Грамадства

«Гатовы аддаць усё, што ёсць, у абмен на здароўе». Як склалася жыццё кіроўцы, у якога год таму прыляцела граната

10 жніўня 2020 года кіроўца Павел Сібілёў завяршаў працоўную змену на аўтобусе №163, ехаў з Сухарава да Варанянскага. Але скончыць маршрут мужчыне так і не выпала: аўтобус разам з іншым транспартам трапіў у затор. Павел выйшаў абмеркаваць сітуацыю з калегам-тралейбуснікам, і неўзабаве яму ў спіну прыляцела граната і гумовыя кулі. Вынік — месяц у ваенным шпіталі, перасадка скуры, знямелыя пальцы левай рукі і першая група інваліднасці. 

Да 10 жніўня 2020-га Павел быў здаровым 48-гадовым мужчынам, які лёгка праходзіў усе медкамісіі. За год ён схуднеў з 80 кілаграмаў да 53, пасівеў і перасоўваецца з кійком у руках.

У СК сказалі, што гэта быў няшчасны выпадак

Павел прызнаецца, што шмат разоў пракручваў у галаве падзеі 10 жніўня. У яго быў шанец з’ехаць з маршруту і, як ён лічыць, пазбегнуць ранення, але ён вырашыў дапрацаваць.

«Я проста не мог уявіць, што такое можа здарыцца. Ведаў, што 9-га ў Мінску былі «заварушкі» (сам я не галасую, бо родам з Украіны, у мяне тут від на жыхарства), але каб 10-га нешта на Пушкінскай… Мы з узвышэння ўбачылі, што каля метро пачаліся выбухі, стральба. Але там, дзе вуліца Данілы Сердзіча, на аддаленасці, было ціха. Людзі амаль павыходзілі з салона аўтобуса, а я, дай, думаю, дапрацую. Усё ж у нас ідзе гадзінны ўлік: калі не ад’ездзіш запланаванае на месяц, грошай мала атрымаеш, прэмій не будзе. Хаця калі б я ведаў, што здарыцца, то, канечне б, з’ехаў з маршруту», — прызнаецца суразмоўца.

Разгон на Пушкінскай 10 жніўня 

На сёння Паўлу забароненая праца за стырном пасажырскага транспарту, хаця ён вельмі любіў гэтую справу. У «Мінсктрансе» мужчына атрымліваў больш за тысячу рублёў, цяпер яго пенсія складае каля 500.

У выніку ранення гранатай скура на спіне ўзарвалася, яна плавілася. Як расказвае мужчына, дактары наўпрост бачылі ў гэтай дзірцы органы, а сам ён суткі крычаў матам ад болю. Каб залатаць дзірку, скуру перасаджвалі са сцягна. Донарскія ўчасткі зацягнуліся толькі ў лютым, але спіна баліць і па сёння. А двух пальцаў на левай руцэ — мезенец і безыменны— мужчына дагэтуль не адчувае.

«Яны як сталі нямымі, так і застаюцца. І ўвогуле ўся вобласць у месцы з боку, куды прыйшлося асноўнае раненне, нібыта паўмёртвая — я нават уколы не адчуваю, калі іх робяць там. Дактары таксама казалі, што аскепкі з мяне дасталі не ўсе, яны ў руцэ дагэтуль ёсць».

Так выглядала спіна Паўла пасля ўсіх этапаў лячэння. Фота з архіваў героя

Спачатку Павел хацеў, каб вінаватыя панеслі пакаранне за тое, што з ім здарылася. Ëн не разумее, чаму да мірных людзей пачалі прымяняць такія траўматычныя спецсродкі. Але праз год з тых падзей лічыць, што вінаватых знайсці немагчыма, СК адмовіўся заводзіць справу па факце ранення кіроўцы.

«Я ўжо ніякай крымінальнай справы не хачу. Была спроба разабрацца: мяне яшчэ ў шпіталі апытвалі следчыя і пасля выпіскі. Глядзелі разам са мной службовыя камеры, як адбыўся выбух. Наша ахова працы спрабавала неяк паўплываць. Але ў выніку афіцыйны адказ быў: «Гэта быў няшчасны выпадак, віны органаў МУС не ўстаноўлена, таму што яны былі далёка ад таго месца і не маглі мэтанакіравана здзейсніць стрэл». Так што я думаю: Бог усім суддзя. Кожнаму адплаціцца па заслугах».

«Мне б самому стаць на ногі, а пасля падняць двух пацаноў»

Не паспеў Павел выпісацца з ваеннага шпіталя, як праз пару месяцаў зноў адчуў сябе вельмі дрэнна.

«Я не п’ю алкаголь, не палю, а тут рэзка пачаў жаўцець. Мяне спачатку паклалі ў бальніцу ў Маладзечне. Там ставілі кропельніцы, давалі ўколы — павінна было прайсці, але нічога не праходзіла. Пасля ўжо ў Мінску пасля ўсіх аналізаў і абследаванняў агаломшылі: у мяне вынайшлі злаякасныя наватворы галоўкі падстраўнікавай залозы, а таксама прастаты».

Павел перанёс некалькі аперацый і промневую тэрапію.

«Пасля ўсіх маніпуляцый я не мог ні есці, ні піць. А калі нешта і ўжываў, усё выходзіла «назад». Каб неяк падтрымліваць арганізм, мяне пачалі карміць штучна — праз зонд. Мучыўся так тры тыдні. Пасля мяне выпісалі, але дома я проста ляжаў. Максімум мог дайсці да туалета, такая слабасць была. Добра, што жонка даглядала. Вось толькі 10 дзён таму пачаў хадзіць і нават за стырно сеў. Але пакуль больш за дзве гадзіны актыўнасці сабе дазволіць не магу — адразу хочацца прылегчы».

Паўлу рэкамендавана распачаць хіміятэрапію, але з яго вагой дактары не рэкамендуюць працягваць агрэсіўную частку лячэння.

«Дактары кажуць, што для хіміі хаця б 60 кілаграмаў мне добра б набраць. Вось стараюся. Але гэта даецца складана».

У размове Павел асцярожна прызнаецца, што часам яго ахоплівае крыўда: як так, пацярпеў ні за што? Хвалюе яго і будучае працаўладкаванне, калі ён пераможа рак, кажа: «Куды мяне такога возьмуць?» Але ён стараецца не канцэнтравацца на негатыве і пераключаць думкі на сваіх сыноў, у яго трое дзяцей, малодшы сёлета пойдзе ў першы клас.

«Мне важна спачатку самому стаць на ногі, а пасля падняць двух пацаноў. Першы ў мяне ўжо самастойны: вось машыну мне даў, каб мне было перасоўвацца прасцей. Калі сітуацыя не зменіцца, хачу вывезці малых — можа, да сястры ў Чэхію, а, можа, да сваякоў у Крым. Там і дом ёсць пусты. Проста ў Маладзечне ёсць людзі, якія лічаць, што пасля таго, як са мной усё гэта здарылася, я купаюся ў грашах: зайздросцяць, сынам і мне злосць выказваюць. Казалі: «Цябе ў Следчы камітэт наконт грошай выклічуць». Нібыта і машына ў мяне — на народныя грошы. А ўсё, чым мне дапамагаў прафсаюз ці добрыя людзі, ішло выключна на лячэнне. Ніхто ж не разбіраецца, што мне як грамадзяніну Украіны тое, што беларусам бясплатна ў медыцыне, — платна. Я за ўсё адсправаздачыўся. І гатовы любому, хто мне зайздросціць, аддаць усё, што ў мяне ёсць, у абмен на здароўе».

Разгон на Пушкінскай 10 жніўня

10 жніўня, нягледзячы ні на што, Павел адсвяткаваў свой другі дзень народзінаў. І думае, што хутка, цяпер ужо дзякуючы дактарам-анколагам, у яго з’явіцца і трэці.

«Куплю торт і буду есці з чаем. Калі выйшаў у 2020-м са шпіталя жывы, падумаў: мо ўпершыню ў жыцці нап’юся ад усяго, што адбылося. Не выйшла. Толькі панюхаў, і дрэнна стала».

Калі вы хочаце неяк дапамагчы Паўлу і яго сям’і, напішыце на электронную пошту яго сына [email protected].

Каментары

Цяпер чытаюць

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай6

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдная прычына, чаму моладзь усё часцей мае патрэбу ў псіхатэрапіі23

Спявак з Італіі заявіў, што яго ўжо запрасілі ў Маскву на «канцэрт міру»3

Мазырскі НПЗ прызнаў сваю стратнасць і расказаў пра павелічэнне загрузкі

Псіхалогія суперагента: як адна з самых паспяховых аперацый КГБ закончылася найбольшым правалам6

Пасля Мінска плануюць перавесці на артэзіянскую ваду і іншыя гарады3

На адну з найстарэйшых цэркваў Капыльскага раёна паставілі залатую цыбуліну і рускія какошнікі13

Зяленскі хоча, каб раздзяляльная лінія ў Еўропе прайшла па ўсходняй мяжы Украіны і Беларусі18

Зяленскі: Пуцін разглядае Беларусь як рэгіён Расіі5

Мора за 200 метраў, крэветкі па курсе чорнага рынку. Беларус пажыў у Егіпце, а потым пераехаў у Польшчу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай6

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць