Жыхар Мінска з партрэтам замучанага чэкістамі бацькі каля будынку КДБ у Мінску.

Жыхар Мінска з партрэтам замучанага чэкістамі бацькі каля будынку КДБ у Мінску.

20 снежня (7-га паводле старога стылю) спаўняецца 100 гадоў ВЧК (Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам).

Гэтая ўстанова, ачоленая Феліксам Дзяржынскім, стала асноўным інструментам тэрору супраць груп, абвешчаных савецкай уладай класавымі ворагамі і контррэвалюцыянерамі. У 1922 г. ВЧК быў пераўтвораны ў ГПУ, апошні ў 1934 г. — у НКВД. Самі абрэвіятуры ВЧК, ГПУ, НКВД сталі сінонімамі тэрору.

Сёлета мінула і 80 гадоў падзеям, якія сталі сімвалам «Вялікага тэрору» — рэпрэсіям 1937 года. Пра той год у Беларусі сёлета гаварылі. Не ў апошнюю чаргу гэта заслуга светлай памяці Леаніда Маракова, які зрабіў вельмі шмат для ўвекавечання памяці ахвяр сталінізму.

Неймаверна, адзін чалавек узяў на сябе працу цэлага Інстытута нацыянальнай памяці. Ён не толькі падрыхтаваў значную колькасць даведнікаў аб рэпрэсаваных, але і ўвёў у беларускі дыскурс дзень памяці ахвяр сталінізму, «ноч расстраляных паэтаў», 29 кастрычніка, калі ў Курапатах было знішчана больш за сто беларускіх культурных і грамадскіх дзеячаў.

Разам з тым, шкада, што ў «юбілейны» год мы гаварылі ў асноўным пра рэпрэсаваных дзеячоў культуры… Безумоўна, гэта важная тэма, але ілюстраванне рэпрэсій лёсамі толькі «вялікіх» людзей стварае ілюзію, што, па-першае, рэпрэсіі тычыліся не ўсіх, што таталітарны рэжым — гэта тое, што мела адносіны толькі да тых, хто недзе там «наверсе».

«Кулакі» і крымінальнікі

У 1937 годзе рэпрэсіі дасягнулі свайго піку. У гэты час праводзіліся самыя масавыя аперацыі НКВД: «кулацкая аперацыя» (паводле загаду №00447), шэраг аперацый супраць нацыянальных меншасцяў. Гаспадарчыя і партыйныя працаўнікі, вайскоўцы і пісьменнікі, савецкая эліта, прадстаўнікі якой аказаліся на лаве падсудных у час маскоўскіх працэсаў і сфарміравалі нашыя першыя ўяўленні аб ахвярах «Вялікага тэрору», тут не ўзгадваліся.

Пачатак падзей, якія пасля былі названы «Вялікім тэрорам», паддаецца дакладнай даціроўцы —3 ліпеня 1937 г., калі Іосіф Сталін як сакратар ЦК УсеКП (б) перадаў народнаму камісару ўнутраных спраў СССР Мікалаю Яжову і рэгіянальным кіраўнікам партыі прынятае на дзень раней рашэнне Палітбюро аб пачатку кампаніі рэпрэсій супраць былых кулакоў і крымінальнікаў. Мэтавыя групы рэпрэсій былі вызначаны празмерна расплывіста, затое яны актыўна шальмаваліся ў якасці галоўных зачыншчыкаў шматлікіх злачынстваў і актаў сабатажу ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

Сталін і наркам унутраных справаў Яжоў.

Сталін і наркам унутраных справаў Яжоў.

Збіранне статыстыкі

Рэспубліканскім органам належала правесці папярэдні ўлік усіх тых, каго некалі назвалі кулакамі, а таксама — хто пазбег у свой час раскулачвання, і тым больш — вярнуўся з месца высылкі ці спецпасялення; былых членаў антысавецкіх партый (напрыклад, эсэры); усіх, каго ўлады назвалі «бандытамі» і «бандпасобнікамі», «удзельнікамі паўстанцкіх арганізацый, фашысцкіх, тэрарыстычных і шпіёнска-дыверсійных контррэвалюцыйных фарміраванняў»; «найбольш актыўных антысавецкіх элементаў з былых кулакоў, карнікаў, бандытаў, былых сектантскіх актывістаў, царкоўнікаў» — незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца — у калгасах, прадпрыемствах, транспарце, у савецкіх установах, на будоўлі, ці, нават, ужо ў турмах, лагерах і працоўных пасёлках. Таксама па дадзеным загадзе рэпрэсіям падлягалі крымінальнікі.

Усе яны мусілі быць зарэгістраваныя на рэгіянальным ўзроўні і, у залежнасці ад ступені іх небяспекі для савецкай дзяржавы, падзяляцца на 1-ю (для якіх прадугледжваўся расстрэл) і 2-ю катэгорыі (8—10 гадоў заключэння).

Для асуджэння «вінаватых» прадугледжвалася стварэнне пазасудовых органаў — троек. Як правіла, у склад троек уваходзіў начальнік аддзела НКВД (старшыня), пракурор, першы ці другі сакратар партыі. Гэтая пазасудовая інстанцыя ўжывалася кожны раз, калі належала ліквідаваць ці пазбавіць волі «антысаветчыкаў» без прытрымлівання прававых нормаў, у вялікай колькасці, з дапамогай паскоранай працэдуры і не прыцягваючы ўвагу грамадскасці

(як у часы Грамадзянскай вайны ці на піку калектывізацыі). Паседжанні троек праходзілі, як правіла, па начах, пры зачыненых дзвярах. Суддзі не бачылі абвінавачаных. Абскарджанне было немагчыма.

Лічбы па ўсіх варожых элементах, сабраныя на месцах, ішлі ў шыфратэлеграмах у ЦК УсеКП(б)Б Сталіну на зацвярджэнне.

Так, у шыфратэлеграме, накіраванай 7 ліпеня 1937 г. за подпісам В.Шаранговіча, указвалася, што ў БССР неабходна рэпрэсаваць 3000 чалавек па першай катэгорыі і 9800 па другой.

У склад тройкі прапаноўваліся: кіраўнік НКВД БССР Берман, другі сакратар ЦК КП(б)Б Дзеніскевіч, начальнік міліцыі Беларусі Шыйрон.

Першы сакратар ЦК КП(б)Б Васіль Шаранговіч падпісаў спіс з 12800 чалавек, прызначаных да рэпрэсій у БССР. Праз 20 дзён арыштуюць яго самога.

Першы сакратар ЦК КП(б)Б Васіль Шаранговіч падпісаў спіс з 12800 чалавек, прызначаных да рэпрэсій у БССР. Праз 20 дзён арыштуюць яго самога.

Сацспаборніцтва

Аператыўны загад НКВД СССР № 00447 «Аб аперацыі па рэпрэсаванні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў» быў выдадзены 30 ліпеня 1937 г. на падставе пратакола Палітбюро, падпісанага Сталіным. Менавіта гэты загад стаў вертыкаллю «Вялікага тэрору» 1937 г., а асноўнымі яго ахвярамі — сяляне. У яго прэамбуле падкрэсліваецца, што акцыя накіравана на канчатковае вырашэнне праблемы ўнутраных ворагаў Савецкага Саюза: «Перад органамі дзяржаўнай бяспекі стаіць задача — самым бязлітасным чынам разграміць усю гэтую банду антысавецкіх элементаў (…) і, урэшце, раз і назаўсёды пакончыць з іх подлай падрыўной работай».

Прадугледжваўся расстрэл 75 950 чалавек (у тым ліку 10 000 вязняў ГУЛАГа) і заключэнне 193 000 чалавек у лагеры і турмы. Агулам кантынгент рэпрэсаваных ахопліваў 268 950 «антысавецкіх элементаў». Для БССР былі вызначаныя наступныя ліміты: 2000 па першай і 10 000 па другой катэгорыі.

Але гэта былі толькі арыенціры, дапускалася павышэнне лічбаў, хоць і пасля запыту на адрас НКВД. Быў знойдзены механізм, які стымуляваў рэгіянальных кіраўнікоў НКВД да спаборніцтва за найвышэйшыя паказчыкі і адначасова даваў цэнтральнаму кіраўніцтву ў Маскве інструмент дазіравання рэпрэсій.

Кіраўніцтва НКВД і партыйная вярхушка ў Маскве былі заваленыя хадайніцтвамі аб павышэнні лімітаў і амаль заўсёды рэагавалі пазітыўна. У правінцыях стаўленне да лімітаў было такім жа, як да планавых лічбаў чарговай партыйна-гаспадарчай кампаніі.

Паводле даступных дадзеных, ніводзін з рэгіянальных кіраўнікоў не адважыўся застацца ў рамках першапачаткова выдзеленай квоты.

Так, калі на 30 ліпеня 1937 г. квоты па Беларусі былі 2 і 10 тысяч, дык на 1 студзеня 1938 г. ужо адпаведна 6 тыс. і 14,5 тыс. і г.д.

Адзін з кіруючых работнікаў апарата НКВД тлумачыў пазней: «Я точно знаю, что эти лимиты становились предметом своеобразного соревнования между многими начальниками НКВД. Вокруг этих лимитов в наркомате была создана такая атмосфера — тот из начальников, кто скорее реализовывал данный ему лимит в столько-то тысяч человек, получал от наркома новый, дополнительный лимит и рассматривался как лучший работник, который лучше и быстрее выполнял и перевыполнял директивы Н.И. Ежова по разгрому контрреволюции».

19 снежня 1937 г., з нагоды 20-й гадавіны заснавання ЧК, 10 кіраўнікоў УНКВД былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна і больш за 20 — ордэнам Чырвонай Зоркі.

На правядзенне аперацыі адводзілася 4 месяцы. Аднак яна не скончылася ў тэрмін і цягнулася 14 месяцаў. У выніку ад жніўня 1937 да лістапада 1938 г. па СССР было арыштавана 699 929 чалавек (амаль утрая больш запланаванага), з іх 376 206 расстралялі (у пяць разоў больш, чым планавалася), што склала амаль палову арыштаў па СССР 1936—1938 г. і больш за палову смяротных прысудаў.

Гулаг.

Гулаг.

Па БССР толькі па гэтай аперацыі было асуджана не менш, чым 24 209 (у 2,5 разу больш) чалавек, з іх 6 869 — да смяротнага пакарання (у 3,5 разу больш, чым планавалася). Сюды не ўваходзяць тыя беларусы, хто быў рэпрэсаваны не на тэрыторыіі БССР, а знаходзіўся ў лагерах, турмах за межамі рэспублікі, у спецпасёлках.

 

«Нацыянальныя аперацыі»

Адначасова па СССР разгортваліся аперацыі НКВД супраць пэўных нацыянальнасцей — палякаў, немцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, фінаў, грэкаў, румын, балгар, кітайцаў, іранцаў, афганцаў. Яны агулам і без ніякіх рэальных прычын разглядаліся як «пятая калона», якая ў выпадку вайны выступіць на баку акупантаў.

У разгар масавых рэпрэсій Наркам унутраных спраў БССР Берман у сваёй запісцы ў ЦК КП(б)Б ад 20 кастрычніка 1937 г. адзначаў: «Практычная дзейнасць контррэвалюцыйных фарміраванняў, якія актыўна дзейнічалі ў Беларусі і яе пагранічных раёнах, разгортвалася, галоўным чынам, у кірунку: разведвальнай работы на карысць палякаў і немцаў, падрыхтоўкі паўстанцкіх кадраў і стварэння апорных пунктаў для фашысцкіх інтэрвентаў».

Наркам УС БССР Барыс Берман прыклаў руку да шпіёнаманіі ў Беларусі. Калі маўр зрабіў сваю справу, ён таксама не перажыў 1938 года.

Наркам УС БССР Барыс Берман прыклаў руку да шпіёнаманіі ў Беларусі. Калі маўр зрабіў сваю справу, ён таксама не перажыў 1938 года.

У час правядзення нацыянальных аперацый супрацоўнікі НКВД «ускрывалі» «шырока разгорнутыя сеткі дыверсійна-паўстанцкіх арганізацый», «шпіёнска-дыверсійныя гнёзды і шырока разгалінаваныя шкодніцкія арганізацыі».

Асабліва ўдар прыйшоўся па прыгранічных раёнах, вёсках, справа даходзіла да таго, што тут арыштоўвалі амаль усё мужчынскае насельніцтва!

Так, у адной з вёсак Тураўскага раёна (80 двароў) пасля арыштаў засталося трое мужчын; у калгасе «Чырвонаармеец» Плешчаніцкага раёна з 29 мужчын у канцы 1937 г. і пачатку 1938 года былі арыштаваныя 23… У былых памежных вёсках Лепельскага раёна, расказвалі старажылы, усіх мужчынаў арыштавалі за адну ноч як «польскіх шпіёнаў».

Былы загадчык аддзелам УГБ НКВД Гепштэйн на допыце (і ён быў арыштаваны) 7 сакавіка 1939 г. паказаў:

«Лінія на арышт у першую чаргу палякаў прывяла, у рэшце, да таго, што на месцах пры складанні даведак на арышт, часта на падставе толькі таго, што ў чалавека польскае прозвішча ці імя ва ўстановачных дадзеных за вочы пісалі «паляк», ведаючы, што пры гэтым Мінск абавязкова дасць санкцыю на арышт».

Наркам унутраных спраў Наседкін 13 снежня 1938 г. пісаў сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку, што падчас арыштаў 1937 — першай паловы 1938 гг. «з узятых асоб па польскай лініі — чыстых палякаў было вынята не больш 35—40%, а астатнія былі беларусы, рускія, яўрэі, украінцы».

Былі польскія шпіёны — сталі латышскія

Латышская аперацыя пачалася некалькі пазней. У дырэктыве, даведзенай да ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці, адзначалася: там, дзе ёсць «латышскае насельніцтва, абавязкова павінна быць контррэвалюцыйная арганізацыя». І яе трэба неадкладна ліквідаваць. Улічваючы перавыкананне плана па польскай аперацыі і недавыкананне па латышскай, НКВД пачало «пераводзіць» польскіх шпіёнаў у латышскія.

Так, у Віцебску перааформілі пратаколы на ўжо асуджаных да вышэйшай меры пакарання за «шпіянаж на карысць Польшчы» латышоў як на ўдзельнікаў нацыяналістычнай контррэвалюцыйнай латышскай арганізацыі. Падчас перадопытаў кожны абвінавачваны пад катаваннямі назваў па 25—30 «саўдзельнікаў».

Арыштаванай Чыжэўскай паказалі спіс членаў латышскага клуба і спыталі, ці ведае яна іх. Чыжэўская падцвердзіла. Усе 60 чалавек былі арыштаваныя як удзельнікі контррэвалюцыйнай латышскай арганізацыі.

Як адзначалася, па аперацыі №00447 рэспублікам спускаліся ліміты. А далей працаваў просты механізм: рэспубліка «размяркоўвала» лічбы паміж абласцямі, вобласці паміж раёнамі і г.д. А паколькі нацыянальныя аперацыі ішлі адначасова з «кулацкай» і праводзіліся тымі ж выканаўцамі, то, натуральна, метады правядзення былі тыя ж. Начальнік Рэчыцкага райаддзялення УГБ Валавік на нарадзе аператыўных работнікаў паведаміў, што раёну дадзена заданне выявіць і арыштаваць 300 чалавек палякаў, латышоў, немцаў і інш., «для чаго даў заданне выявіць па прадпрыемствах і сельсаветах такіх асоб»; начальнік 3 аддзела УГБ НКВД БССР Гепштэйн «у верасні 1937 года па тэлефону даў указанні, што Віцебск павінен арыштаваць 300 чалавек палякаў» і г.д.

Працавала матэматычная логіка: рэспубліка-вобласць-раён. Далей ліміты вызначаліся на кожнага следчага. З матэрыялаў справы аб працы Віцебскага УНКВД: супрацоўнік Сакалоў «папрасіўся ехаць дадому на выходны дзень, Левін сказаў «Калі сёння паднаціснеш, то заўтра паедзеш». Сакалоў прыступіў да допыту арыштаваных, за гэты дзень атрымаў прызнанне шасці арыштаваных. На допыце Сакалоў арыштаваным ставіў пытанне ў лоб: «збіраўся ўзарваць мост», «з’яўляўся ўдзельнікам к.р. арганізацыі» і г.д. На ўсе пастаўленыя пытанні дабіваўся станоўчага адказу ад арыштаваных шляхам прымянення зверскіх мераў фізічнага ўздзеяння».

«Кроплі шчырасці»

Ужо ў першыя месяцы вялікай чысткі апарат НКВД у цэнтры і на месцах быў павялічаны ў некалькі разоў. Як успамінаў Хрушчоў: «Сталин… решил брать туда на работу людей прямо с производства, от станка. Это были люди неопытные, иной раз политически совершенно неразвитые. Им достаточно было какое-то указание сделать и сказать: «Главное, арестовывать и требовать признания».

Адчуваючы сваю бязмежную ўладу над людзьмі, многія з такіх «навічкоў» хутка авалодвалі прыёмамі катаў і ператвараліся ў скончаных садыстаў. Так, у НКВД БССР арыштаваных зацягвалі ва ўціхамірвальныя кашулі, аблівалі халоднай вадой і выстаўлялі на мароз, улівалі ў нос нашатырны спірт, здзекліва называны «кроплямі шчырасці».

У Асобым аддзеле Беларускай вайсковай акругі арыштаваных прымушалі прысядаць сотні разоў з Бібліяй у выцягнутых руках, гаўкаць па-сабачаму і інш.

Для арыштаваных ствараліся такія ўмовы, што яны прызнавалі ўсё, чаго ад іх дабіваліся следчыя, што мелі «нормы выпрацоўкі» (прымяналіся гэтак званыя «стойкі», «канвеерныя допыты», заключэнне ў карцар ці рэжымныя камеры, утрымліванне ў спецыяльна абсталяваных сырых, халодных ці вельмі гарачых («парылкі») памяшканнях, пазбаўленне сну, вады, збіццё).

Калі ў 1938 г. было ўзнята пытанне аб адхіленні ад працы тых энкавэдыстаў, якія бралі ўдзел ў збіцці арыштаваных, Панамарэнка заявіў, што гэта немагчыма, бо гэта тычылася не менш за 80% апарата НКВД.

З дакументаў вынікае, што многія следчыя працавалі «не за страх і не за сумленне», а атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад «працы». Таталітарная дзяржава стварыла спрыяльныя ўмовы для садыстаў.

Сталінскае кіраўніцтва выкарыстоўвала эфектыўны ў тых умовах спосаб маніпуляцыі грамадскай думкай: усё добрае — ад партыі, савецкай улады і Сталіна; усё дрэннае (адсутнасць прадуктаў, жылля, шырокамаштабныя рэпрэсіі, злоўжыванні) — ад ворагаў і шкоднікаў. Сродкі масавай інфармацыі, масавыя сходы і мітынгі рабілі сваю справу.

«А цябе яшчэ не забралі?»

Шпіёнаманія дасягнула апагею! Цікавым дакументам з’яўляецца, напрыклад, ананімны ліст з роднай вёскі старшыні СНК К. Кісялёва 1938 г. на імя Сталіна. У ім пісалі, што Кісялёў па нацыянальнасці зусім не беларус (як ён піша ў аўтабіяграфіі), а паляк: «ён шляхціч, а гэта ўсё адно, што паляк» і сапраўднае імя яго не Кузьма, а Казімір, а бацьку яго завуць Бенедыкт, «а хрысцілі яго ў касцёле, беларусаў у касцёле не хрысцілі».

Зводка НКВД «Аб настроях насельніцтва БССР у сувязі з арыштамі контррэвалюцыйных элементаў сярод палякаў» ад 9 верасня 1937 г. утрымлівае наступныя сведчанні: на мінскай фабрыцы «Кастрычнік» рабочыя звярталіся да палякаў: «А цябе яшчэ не забралі?»; «камсамолка Белкіна звярнулася да работніцы-перабежчыцы з пытаннем — ці прадасць яна ёй зараней (да арышту) свой ложак»; калгасніца к-са «Кавалі» Дзяржынскага раёна Жаўцікоўская гаварыла: «Забралі ўсіх, хто мае сваякоў у Польшы. Калі каго не забралі, то чакайце — забяруць, трэба хутчэй прадаваць кароў»; настаўніца польскай школы Будкевіч: «Я ад арыштаў упадаю ўжо ў кашмары, такая атмасфера, што не ведаеш, калі цябе схопяць за каўнер і пацягнуць у турму. Дзесяць гадоў жыцця аддала б, каб хоць трохі мець упэўненасці ў жыцці»; «Калгаснік калгаса «Будзённы» Гармаза, член сельсавета, заўважыўшы аўтамашыну і супрацоўнікаў НКВД, кінуўся бегчы. Калі спыталі ў яго маці чаму ён пабег, апошняя адказала: «Ён цэлую ноч не мог спаць — баяўся арышту»; «Калгаснік Мінько Пятро, убачыўшы ў вёсцы аўтамашыну, сеў на каня і паехаў у лес. Калі старшыня калгаса паслаў хлопчыка за Мінько, то апошні адказаў: «Мяне кліча не старшыня калгаса, а НКВД, гэта яны за мной прыехалі».

«Я зразумеў, што гэта не памылка, а што — патлумачыць не маглі»

«Дыму без агню не бывае…», «а можа і сапраўды ён/яна/ яны ворагі?», «лес сякуць — шчэпкі ляцяць» і г.д. Але раптам здарылася самае страшнае — арыштавалі менавіта цябе! А ты ж дакладна не шпіён, не вораг… Перад намі вытрымка з яшчэ аднаго вельмі паказальнага дакумента, як самі арыштаваныя спрабавалі для саміх сябе патлумачыць, што адбываецца. Былы капітан 13 стралковай дывізіі Кунд Густаў у сваёй заяве ў ЦК пісаў:

«Думаў, што арыштаваны памылкова, але калі ў камеру 88 прыбыло яшчэ каля 20 камандзіраў пераважна не рускай нацыянальнасці, я зразумеў, што гэта не памылка, а нешта іншае, што — патлумачыць не маглі.

У камеры гаварылі, што, калі патрапіў, то адсюль не вырвешся, калі справы няма, то створаць, і што людзі ад пабояў вар’яцеюць і маюцца выпадкі забойства і самагубства… адчувалася, што ў турме дабіваюцца толькі подпісу на паперцы, не важна вінаваты чалавек і ці было здзейснена злачынства

(гаварылі, што гэта трэба, каб асудзіць чалавека на асобай нарадзе завочна). Былі і версіі, што камандны склад пасля праверкі будзе накіраваны ў Кітай і Іспанію і што арышт і пратаколы з’яўляюцца маскіроўкай мерапрыемства… Пасля, калі ўсё гэта не здзейснілася, думаецца, як гэта члены партыі і старыя камандзіры далі лжывыя паказанні пад збіццём. Я цяпер упэўнены, што тыя камандзіры ў камеры і я ў фашысцкім палоне ці турме вытрымалі б любыя пабоі, не сказаўшы ні слова, але тут былі іншыя абставіны — ужываліся метады: 1) калі дасі паказанні, атрымаеш лепшыя ўмовы ў турме і сведчанні і сувязь з сям’ёй, 2) версіі аб магчымасці паездкі ў Кітай і Іспанію; 3) за артыкулы, за якія даюць 10 гадоў, аказалася адміністрацыйная высылка; 4) галоўнае ўнушалі, што так трэба для Савецкай улады, і калі старыя члены партыі, упаўнаважаныя дывізіі, якія ведалі сваіх камандзіраў, што яны не шпіёны, кулакамі рабілі з іх шпіёнаў, пачынаеш думаць, што можа быць сапраўды так трэба».

55 тысяч чалавек за 16 месяцаў

Былы пракурор БССР Новік на паседжанні Бюро ЦК КП(б)Б 26 ліпеня 1939 г. у сваіх паказаннях адзначыў, што масавыя арышты, галоўным чынам, праводзіліся па лініі вайсковай пракуратуры, таму што ў Беларусі арыштоўвалі, галоўным чынам, па 68 артыкуле — за шпіянаж.

Аналіз 7 тыс. картак персанальнага ўліку жыхароў Мінска і Мінскай вобласці, рэабілітаваных у 1955—1993 гг., зроблены гісторыкам У.І. Адамушкам, сведчыць, што рэпрэсаваныя за шпіянаж склалі 38% (арт.68), таксама найбольш папулярнымі артыкуламі былі: за «прапаганду і агітацыю супраць савецкай улады» (арт.72); «арганізацыйная дзейнасць супраць савецкай улады» (арт. 76).

Ад жніўня 1937 г. да лістапада 1938 г у рамках ўсіх нацыянальных аперацый па СССР было асуджана больш за 335 тыс. чалавек, з іх амаль 74% — да расстрэлу (па польскай аперацыі працэнт быў яшчэ вышэйшы).

У Беларусі па гэтай аперацыі ад жніўня 1937 да верасня 1938 г. былі арыштаваныя 21 407 «польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і ўдзельнікаў паўстанцкіх арганізацый», 563 чалавекі «нямецкай агентуры», 1459 — латышскай. З агульнага ліку арыштаваных каля 19 тысяч чалавек да канца 1938 г. было асуджана да расстрэлу.

Але аперацыя цягнулася да лістапада, звестак за апошнія два месяцы я, на жаль, не маю.

Усяго ж ад ліпеня 1937 г. да лістапада 1938 г. НКВД Беларусі арыштавала не менш за 54 845 чалавек, з іх не менш за 27 391 расстралялі.

Дзяды-2017. Шэсце ў Курапаты.

Дзяды-2017. Шэсце ў Курапаты.

У загадзе № 00447 мелася ўказанне аб «абавязковым поўным захаванні ў таямніцы часу і месца прывядзення прысуду ў выкананне»… Выдадзены ў 1939 г. загад № 00515 прадпісваў адказваць на запыты сваякоў знакамітай фармулёўкай «10 гадоў папраўча-працоўных лагераў без права перапіскі». А ў 1945 г. ім было паведамлена, што сваяк, асуджаны на 10 гадоў ППЛ, памёр у зняволенні…

* * *

Ірына Раманава — Прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Жыве ў Мінску. Фота ehu.lt. У дадзенай публікацыі выкарыстаныя дакументы з Нацыянальнага архіва Беларусі. Партыйны фонд (4-п).

Ірына Раманава — Прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Жыве ў Мінску. Фота ehu.lt. У дадзенай публікацыі выкарыстаныя дакументы з Нацыянальнага архіва Беларусі. Партыйны фонд (4-п).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0