У барочнай культуры Рэчы Паспалітай апэльсін стаў сымбалем эратычнай гульні — у карэспандэнцыі будучага караля Яна Сабескага з Марысенькай «les oranges» ці «pomaraсcze» азначае каханьне.
Працэс пераўтварэньня нейкага матэрыяльнага аб’екту ў знак адбываецца найчасьцей непрадказальна. Што прымушае людзей бачыць у знаках абстрактныя культурныя і грамадзкія сэнсы, толькі час ад часу прыгадваючы прыродныя смакі? Пакуль можам адзначыць толькі некалькі чыньнікаў — зьбег акалічнасьцяў, экзатычнасьць ды адначасова адносная вядомасьць.Апэльсін культывавалі ў Кітаі яшчэ чатыры тысячы гадоў таму, перш чым у ХІ—ХІІ ст. нашай эры гэтую шматгняздовую ягаду пачалі вырошчваць у краінах Леванту (на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы Міжземнага мора). Ужо потым праз італьянскіх купцоў і ўдзельнікаў крыжовых паходаў апэльсін патрапіў у Эўропу. Але ў нашай частцы сьвету першапачаткова быў вядомы кіслы гатунак апэльсіну, пакуль у XVI ст. не адбылося новае адкрыцьцё гэтай культуры — партугальскія купцы, зноў жа з Кітаю, завезьлі салодкі гатунак апэльсіну. Такім чынам, посьпех быў забясьпечаны. А ў мове навукі (на лаціне) апэльсін так і застаўся Citrus sinensis — кітайскім цытрусам.
Праўдападобна, што ў Вялікае Княства Літоўскае апэльсін трапіў яшчэ ў XV ст. і гэта якраз быў памаранчык, тое, што ў нямецкай мове «Pomeranze» — горкі гатунак апэльсіну. Этымалёгія нямецкага слова празрыстая — ад італьянскіх «pomo» (яблыкі) і «arancia» (апэльсін). Апошняе азначэньне запазычана ўжо з пэрсідзкай. У беларускіх жа дыялектах зафіксаваныя словы «памаранча», «памаранец».
Але рэальна мода на цытрусавыя пры кракаўскім і віленскім дварах была ўведзеная каралевай Бонай, пасьля чаго апэльсін сталі завозіць у Польшчу і ВКЛ у заўважнай колькасьці, што ўвогуле адпавядала тэндэнцыі італьянізацыі кулінарных густаў заможнай шляхты. Адным з важных местаў у пасрэдніцкім гандлі апэльсінамі ўжо ў XVI ст. стаў Львоў — на наземным шляху з поўдня. Усё ж першапачаткова гэта быў рэдкі плод — па пары штук апэльсін падавалі на стол Жыгімонта Старога, і тое з нагоды ўрачыстасьцяў. Апроч дарагоўлі (у тры разы даражэй за лімоны), пашырэньне новай культуры стрымлівала тое, што апэльсін у нязначнай ступені мог служыць дадаткам да іншых страў — яго належала зьядаць асобна.
Пашырэньню апэльсіна ў Рэчы Паспалітай спрыялі таксама езуіты, праз што знаходзілі сабе новых прыхільнікаў і дабрадзеяў Ордэну. Адпаведна названы факт выкарыстоўваўся ў антыезуіцкай прапагандзе, бо «гішпанскія яблыкі» шкодзілі «моцы і прастаце звычаяў». Сармацкія маралісты таксама падтрымалі заклік да самаабмежаваньня, таму што спартанскім шляхціцам няма патрэбы ва ўсіх гэтых запазычаных «цытрынах, апэльсінах, каштанах, паштэтах, тартах, salsecjoni» (вось, значыць, адкуль сальцісоны!). І хоць апэльсін стаў прадметам амаль ідэалягічнай дыскусіі, у ваенным лягеры Стэфана Баторыя каралю гатавалі жэле з апэльсінаў. У панэгірыку Гераніму Хадкевічу (Вільня, 1606) пішацца, што герою падносіцца «ня золата… але… цудоўны апэльсін». Як годны падарунак апэльсін прыгадваецца ў эпісталярыях — гэты плод дасылае сваёй жонцы славуты пераможца швэдаў пад Кірхгольмам у 1605 годзе Ян Кароль Хадкевіч, ксёндз Казімер Сарнэцкі шле яго з Варшавы каралю Станіславу Радзівілу, Зьбігнеў Морштын з Каралеўца дасылае яго ў Слуцак Казімеру Клакоцкаму. У барочнай культуры Рэчы Паспалітай апэльсін стаў сымбалем эратычнай гульні — у карэспандэнцыі будучага караля Яна Сабескага з Марысенькай «les oranges» ці «pomaraсcze» азначае каханьне.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Алег Дзярновіч
Алег Дзярновіч — гісторык, выдавец. Нарадзіўся ў 1966 г. у Менску. Супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рэдактар часопісаў «Athenaeum», «Шуфляда».
Каментары