараз, напэўна, каштуе больш, але для мяне і 50 ужо дорага.

Я не часта раней ездзіла кудысьці, але цяпер ад адной думкі, што такой магчымасці няма ў прынцыпе, зусім іншае адчуванне ад жыцця. Жывём мы вельмі замкнута. Некалькі гадоў таму пераехалі ў іншы раён. Цікава, што ў ранейшыя часы на старым месцы мы ведалі ўсіх суседзяў і наогул было нармальна — ішлі міма і зайшлі, пасядзелі пагаварылі, памяняліся расадай. А цяпер у госці ніхто ні да каго не ходзіць, толькі вітаемся, і то не з усімі.

Яшчэ з прыкмет гэтага часу: калі пачынаю глядзець нешта ў інтэрнэце, муж заўсёды просіць закрыць вокны — баішся ўжо на аўтамаце.

Аляксандр (52 гады):

— Я працую на будоўлі і ведаю, што беларускія кампаніі сапраўды падавалі заяўкі на тое, каб ім прыслалі спецыялістаў з Пакістана, Індыі, Непала, Бангладэш — з усяго гэтага рэгіёна. Такая магчымасць з’явілася ў мінулым годзе. І нашая кампанія таксама звярталася ў агенцтва. Насамрэч 90% тых, хто прыязджае, паказваючы, што яны бетоншчыкі, тынкоўшчыкі і маляры, па факце не маюць ніякіх адносін да будоўлі. Максімум 10% з усіх прыезджых сапраўды былі нейкімі спецыялістамі.

Іх задавальняюць нашыя заробкі. Мы пыталіся: у некаторых краінах атрымліваюць 100 даляраў на месяц. У нас на будоўлі рабочы сёння можа зарабіць 1000 даляраў.

Чаму беларусы не стаяць у чарзе, каб зарабляць такія грошы? Бо іх няма. Проста фізічна няма людзей — нармальных, адказных, непітушчых. Многія з тых, якія засталіся, як бы іх назваць памякчэй… Увогуле, яны прыходзяць, вядома, але працуюць максімум да першай палучкі.

Таму ўсе запрашаюць пакістанцаў, перабіраюць, нават навучаюць тых, хто гатовы вучыцца. А ахвотных працаваць беларусаў сярэдняга ўзросту няма не толькі ў будаўніцтве.

Наколькі я ведаю, і ў іншых сферах адсутнічае гэтая праслойка людзей. І гэта тое, што я не мог не заўважыць апошнім часам.

Затое замежнікаў бачу рэгулярна і на будоўлях, і ў калгасе яшчэ бачыў — яны там і жывёлаводамі, і даярамі працуюць. Ці ратуюць яны сітуацыю? Насамрэч яны лепшыя, чым многія беларусы, якія зараз просяцца на працу. Гэтыя хоць не п’юць.

Звярнуў увагу, што на будоўлях няма нашых МАЗаў, ездзяць толькі «кітайцы». Куды ідзе нашая тэхніка — у Расію ці афрыканскія краіны — не ведаю, дзе яны канкурэнтныя, але ў нас іх няма.

З таго, што цешыць вока: стаў заўважаць, што калі пасля 2020 года быў трэнд і шмат усяго зачынялася ў сферы грамадскага харчавання, то цяпер трэнд змяніўся і, наадварот, увесь час адчыняюцца нейкія ўтульныя месцы, інфраструктура пашыраецца.

Але песімізму дадае ізаляцыя краіны. Няма тэхнічнага развіцця. Я цікаўны чалавек, заўсёды гляджу, што ў свеце адбываецца, і параўноўваю, як у нас. А ў нас нічога не адбываецца. Крыўдна, што краіна моцна адстае. Увесь свет даўно робіць электрычныя машыны, а мы радуемся бензінавым «Белджы».

З асабістых нязручнасцяў — адсутнасць нармальных тэлевізійных каналаў (Eurosport, Discovery). Вядома, іх можна глядзець праз шэрынг, але ўжо не так зручна.

А яшчэ нават мяне, бацьку дачок, палохае ўся гэтая мілітарызацыя. Куды ні глянь — білборды з вайскоўцамі і прадстаўнікамі сілавых структур. Гэта асноўны кірунак, які зараз раздзімае прапаганда, і гэта вельмі заўважна. Мяне такое прыгнятае. У іх разуменні гэта патрыятызм. Але ў чым ён заключаецца? У забойстве людзей? Мы — невялікая дзяржава, а значыць, сэнс усёй гэтай мілітарызацыі — проста велізарная трата грошай. Ні абараняцца, ні нападаць мы ні на каго не зможам. І навошта? Па-мойму, трэба ісці іншым шляхам, трэба з усімі суседзямі дамаўляцца, а не пагражаць.

Каментары6

  • Беглы Уцякач Здраднік
    29.03.2026
    А з боку ўцекшых глядзіш і ўсё там добранька: працуюць, па 1000 даляраў зарабляюць, Джылі ды імпартных кітайцаў як гарачыя піражкі хапаюць, кватэры скупляюць... Шчаслівыя, задаволенныя, парадачак, чысценька...
  • Беларус
    29.03.2026
    Ну, усё так. Людзі жывуць асцярожна, у падполлі. Бо Краіна пад акупацыяй тэрарыстычнай хунты і любая праява нелаяльнасьці ці данос могуць апынуцца вязьніцай. Што здіўляе? Гэта тое, што так званыя незалежныя медыя ўжо шосты год чамусьці не заўважаюць гэтага захопу і ўпарта працягваюць называць акупацыйную лукашэнкаўскую ўладу маскоўскага патрыярхату - "беларускім бокам" ды "афіцыйным Менскам". Быццам бы і не было аніякіх падзей 2020-а году, хоць сапраўдны беларускі бок і афіцыйны Менск мы тады разам абралі. А ўлада лукашыстаў вельмі старанна даказвае сваю антыбеларускасьць штодзённым тэрорам - то бок менавіта на справе, а не на словах. Але выданьні гэтыя чамусьці лічаць іх "праваахоўнікамі" і вельмі любяць ужываць розныя маніпуляцыі ды цэнзуру, калі ім на тое зважаюць у каментарах.
  • Keeping
    29.03.2026
    Считаю, что насчет собак власти все правильно делают. Не должно быть как на России, что стаи нападают и загрызают детей. И плюс любители собак обычно немного не в себе и ставят жизнь пса выше жизни человека.

Цяпер чытаюць

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай15

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай

Усе навіны →
Усе навіны

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы: Мы ніколі не пагодзімся на Беларусь як частку рускага свету14

Экс-прэм'ер Літвы: Лукашэнка ўяўляе, што злавіў Бога за бараду10

Рубіа і Калас абмяняліся рэзкімі заявамі наконт Украіны4

Спарыш пайшоў да літоўскіх радыкалаў граміць Ціханоўскую. У выніку выслухаў пра «беларускі нацызм» і «праваслаўны зброд»76

У Мінску пагрузчык-экскаватар урэзаўся ў пасажырскі аўтобус

Затрымалі членаў банды 1990‑х5

Магутная паводка накрыла Дагестан пасля моцных залеў

Бяспалаў намаляваў людзей са сцягамі ў цэнтры Мінска і адправіў фота ў міліцыю. З’ехаліся тры машыны з мігалкамі69

Пуцін назваў вайну ва Украіне праведнай барацьбой за будучыню пакаленняў16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай15

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць