У пачатку жніўня Рада кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду зацвердзіла размеркаванне 650 мільярдаў даляраў для пераадольвання пост-кавіднага крызісу. Беларусі павінны пералічыць 950 мільёнаў даляраў. Сродкі ад МВФ выдаюцца не чыстымі грашыма, а «чэкамі», якія можна абмяняць на пяць рэальных валют: даляры, еўра, юані, фунты і ены. 

Апазіцыя спрабуе пераканаць МВФ, што нельга выдзяляць дапамогу, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. 

Апазіцыя: грошы могуць выкарыстаць на рэпрэсіі

«Размеркаванне набудзе моц 23-га жніўня, мы не пакідаем намаганняў перашкодзіць атрыманню гэтага «чэка», тым больш, што ў свеце ёсць прэцэдэнты, такія як Венесуэла і М'янма, дзе ўрады, якія не прызнаныя легітымнымі, не атрымлівалі грошы ад МВФ», — адзначаў у каментары «Нашай Ніве» Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік офіса Ціханоўскай па міжнародных пытаннях, былы функцыянер Сусветнага банка. 

21 жніўня Святлана Ціханоўская накіравала лісты кіраўніку МВФ і міністру фінансаў ЗША. Яна заклікае забараніць доступ рэжыму да сродкаў, пакуль у Беларусі не будуць праведзеныя новыя выбары. У сваім звароце Ціханоўская пераконвае, што грошы могуць выкарыстаць на рэпрэсіі супраць народа. 

«Тут вельмі важная пазіцыя палітыкаў тых краін, якія афіцыйна не прызналі Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам, паколькі яны здольныя фармаваць меркаванне і даносіць сваю пазіцыю да ўпаўнаважаных прадстаўнікоў сваіх краін у МВФ, каб тыя выкарысталі свой голас для лабіравання якраз такі контрзахадаў і недапушчэння для беларускага ўрада права выкарыстоўваць размеркаваную для Беларусі квоту», — тлумачыў у інтэрв’ю «Нашай Ніве» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Як улада рэагуе на заклікі заблакаваць доступ да сродкаў МВФ?

У праўладных СМІ ўсё часцей з’яўляюцца прапановы ўвесці адказнасць за заклікі да санкцыяў.

«Перакананы, парламент павінен на восеньскай сесіі вырашыць гэтае пытанне, — заявіў дэпутат Алег Гайдукевіч. — Сучасны свет — гэта гібрыдныя войны. Адзін з элементаў гібрыднай вайны — гэта санкцыі. У дачыненні да нашай краіны яны ўведзеныя незаконна, насуперак любым міжнародным нормам».

Міжнародныя фінансавыя інстытуты адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Прычына — палітычны крызіс, які працягваецца пасля прэзідэнцкіх выбараў — 2020. На пачатак 2021 года ў актыўнай працы ў Беларусі былі праекты на 1 мільярд даляраў ад Сусветнага банка. Цяпер СБ працягвае тое, што ўжо было пачата, напрыклад праекты па барацьбе з пандэміяй або мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі. «Новых праектаў, якія былі б перададзены на зацвярджэнне Радзе дырэктараў, няма», — адказалі ў банку на запыт Deutsche Welle.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця інвеставаў у Беларусь каля 3 мільярдаў еўра, у выглядзе выключэння супрацоўнічалі з дзяржпрадпрыемствамі.

«Мы не інвеставалі ў новыя праекты ў дзяржсектары з пачатку 2020 года і не плануем рабіць гэта ў недалёкай будучыні», — заявіў прадстаўнік ЕБРР.

Праекты з прыватным бізнэсам пакуль працягваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0