Эканоміка

«Калі ўсё так пазітыўна, навошта зноў прасіць крэдыт у Расіі?» Разбіраем «аптымістычны» даклад міністра эканомікі

На прэс-канферэнцыі Лукашэнкі Аляксандр Чарвякоў выступіў з дакладам аб стане эканомікі за шэсць месяцаў 2021 года ў параўнанні з першым паўгоддзем 2020-га. Справаздача была насычаная бадзёрымі лічбамі: заробкі павялічыліся, ВУП вырас, знешнегандлёвае сальда дык увогуле дасягнула рэкорду за апошнія восем гадоў. Аднак дырэктарка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Кацярына Барнукова раіць не спяшацца радавацца.

«Супрацьпастаўляць эканоміку жыццям людзей?»

«Спрацавала прынятае ў мінулым годзе стратэгічна вернае рашэнне — не спыняць эканоміку і працягваць працаваць. У выніку захаваная вытворчасць, кампетэнцыі, кадры, што стала асновай сённяшняга выніку», — адзначыў міністр.

«Складана спрачацца з тэзісам, што, калі б мы закрылі краіну на каранцін, было б эканамічна горш, — кажа Кацярына Барнукова. — Гэта відавочна — сапраўды, было б эканамічна горш. І калі б мы адразу сабе шчыра прызналіся, што мы не можам сабе дазволіць сысці ў каранцін, было б больш правільна. Магчыма, былі б лепшыя вынікі для здароўя грамадзян, яны б разумелі, што існуе рэальная небяспека. Пры гэтым тыя 32 тысячы залішніх смерцяў сыходзяцца з іншымі ацэнкамі смерцяў ад каранавіруса. Гэта азначае, што Беларусь адна з лідараў па смяротнасці ў свеце. Гэты паказчык супастаўны ці нават большы, чым у Расіі, якая лічыцца лідарам у свеце. І гэта лагічна, што Расія закрывалася на каранцін некалькі разоў, і такім чынам частку людзей змагла выратаваць. Мы не змаглі. Як тут супрацьпастаўляць эканоміку і 32 тысячы смерцяў? Я не ведаю».

Журналісты «Настоящего Времени» правялі даследаванне даных, атрыманых ад «кіберпартызанаў» — хакераў, якія заявілі пра ўзлом сістэмы «Пашпарт» у Беларусі. Яно паказвае, што з сакавіка 2020 года па сакавік 2021 года залішняя смяротнасць у краіне склала 32 тысячы чалавек — у 14 разоў больш, чым паведамлялі ўлады.

Заробкі выраслі на 14%. Але ёсць дэталі

«Вынікі працы эканомікі адлюстроўваюцца і на ўзроўні заработнай платы. Яе намінальны памер у чэрвені склаў 1433 рублі, што больш, чым на 14% вышэй, чым у аналагічным перыядзе мінулага года, — сказаў міністр. — Пры гэтым заробкі бюджэтнікаў стабільна перавышаюць 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. У поўным аб'ёме забяспечаныя выплаты пенсій і дапамог».

«Калі глядзець на рост медыянных заробкаў (паказчык, які адлюстроўвае суму ў цэнтры «заробнага шэрагу» і дзеліць яго на дзве роўныя часткі — заўв. НН), аказваецца, што ён не так ужо і ўражвае, — адзначае экспертка. — Ну і рост сярэдніх заробкаў ідзе за кошт той жа самай IT-сферы, дзе і заробкі растуць, па-першае, з-за адтоку людзей, а па-другое, з-за росту курсу даляра. Зразумела, што заробкі ў IT рвуць наперад, і гэта адлюстроўваецца на сярэдніх заробках, а па медыянных рост зусім крыху перакрывае інфляцыю. Таму ганарыцца якімі-небудзь дасягненнямі не выпадае. Гэта адлюстроўваецца на рытэйле, аб'ёмы яго не растуць так хутка, як заробкі людзей. Што якраз сведчыць пра спажывецкую дэпрэсію».

А што з беспрацоўем?

«Стабільная сітуацыя і на рынку працы. Узровень беспрацоўя склаў 3,9%. Гэта ўдвая менш парогавага значэння па метадалогіі міжнароднай арганізацыі працы. Беларусь працягвае знаходзіцца сярод краінаў з нізкім узроўнем беспрацоўя», — сказаў Чарвякоў.

«Адна з прычынаў нізкага ўзроўню беспрацоўя ў тым, што людзі з'язджаюць, а таксама старэе насельніцтва. У дадатак ёсць вялікая патрэба ў працоўнай сіле, — кажа эканамістка. — Таксама ў нас вельмі гнуткі рынак працы. Прасцей кажучы, работнік практычна не абаронены, яго лёгка звольніць, знізіць яму зарплату. Паколькі ўсе супрацоўнікі на кантрактах, то працадаўцы не баяцца іх браць на працу, а потым лёгка звальняць. Таму ў нас гістарычна нізкі ўзровень беспрацоўя. Але гэта пакуль. Потым, калі санкцыі ўступяць у сілу, калі будзе адбывацца стагнацыя і недахоп грошай у бюджэце, хутчэй за ўсё, у некаторых гарадах будуць успышкі беспрацоўя. На ўзроўні краіны іх, хутчэй за ўсё, не будзе».

ВУП вырас на 3,3%, але ў чэрвені рост склаў 0%

Міністр сказаў, што па выніках першага паўгоддзя ВУП склаў 103,3%, найбольшы ўнёсак. Пры гэтым больш за 80% забяспечыла прамысловасць, якая вырасла на 10%. Чарвякоў адзначыў, што растуць «тыя галіны, на якія рабілі стаўку і правялі мадэрнізацыю». Павялічваюцца пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, аўтамабіляў. Расце дрэваапрацоўка, харчовая прамысловасць, пасажыраабарот.

Па яго словах, актыўна аднаўляюцца грузавыя перавозкі (толькі чыгуначныя кантэйнерныя перавозкі выраслі на 40%), а таксама расце пасажыраабарот, экспарт паслуг.

«Галоўны паказчык эфектыўнасці — чысты прыбытак арганізацый перавысіў у 3,7 разу ўзровень мінулага года. У знешнім гандлі экспарт тавараў і паслуг вырас на трэць. Дадаткова атрымана больш за $4 мільярды экспартнай выручкі. Знешнегандлёвае сальда склала плюс $1,25 мільярда — гэта найлепшы паказчык за апошнія восем гадоў. Пры чым прыраслі па ўсіх групах тавараў без выключэнняў», — адзначае ён і дадае пра тое, што на 20% павялічыўся экспарт у Расію і на 30% у Кітай.

Кацярына Барнукова кажа, што беларуская эканоміка сапраўды за паўгода вырасла. Але лічбы гэтага росту такія высокія на фоне мінулага паўгоддзя, дзе была пандэмія і адсутнасць паставак нафты. Эканамісты называюць такую з'яву «эфект нізкай базы».

«І вось цяпер мы параўноўваем сябе з гэтай вельмі нізкай базай, — кажа яна. — У прынцыпе, з гэтых 3,3% росту ВУП больш за 1% выходзіць за кошт нізкай базы. Усё астатняе адбываецца з-за экспартнага цуду. За кошт рэзкага росту попыту на беларускія тавары як у аб'ёмах, так і па коштах. Гэта тое, што адбываецца па-за нашым кантролем і не з'яўляецца нашым дасягненнем. То-бок мы змаглі скарыстацца гэтай сітуацыяй і за кошт экспарту аднаўляем эканоміку і расцём.

Пры гэтым ёсць шмат трывожных рэчаў, пра якія міністр не сказаў. Напрыклад, тое, што, нягледзячы на 3,3% росту, у чэрвені наша эканоміка пачала запавольвацца. І па ацэнках аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця, у чэрвені ВУП вырас на 0%, то-бок не вырас. А напрыканцы года па прагнозу ЕАБР ён увогуле складзе 1,3%. То-бок у другой палове года эканоміка пачне скарачацца, бо гэты «экспартны цуд» скончыцца».

Расце IT-сфера, але вынікі маглі б быць лепшымі

«Упэўнена расце і ІТ-сфера, яе рост паскараецца і за паўгоддзе перавысіў 7%. Колькасць прадпрыемстваў у гэтай сферы пастаянна павялічваецца», — сказаў міністр.

«У нас да пандэміі IT-сфера расла амаль на 10%. Улічваючы вялізны ўсплёск попыту на IT-паслугі ва ўсім свеце на выхадзе з пандэміі, я думаю, што мы маглі б і 10%, і нават 12% паказаць. Але паколькі мы губляем як частку людзей, так і частку інвестыцый у IT, то паказваем 7%. І незразумела, што будзе далей», — заўважае экспертка.

А што на рынку будаўніцтва?

«Апераджальнымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай для шматдзетных сем'яў. За паўгоддзе ўведзена больш за 60% да гадавога задання», — рапартаваў Чарвякоў.

«Жыллё для шматдзетных — гэта іншая асобная тэма. Міністр нічога не сказаў пра тое, што ў нас скарачаецца будаўніцтва і інвестыцыі ў яго. Мы бачым, што інвестыцый становіцца менш у будаўнічай сферы. Па некалькіх прычынах, у тым ліку ўплывае палітычны крызіс і звязаная з ім нявызначанасць. Эканамічныя агенты не бачаць, як будзе развівацца сітуацыя далей, якім будзе стаўленне да прыватнага сектара. У панядзелак мы зноў пачулі нападкі на бізнэсменаў, якія нібыта фінансавалі пратэст. Усё гэта прыводзіць да таго, што кампаніі пачынаюць прытармажваць інвестыцыі. Яны падаюць нават у параўнанні з першым паўгоддзем 2020-га, калі ў нас была пандэмія і ніхто ўвогуле не разумеў, што будзе адбывацца і не хацеў інвеставаць. Што гэта значыць для заўтрашняга дня? Не будзе таго росту, які мог бы быць».

На наступны год нам абяцаюць рост 0% 

«Беларусь працягвае быць надзейным партнёрам. Выкананыя ўсе дзяржаўныя грашовыя абавязкі. Такім чынам захоўваецца бюджэтная ўстойлівасць і сацыяльная стабільнасць», — адзначыў міністр.

«Калі ў нас усё так пазітыўна і такія цудоўныя вынікі ў эканоміцы, як кажа міністр, то чаму нам трэба прасіць крэдыт у Расіі? Чаму мы не можам самі абслугоўваць свае пазыкі? — задаецца пытаннем Барнукова. — Аказваецца, не можам. Аказваецца, не ўсё так цудоўна ў нашай эканоміцы. Хоць дзякуючы гэтаму «экспартнаму цуду» лепш, чым магло б быць.

Наперадзе ў нас эфекты санкцый. Бо санкцыі, якія ЕС прыняў у чэрвені, яшчэ не пачалі дзейнічаць, яны распаўсюджваюцца на новыя кантракты. Хутчэй за ўсё, яны пачнуць дзейнічаць напрыканцы 2021 года. А што тычыцца санкцый ЗША, то яны пачнуць дзейнічаць на пачатку снежня. І гэта ўсё таксама пачне негатыўна адлюстроўвацца на эканоміцы.

Што тычыцца прагнозаў, то аналітыкі ЕАБР на наступны год нам абяцаюць рост 0% — гэта паўнавартасная стагнацыя. І гэта яны яшчэ рабілі прагноз да амерыканскіх і канадскіх санкцый. Тым больш, невядома, на якія яшчэ санкцыі мы да таго часу паспеем нарвацца».

Каментары

Лукашэнка стаў прадзедам11

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам11

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →