Культура55

Кніжная выстава: касманаўты, тэарэтыкі змовы і дзіўныя зніжкі ФОТЫ

ХХІ Мінская міжнародная кніжная выстава адкрылася сёння на «Белэкспа». «Наша Ніва» адправілася паглядзець на кніжныя навінкі і паралельна даведалася пра крызіс мужчынскага ўзросту, амерыканскую культуру коміксаў і кнігу ўспамінаў жонкі касманаўта Навіцкага.

Урачыстае адкрыццё выставы.

Звычайна на адкрыццё кніжнай выставы прыходзяць міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, часам да іх далучаецца Лідзія Ярмошына. Сёлета з прадстаўнікоў урада была толькі Лілія Ананіч, яна ж разам з Чаргінцом і касманаўтам Навіцкім і перарэзала стужку на адкрыцці.

Атмасфера сёлета на выставе сонная – няма ганаровага госця: кажуць, Кітай адмовіўся, а Украіне зараз не да таго. Дарэчы, украінскі стэнд на выставе ўсё ж такі ёсць – праўда, з кніг там толькі класікі, некалькі выданняў заснавальніка інтэгральнага нацыяналізма Дзмітро Данцова, «Маскоўская атрута» і «Нацыяналізм».

«А чаму Сяргея Жадана няма?» — пытаемся ў прадстаўнікоў Украіны, тым больш Жадан якраз выпусціў новы празаічны зборнік.

«Не маглі яго ўзяць, там — мацюкі», — патлумачылі прадаўцы.

Амерыканцы ў гэтым годзе дэманструюць сваю культуру праз коміксы. 

Запамінальных стэндаў на выставе насамрэч няшмат — напрыклад, ЗША цалкам аддала стэнд пад коміксы. Атрымалася незвычайна, дый коміксы — неад’емная частка масавай культуры ЗША, то бок лепшай магчымасці пазнаёміцца з ёй у Беларусі няма.

«Пачакайце, вы па-руску разумееце?» — спыняе нас жанчына са стэнда, прысвечанага творчасці Святланы Пяўновай.

Даведаўшыся, што мы па-руску разумеем, жанчына пачынае тлумачыць, што тут прадстаўляюць творы выдатнай пісьменніцы з Расіі, у кнігах якой можна знайсці адказы на ўсе пытанні.

«Вось кніга — «Адказы на ўсе мужчынскія пытанні», — адкрыйце яе на любой старонцы. Адкрыў. Парада на тэму, што не трэба перажываць, калі жанчына старэйшая за цябе. Такіх кніг на стэндзе не меней за дваццаць. Аказваецца, у мужчыны ёсць два крызісныя ўзросты — 25 і 40 гадоў. Шмат каму гэтыя кнігі быццам дапамаглі. На развітанне нам выдаюць паперку з цытатай з трылогіі «Ёсць у жыцці шчасце?», якая пачынаецца словамі: «У жыцці можна мець тое, што табе дазваляюць, а можна тое, чаго ты хочаш».

Лепей за ўсіх на выставе прадстаўлена Расія — агромністы стэнд «Кнігі Расіі» ўяўляе з сябе лабірынт, разбіты на прадстаўніцтвы розных выдавецтваў. Шмат так званай «духоўнасці» — над сталом выдавецтва «Руская праўда» вісіць дзіўная прапанова па зніжках: «Купіце тры кнігі па цане чатырох, і чацвёртую атрымайце бясплатна». На стэндзе спецыфічныя кнігі — «Хто кіруе Амерыкай?», «Укрыжаваная Расія» і «Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — Першы прэзідэнт Беларусі».

«А што, ў Расіі ёсць «няпраўда»?» – пытаецца дзядок у прадаўцоў.

«Пакуль яшчэ ёсць» – сур’ёзна адказваюць яны.

Беларускіх стэндаў таксама хапае — праўда, без выдавецтва «логвінаЎ» стала сумней. Затое «Тэхналогія», «Кніжны салон», выдавец Зміцер Колас і «Гайсак» з часопісам Arche. Самыя прывабныя выданні — шыкоўныя альбомы «Партрэты Радзівілаў» і «Краіна Беларусь».

Цікава выглядае стэнд Таджыкістана: ён болей, чым на палову, складаецца з твораў, прысвечаных Эмамалі Рахмону. У асартыменце ёсць альбом «Наш прэзідэнт Эмамалі Рахмон», некалькі біяграфій Рахмона і збор твораў Рахмона ажно ў шасці тамах.

Самай яскравай падзеяй стала прэзентацыя праекта «У пошуках страчанага» — на другім паверсе размешчана выстава з экспазіцыі будучага музея Першай сусветнай вайны, там жа можна паназіраць за поўным працэсам стварэння гравюр, паслухаць духавы аркестр Вілейкі і паглядзець рэтра-фота Мінска.

Тут жа збіралі грошы на «Завяршэнне капліцы-помніка Святога Барыса і Глеба і ўзвядзення званіцы», па англійску гэта надпіс гучаў больш лаканічна: «For Money».

Але галоўнай падзеяй дня стала прэзентацыя кнігі жонкі касманаўта Алега Навіцкага «Голас сэрца. Дзённік жонкі касманаўта», у якой Юлія Навіцкая апісала свае адчуванні і думкі ўвесь той час, пакуль яе муж рыхтаваўся да палёту, і час, які ён правёў у космасе.

«Звярніце ўвагу, на вокладцы — сцяг Беларусі, які пабываў у космасе і які мы пасля падарылі Аляксандру Лукашэнка».

Кажуць, Роскосмас спачатку быў супраць назвы «Голас сэрца», таму назву абралі кампрамісную. «Гэта рэдкі выпадак — погляд на праблему праз прызму адчуванняў жанчыны», — кажа Юлія Навіцкая.

Першы дзень выставы быў надзіва сонны. Калі раней Кніжная выстава была адметнай падзеяй, то цяпер яна выглядае як планавае мерапрыемства.

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Сказалі, што людзі з візамі тыпу C не змогуць перасячы мяжу». На літоўскіх прапускных пунктах здарыўся калапс

«Сказалі, што людзі з візамі тыпу C не змогуць перасячы мяжу». На літоўскіх прапускных пунктах здарыўся калапс

Усе навіны →
Усе навіны

Баранавіцкаму хлопчыку з СМА паспелі зрабіць выратавальны ўкол4

У Мінску матацыкліст сутыкнуўся з аўтамабілем ВІДЭА

17-гадовы стартапер заявіў, што базу карыстальнікаў «Новай Беларусі» ўзламалі. Лібер адказвае: абвінавачванне абсурднае16

Што за Мэнцэн і Зандберг і чаму маладыя палякі масава галасавалі за іх?12

Беларусы пахваліліся першымі баравікамі2

У Ваўкавыску паставяць дзіўную скульптуру за 35 тысяч рублёў3

«Пуцін не ведае, як выйсці з вайны». Вэнс заявіў пра тупік ва ўкраінскім урэгуляванні10

Забойствы Дар'і Дугінай і Уладлена Татарскага раскрылі пры дапамозе штучнага інтэлекту — СК Расіі5

Ад сутыкненняў з ласямі ратуе ультрагукавы свісток на аўтамабіль2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказалі, што людзі з візамі тыпу C не змогуць перасячы мяжу». На літоўскіх прапускных пунктах здарыўся калапс

«Сказалі, што людзі з візамі тыпу C не змогуць перасячы мяжу». На літоўскіх прапускных пунктах здарыўся калапс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць