Сіманьян пахвалілася поспехамі беларускага «Спутніка». І гэта абсалютная хлусня
Галоўны рэдактар Russia Today, інфармацыйных агенцтваў «Россія сегодня» і «Спутнік» Маргарыта Сіманьян пахвалілася поспехамі беларускага «Спутніка».

«У Sputnik Беларусь у студзені 10 мільёнаў унікальных карыстальнікаў пры насельніцтве краіны 9,5 мільёна. Гэта больш, чым у «Радыё Свабода», польскага «Белсата» і астатніх замежных СМІ ў краіне, разам узятых. Ганаруся!»
— напісала ў сваім тэлеграм-канале расійская прапагандыстка.
Няўжо тое, што яна напісала, праўда, і «Спутнік» лідзіруе на беларускім інфармацыйным рынку? Натуральна, не.
У інтэрнэце ёсць вялікае мноства лічыльнікаў папулярнасці сайтаў. І ўсе яны паказваюць падобныя лічбы наведвальнасці «Спутніка».
Сэрвіс Liveinternet прапануе ацаніць колькасць наведнікаў на сайтых за апошні 31 дзень. Гэта не зусім «чысты» студзень, але амаль той самы перыяд.
У «Спутніка» налічылася 2,7 мільёна ўнікальных наведнікаў. Але толькі 30% чытачоў сайта — жыхары Беларусі.

Сэрвіс Similarweb прапануе статыстыку за апошнія 28 дзён. Ён падлічвае колькасць візітаў (сеансаў). Гэта лічба азначае, колькі разоў нехта заходзіў на сайт. Калі чалавек за месяц зайшоў з мабільніка на «Спутнік» пяць разоў, то будзе ўлічвацца адзін карыстальнік і пяць візітаў.
Дык вось, у беларускага «Спутніка» налічылася 10,21 мільёна візітаў.

Не карыстальнікаў, а візітаў! Атрымліваецца, што кіраўніца «Спутніка» Маргарыта Сіманьян не разумее розніцы паміж гэтымі тэрмінамі.
Звернем увагу і на якасць аўдыторыі. Сярэдні візіт на сайт працягваецца 1 хвіліну і 4 секунды, але больш за 70% наведнікаў выходзяць з сайта адразу ж, не пераходзячы на іншыя старонкі. Гэта азначае, што ў «Спутніка» не сталая аўдыторыя, а залётная, якая трапляе па пэўных спасылках, але адразу ж сыходзіць.
Што да рэгіёну, то Similarweb падлічвае статыстыку па наведваннях толькі з камп'ютараў (без мабільных прыладаў). У «Спутніка» толькі 16% карыстальнікаў з Беларусі, затое з Расіі — ажно 75%.
Для параўнання, у «Нашай Нівы» 85% наведнікаў з Беларусі.

Яшчэ адзін сэрвіс, «Яндэкс-Радар», публікуе паказчыкі толькі расійскіх сайтаў. І беларускі «Спутнік», натуральна, ідэнтыфікуецца сістэмай як «свой», як, дарэчы, і «Советская Белоруссія».


У студзені колькасць карыстальнікаў з Беларусі ў беларускага «Спутніка» складала каля 800 тысяч чалавек. Праўда, пра гэта Маргарыта Сіманьян не кажа.
У гэтым і ёсць «поспех» працы «Спутніка» і «Советскай Белоруссіі» ў інтэрнэце. Іх дэклараваная мэта — распаўсюд інфармацыі для беларускага спажыўца.
Але ў рэальнасці, не дацягваючыся да згаданых вышэй Tut.by, Onliner.by, «Нашай Нівы», яны арыентуюцца на іншы шлях — паспрабаваць дасягнуць высокіх лічбаў за кошт выпадковага трапляння ў рэкамендацыйныя сістэмы да расійскага спажыўца.
Каментары