Хто тыя людзі, якія зрабілі гэты год непадобным да папярэдніх? Кім гэты год быў адзначаны, хто пераступіў празь сябе, хто трапіў у летапісы пад лічбай 2007? Асобы году ў вэрсіі nn.by.
Хто тыя людзі, якія зрабілі гэты год непадобным да папярэдніх? Кім гэты год быў адзначаны, хто пераступіў празь сябе, хто трапіў у летапісы пад лічбай 2007? Асобы году ў вэрсіі nn.by.
2007 год адзначыўся беспрэцэдэнтным ціскам на сябраў незарэгістраванага «Маладога фронту». Ён пачаўся арыштам Зьмітра Хведарука і Алега Корбана, якіх зьмясьцілі на некалькі дзён у сьледчы ізалятар КДБ — «амэрыканку».
Пасьля быў «Працэс пяці», калі на лаве падсудных за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі адначасова аказаліся Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі і Наста Палажанка, апошняя на той момант была яшчэ непаўналетняй. Суд прыпаў на пэрыяд «лібэралізацыі» пасьля сустрэчы Натальлі Пяткевіч з памочнікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Крамэрам (за час пасьля той сустрэчы ён пасьпеў стаць самым маладым у найноўшай гісторыі намесьнікам дзяржсакратара), таму маладзёнаў толькі аштрафавалі.
Восеньню суды над актывістамі прадоўжыліся ў рэгіёнах: у Салігорску было вынесена папярэджаньне Івану Шылу, у Баранавічах аштрафавалі Яраслава Грышчэню, а ў Нясьвіжы — крохкую Насту Азарку, паводле ўсё таго ж сумнавядомага 193-яга артыкулу Крымінальнага кодэксу.
Новыя крымінальныя справы былі заведзеныя супраць Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якія ўжо адбывалі зьняволеньне ў турме і на «хіміі». Даць новы тэрмін Дашкевічу за ўхіленьне ад дачы паказаньняў не наважыліся. Затое Артура за парушэньне ўнутранага парадку камэндатуры пакаралі па поўнай — паўтара году турмы.
Нарэшце, Зьмітра Хведарука, адразу пасьля ягонага візыту ў Вашынгтон і сустрэчы там з Джорджам Бушам, у часе акцыі супраць саюзу з Расеяй зьбіў амон, да страты прытомнасьці.
На сёньня яшчэ тры крымінальныя справы заведзеныя на маладафронтаўцаў з Гомельскай вобласьці.
Маладафронтаўцы заслужылі павагу і сваіх сяброў, і праціўнікаў сваёй гатоўнасьцю ахвяраваць уласнай свабодай, здароўем і нават жыцьцём у імя сваіх ідэалаў. Яны надалі часам зашмальцаваным паняцьцям “палітычныя і культурныя правы”, “свабода” і “каштоўнасьці” канкрэтны кошт: два гады, паўтара году, няпэўнасьць. Кожны можа сабе ўявіць, што перажывае 18-гадовы юнак у ноч перад крымінальным судом.
Маладафронтаўцы ўнесьлі і яшчэ адну навіну ў грамадзкае жыцьцё: мэтадычныя рэпрэсіі супраць іх не выклікалі жаху і здранцьвеньня, а наадварот узьнімалі хвалю салідарнасьці, што дакатвалася да Нясьвіжаў і Магілёваў. Усё гэта дае падставу лічыць асобамі году ў беларускай палітыцы менавіта іх.
Вяртаньне году — Тадэвуш Кандрусевіч
Пасьля 16 гадоў пастырскай дзейнасьці ў Расеі на Радзіму вярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Каталіцкі касьцёл узначаліў энэргічны пастыр, які вычувае свой маральны аўтарытэт.
Ахвяра сыстэмы — Сьцяпан Сухарэнка
Аўтар славутага выказваньня пра дохлых пацукоў Сьцяпан Сухарэнка сёлета пазбыўся пасады старшыні КДБ. Лукашэнка пры звальненьні кпіў: «З чэкістаў вы ператварыліся ў пастухоў». Хадзілі чуткі, што Сухарэнка мог быць нават арыштаваны, але ўрэшце ён аб’явіўся ў бацькоўскай хаце ў Сьветлагорскім раёне. І чакае новага прызначэньня, ціхенька, хоць першае сваё інтэрвію пасьля адстаўкі даў “Народнай волі”. Якая сыстэма, такія і ахвяры.
Расчараваньне — Юры Жадобін
Як высьветлілася, на месца Сухарэнкі прыйшла вартая зьмена. Новы кіраўнік службы Юры Жадобін на свой першы дзень чэкіста назваў палітычную апазыцыю «супольнасьцю дэструктыўных элемэнтаў», якіх ёсьць 1767 і якіх КДБ ведае пайменна.
Салодкі галасок — Дзьмітры Калдун
Сьпявак Дзьмітры Калдун годна прадставіў Беларусь на Эўрабачаньні, конкурсе, вялікую ўвагу якому надаюць толькі на абшарах былога Савецкага Саюзу.
Змагар году — Сяргей Сямёнаў
Сваёй прынцыповасьцю гомельскі хлопец Сяргей Сямёнаў адстаяў права запаўняць па-беларуску мытныя дэклярацыі пры ўезьдзе і выезьдзе за мяжу. Некалькі раз за патрабаваньне беларускамоўнага блянку на Сямёнава складалі адміністрацыйныя пратаколы, але ахвоту адстойваць законнае права не адбілі. Урэшце Сямёнаў перамог, што прызнаў нават старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч. За тое, што даўно зьяўляецца нормай для іншых народаў, беларусам усё яшчэ трэба змагацца.
Спартовец году — Аляксандар Глеб
Пасьля сыходу зь лёнданскага «Арсэналу» францускай зоркі Т’еры Анры беларус Аляксандар Глеб стаў лідэрам каманды і адным з найбольш яркіх гульцоў ангельскай прэм’ер-лігі. Ангельцы шкадуюць, што Глеб ня можа выступаць за іх зборную, а гішпанская «Барсэлёна» ня супраць бачыць капітана беларускай зборнай у сваіх шэрагах. Дзякуючы Аляксандру Глебу пра Беларусь штодня дазнаюцца ўсё болей і болей людзей у сьвеце.
Аванс году — Агнешка Рамашэўская
Незалежнае беларускамоўнае тэлебачаньне спарадзіла вялізныя надзеі. Ці апраўдае яно іх? Заслуга стварэньня «Белсату» належыць перадусім ягонай дырэктарцы Агнешцы Рамашэўскай, і зь яе імём будуць зьвязвацца посьпехі і няўдачы каналу, што набірае прафэсіяналізму.
Новыя зоркі ў палітыцы — Юлія Цімашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў
Пры канцы году Юлія Цімашэнка другі раз стала прэм’ер-міністрам Украіны. Менавіта яна разглядаецца як адна з найбольш яўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва на наступных выбарах.
Вызначыліся зь пераем¬нікам і ў Расеі. Месца Пуціна зойме 42-гадовы Дзьмітры Мядзьведзеў. На прэзыдэнцтва яго вылучылі чатыры найбуйнейшыя палітычныя партыі. Мядзьведзеў мае рэпутацыю аднаго з найбольш эўрапейскіх палітыкаў Крамля. Але ў той Расеі ясна, што нічога ня ясна. Бо хто будзе сапраўдным кіраўніком — малады Мядвед ці такі стары Пуцін, якому ствараюць вобраз “любімага кіраўніка” і “нацыянальнага лідэра”? Ягоны культ нагадвае манархічны…
Прага ўлады — Уладзімер Пуцін
Дзьмітры Мядзьведзеў адразу пасьля вылучэньня на прэзыдэнцтва прапанаваў Уладзімеру Пуціну пасаду прэм’ер-міністра. Пуцін згадзіўся. Амэрыканскі часопіс Тіme прызнаў У. Пуціна сёлета чалавекам году. Сярод іншага, званьне Пуціну было прысуджанае за тое, што ён «істотна парушыў прынцыпы і ідэі, якія цэняць свабодныя нацыі».
Яна кінула выклік
Хілары ці ня Хілары? Калі дэмакраты такі выберуць сабе ў кандыдаткі жонку Біла Клінтана… стоп… гэта непаліткарэктна… сэнатара ад штату Нью-Ёрк Ms. Сlinton, то амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары напэўна ператворацца ў галасаваньне за Клінтаніху ці супраць Клінтаніхі. Яна кінула выклік мужчынскай палітыцы, і яна антаганізуе Амэрыку. Ужо першыя перадвыбары ў Аёве і Нью-Гэмпшыры неўзабаве пакажуць, ці гатовае даволі традыцыйная амэрыканская глыбінка зрабіць стаўку на бабу… стоп… жанчыну ці нэгра… ай… афраамэрыканца… А што ад таго нам, кабанам, як казаў пэрсанаж аднаго анэкдота? А нам напраўдзе ад выніку амэрыканскіх выбараў вельмі залежыць, бо Амэрыка застаецца безумоўным рухавіком заходняга сьвету, і калі наступным прэзыдэнтам акажацца такі самы стаўленік… стоп-стоп… чалавек, зьвязаны з нафтавым лобі, як Буш, і цэны на энэрганосьбіты застануцца на цяперашнім узроўні, Беларусі будзе цяжка вытрымліваць націск Расеі.
Валадар хаосу
Пэрвэз Мушараф, дыктатар Пакістану, 3 лістапада прыпыніў дзеяньне канстытуцыі і абвесьціў надзвычайнае становішча ў сваёй 160-мільённай, г.зн. у 16 разоў больш населенай, чым Беларусь, краіне. Ягоная краіна мае атамную зброю і пры гэтым знаходзіцца ў канфлікце з атамнай Індыяй, мяжуе з Аўганістанам. Яе разьдзіраюць палітычныя і рэлігійныя спрэчкі. Гледзячы на пахмуры твар гэтага былога дэсантніка, міжволі ўспамінаеш, як мала аддзяляе чалавецтва ад атамнай катастрофы і колькі адвагі трэба мець, каб кіраваць такім пеклам як Пакістан.
Нобэлеўскі намінант зь беларусаў — Станіслаў Шушкевіч
Калі тое было, што “беларусы нічога ня мелі”? ТВ маем, сусьветных зорак маем, вось толькі б мову сваю… Дарога да вяртаньня роўных правоў нацыянальнай культуры праходзіць праз палітычную барацьбу, і гэтым змаганьнем за свабоду, за чалавечую годнасьць, беларусы заслужылі ўвагу і павагу мільёнаў людзей у Вольным сьвеце. Другі год запар беларуса вылучаюць на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру. Летась сярод прэтэндэнтаў быў старшыня ліквідаванай (што кепскае б…) праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі, сёлета — Станіслаў Шушкевіч, якога прапанаваў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.
Чалавек абавязку — Лявон Баршчэўскі
Пэдагог і перакладчык Лявон Баршчэўскі вярнуўся ў палітыку. Каля васьмі гадоў ён адмяжоўваўся ад палітычнай дзейнасьці, але на сьнежаньскім зьезьдзе Партыі БНФ Баршчэўскі быў вымушаны вярнуцца. Перад другім днём працы зьезду Партыя апынулася ў патавай сытуацыі, калі ніводзін з прэтэндэнтаў не набраў патрэбнай колькасьці галасоў. Як у 1999 годзе, Фронт быў на мяжы расколу. Выратаваў становішча Лявон Баршчэўскі, які прапанаваў сваю кандыдатуру, як кампрамісную. Баршчэўскага падтрымалі амаль адзінагалосна.
Каментары