Грамадства

«Гатовы аддаць усё, што ёсць, у абмен на здароўе». Як склалася жыццё кіроўцы, у якога год таму прыляцела граната

10 жніўня 2020 года кіроўца Павел Сібілёў завяршаў працоўную змену на аўтобусе №163, ехаў з Сухарава да Варанянскага. Але скончыць маршрут мужчыне так і не выпала: аўтобус разам з іншым транспартам трапіў у затор. Павел выйшаў абмеркаваць сітуацыю з калегам-тралейбуснікам, і неўзабаве яму ў спіну прыляцела граната і гумовыя кулі. Вынік — месяц у ваенным шпіталі, перасадка скуры, знямелыя пальцы левай рукі і першая група інваліднасці. 

Да 10 жніўня 2020-га Павел быў здаровым 48-гадовым мужчынам, які лёгка праходзіў усе медкамісіі. За год ён схуднеў з 80 кілаграмаў да 53, пасівеў і перасоўваецца з кійком у руках.

У СК сказалі, што гэта быў няшчасны выпадак

Павел прызнаецца, што шмат разоў пракручваў у галаве падзеі 10 жніўня. У яго быў шанец з’ехаць з маршруту і, як ён лічыць, пазбегнуць ранення, але ён вырашыў дапрацаваць.

«Я проста не мог уявіць, што такое можа здарыцца. Ведаў, што 9-га ў Мінску былі «заварушкі» (сам я не галасую, бо родам з Украіны, у мяне тут від на жыхарства), але каб 10-га нешта на Пушкінскай… Мы з узвышэння ўбачылі, што каля метро пачаліся выбухі, стральба. Але там, дзе вуліца Данілы Сердзіча, на аддаленасці, было ціха. Людзі амаль павыходзілі з салона аўтобуса, а я, дай, думаю, дапрацую. Усё ж у нас ідзе гадзінны ўлік: калі не ад’ездзіш запланаванае на месяц, грошай мала атрымаеш, прэмій не будзе. Хаця калі б я ведаў, што здарыцца, то, канечне б, з’ехаў з маршруту», — прызнаецца суразмоўца.

Разгон на Пушкінскай 10 жніўня 

На сёння Паўлу забароненая праца за стырном пасажырскага транспарту, хаця ён вельмі любіў гэтую справу. У «Мінсктрансе» мужчына атрымліваў больш за тысячу рублёў, цяпер яго пенсія складае каля 500.

У выніку ранення гранатай скура на спіне ўзарвалася, яна плавілася. Як расказвае мужчына, дактары наўпрост бачылі ў гэтай дзірцы органы, а сам ён суткі крычаў матам ад болю. Каб залатаць дзірку, скуру перасаджвалі са сцягна. Донарскія ўчасткі зацягнуліся толькі ў лютым, але спіна баліць і па сёння. А двух пальцаў на левай руцэ — мезенец і безыменны— мужчына дагэтуль не адчувае.

«Яны як сталі нямымі, так і застаюцца. І ўвогуле ўся вобласць у месцы з боку, куды прыйшлося асноўнае раненне, нібыта паўмёртвая — я нават уколы не адчуваю, калі іх робяць там. Дактары таксама казалі, што аскепкі з мяне дасталі не ўсе, яны ў руцэ дагэтуль ёсць».

Так выглядала спіна Паўла пасля ўсіх этапаў лячэння. Фота з архіваў героя

Спачатку Павел хацеў, каб вінаватыя панеслі пакаранне за тое, што з ім здарылася. Ëн не разумее, чаму да мірных людзей пачалі прымяняць такія траўматычныя спецсродкі. Але праз год з тых падзей лічыць, што вінаватых знайсці немагчыма, СК адмовіўся заводзіць справу па факце ранення кіроўцы.

«Я ўжо ніякай крымінальнай справы не хачу. Была спроба разабрацца: мяне яшчэ ў шпіталі апытвалі следчыя і пасля выпіскі. Глядзелі разам са мной службовыя камеры, як адбыўся выбух. Наша ахова працы спрабавала неяк паўплываць. Але ў выніку афіцыйны адказ быў: «Гэта быў няшчасны выпадак, віны органаў МУС не ўстаноўлена, таму што яны былі далёка ад таго месца і не маглі мэтанакіравана здзейсніць стрэл». Так што я думаю: Бог усім суддзя. Кожнаму адплаціцца па заслугах».

«Мне б самому стаць на ногі, а пасля падняць двух пацаноў»

Не паспеў Павел выпісацца з ваеннага шпіталя, як праз пару месяцаў зноў адчуў сябе вельмі дрэнна.

«Я не п’ю алкаголь, не палю, а тут рэзка пачаў жаўцець. Мяне спачатку паклалі ў бальніцу ў Маладзечне. Там ставілі кропельніцы, давалі ўколы — павінна было прайсці, але нічога не праходзіла. Пасля ўжо ў Мінску пасля ўсіх аналізаў і абследаванняў агаломшылі: у мяне вынайшлі злаякасныя наватворы галоўкі падстраўнікавай залозы, а таксама прастаты».

Павел перанёс некалькі аперацый і промневую тэрапію.

«Пасля ўсіх маніпуляцый я не мог ні есці, ні піць. А калі нешта і ўжываў, усё выходзіла «назад». Каб неяк падтрымліваць арганізм, мяне пачалі карміць штучна — праз зонд. Мучыўся так тры тыдні. Пасля мяне выпісалі, але дома я проста ляжаў. Максімум мог дайсці да туалета, такая слабасць была. Добра, што жонка даглядала. Вось толькі 10 дзён таму пачаў хадзіць і нават за стырно сеў. Але пакуль больш за дзве гадзіны актыўнасці сабе дазволіць не магу — адразу хочацца прылегчы».

Паўлу рэкамендавана распачаць хіміятэрапію, але з яго вагой дактары не рэкамендуюць працягваць агрэсіўную частку лячэння.

«Дактары кажуць, што для хіміі хаця б 60 кілаграмаў мне добра б набраць. Вось стараюся. Але гэта даецца складана».

У размове Павел асцярожна прызнаецца, што часам яго ахоплівае крыўда: як так, пацярпеў ні за што? Хвалюе яго і будучае працаўладкаванне, калі ён пераможа рак, кажа: «Куды мяне такога возьмуць?» Але ён стараецца не канцэнтравацца на негатыве і пераключаць думкі на сваіх сыноў, у яго трое дзяцей, малодшы сёлета пойдзе ў першы клас.

«Мне важна спачатку самому стаць на ногі, а пасля падняць двух пацаноў. Першы ў мяне ўжо самастойны: вось машыну мне даў, каб мне было перасоўвацца прасцей. Калі сітуацыя не зменіцца, хачу вывезці малых — можа, да сястры ў Чэхію, а, можа, да сваякоў у Крым. Там і дом ёсць пусты. Проста ў Маладзечне ёсць людзі, якія лічаць, што пасля таго, як са мной усё гэта здарылася, я купаюся ў грашах: зайздросцяць, сынам і мне злосць выказваюць. Казалі: «Цябе ў Следчы камітэт наконт грошай выклічуць». Нібыта і машына ў мяне — на народныя грошы. А ўсё, чым мне дапамагаў прафсаюз ці добрыя людзі, ішло выключна на лячэнне. Ніхто ж не разбіраецца, што мне як грамадзяніну Украіны тое, што беларусам бясплатна ў медыцыне, — платна. Я за ўсё адсправаздачыўся. І гатовы любому, хто мне зайздросціць, аддаць усё, што ў мяне ёсць, у абмен на здароўе».

Разгон на Пушкінскай 10 жніўня

10 жніўня, нягледзячы ні на што, Павел адсвяткаваў свой другі дзень народзінаў. І думае, што хутка, цяпер ужо дзякуючы дактарам-анколагам, у яго з’явіцца і трэці.

«Куплю торт і буду есці з чаем. Калі выйшаў у 2020-м са шпіталя жывы, падумаў: мо ўпершыню ў жыцці нап’юся ад усяго, што адбылося. Не выйшла. Толькі панюхаў, і дрэнна стала».

Калі вы хочаце неяк дапамагчы Паўлу і яго сям’і, напішыце на электронную пошту яго сына [email protected].

Каментары

Чаму даляр рэзка падаражэў да 3,5 рубля і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта7

Чаму даляр рэзка падаражэў да 3,5 рубля і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Усе навіны →
Усе навіны

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?4

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі7

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА12

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена13

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса4

Тры новыя станцыі метро адкрыюць у Мінску да канца года

Аўстрыя лёгка замяніла расійскі газ энергіяй ветру

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму даляр рэзка падаражэў да 3,5 рубля і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта7

Чаму даляр рэзка падаражэў да 3,5 рубля і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →