Архіў

Скрадзенае лета

У дзявятай клясе ў нас зьявіўся новы прадмет — «НВП». «Ваенрук», прапаршчык у адстаўцы, на першым жа ўроку разьвеяў усе нашы аблуды што да мэтаў і задачаў сярэдняй адукацыі.

— Дзяржава марнуе грошы й навучае вас расейскай мове не дзеля таго, каб вы пісалі любоўныя цыдулкі, а каб вы пэўна й дакладна разумелі загады камандзіраў. Вас навучаюць матэматыцы, каб вы маглі пералічыць патроны, а геаграфіі — каб вы добра арыентаваліся на мясцовасьці ў часе бою.

Шмат хто з маіх аднаклясьнікаў-хлапчукоў цягнуўся да зброі. Яны абступалі настаўніцкі стол і з захапленьнем вывучалі мэханіку АКМ. Мяне ж больш цікавіла іншае: я лічыў за лепшае схавацца ў прыбіральні зь сябрам Сярожкам і вывучаць парнаграфічныя паштоўкі.

— Прыглядайце за гэтымі двума, — сказаў «ваенрук». Ён паставіў нас перад шыхтам. — Яны патэнцыйныя дэзэрціры.

Аднаго марознага студзеньскага дня «ваенрук» вывез нашу клясу ў найбліжэйшы вайсковы гарнізон, каб мы маглі азнаёміцца з армейскім побытам.

Казарма мне не спадабалася: было халодна, мы мерзьлі ў сваіх куртках, з рота валіла пара… А людзі тут спалі.

Салдацікі з тонкімі шыямі ў цяжкай мехаватай вопратцы не хадзілі, а неяк лёталі са спалоханымі тварамі. Паміж імі ўпэўнена пахаджалі суворыя камандзіры й нешта цадзілі праз зубы то адной, то другой купцы ваеннаслужачых.

У збройні нам прадэманстравалі розныя віды стралковай зброі.

— Вось, — сказаў афіцэр, зь любасьцю пагладжваючы рулю снайпэрскай стрэльбы. — Зь яе можна лёгка за кілямэтар трапіць чалавеку ў галаву.

І гэта казаў дарослы мужчына, які пэўна меў жонку й дзяцей.

Мне захацелася дахаты…

Імкліва набліжалася лета. Яно абяцала стаць незабыўным. Мы зь Сяргеем меліся сплысьці на плыце ўніз па Бярэзіне ў кампаніі дзьвюх аднагодак. Нас чакалі дзікія пясчаныя пляжы, празрыстыя затокі, усеяныя жоўтымі гарлачыкамі, фантастычныя захады сонца над плёсамі, а галоўнае — ночы ў намёце. Пра ўсё было даўно дамоўлена. Згараючы ад нецярплівасьці, мы ўжо ня чулі настаўнікаў — мы лічылі дні, якія аддзялялі нас ад вакацыяў.

Пры канцы навучальнага году хлопцаў вывезьлі за горад на тыднёвыя вайсковыя зборы. І ў першы ж дзень на паласе перашкодаў я пасьлізнуўся на мокрым бервяне, няўдала ўпаў і пачуў, як хруснула пада мной сухая галіна. Падняцца я ўжо ня здолеў. Правую нагу заліў пякельны боль.

— Адкрыты пералом абедзьвюх костак лыткі, — канстатаваў доктар.

Усё лета я пракачаўся ў больніцы, косткі не хацелі зрастацца. Мне зрабілі дзьве апэрацыі. Месяц я ляжаў «на выцяжцы». На сьпіне зьявіліся адлежыны, якія начамі не давалі заснуць… Мне здавалася — лепш памерці, чым прасіць маладзенькую санітарку выносіць судна. Нага безупынку сьвярбела пад гіпсам. Пачухаць яе не было ніякай магчымасьці.

Толькі ў верасьні я ўпершыню выйшаў на сьвежае паветра. Бледнатвары, доўгавалосы, аслабелы ад доўгага знаходжаньня ў ложку, я асьцярожна кульгаў з дручком па двары.

Па Бярэзіне зь Сяргеем паплыў іншы хлопец. Калі яны, пасталелыя, загарэлыя, зьявіліся да мяне, зь іхных бліскучых вачэй і ўпэўненых дарослых жэстаў я зразумеў, што ўсё было так, як і чакалася. Мне заставалася толькі ўяўляць, як усё гэта адбылося… Больш за ўсё мяне прыгнятала тое, што мне наканавана згінуць, так і не спазнаўшы жанчыны.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Юры Юркавец

Каментары

Цяпер чытаюць

Бабарыка расказаў, чаму перад выбарамі не шукаў падтрымкі ў Расіі. І як яго хацелі звольніць з Белгазпрамбанка за лозунг «Жыве Беларусь!»31

Бабарыка расказаў, чаму перад выбарамі не шукаў падтрымкі ў Расіі. І як яго хацелі звольніць з Белгазпрамбанка за лозунг «Жыве Беларусь!»

Усе навіны →
Усе навіны

У Рэчыцкім раёне збіраюцца знесці прыпынак з адметнай мазаікай2

«Жанчыны спяшаюцца па касметыку, а я — па вуды». Медсястра з Віцебска больш за 15 гадоў займаецца рыбалкай1

У Чорным моры атакавалі грэчаскі танкер, які ішоў у Расію2

У Добрушскім раёне ўпаў чарговы беспілотнік. Людзі чулі выбухі2

З'явілася ВІДЭА, як выглядае начны Мінск з вышыні птушынага палёту1

Дзівоснае вяртанне. Як у Альпах адрадзілі зніклых птушак1

«Я дзякую Богу, што краіна, з якой вы ваюеце, сёння не вораг Венгрыі». Орбан адказаў Віктару Юшчанку на ягоны адкрыты ліст17

Міліцыя папярэдзіла пра махлярскую схему «выпадковага пераводу»

Трамп заклікаў краіны, якія пацярпелі ад закрыцця Армузскага праліва, накіраваць туды вайсковыя караблі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка расказаў, чаму перад выбарамі не шукаў падтрымкі ў Расіі. І як яго хацелі звольніць з Белгазпрамбанка за лозунг «Жыве Беларусь!»31

Бабарыка расказаў, чаму перад выбарамі не шукаў падтрымкі ў Расіі. І як яго хацелі звольніць з Белгазпрамбанка за лозунг «Жыве Беларусь!»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць