Эканоміка

МВФ выдзяляе Беларусі амаль мільярд даляраў. Як гэта атрымалася і ці зможа ўлада атрымаць грошы?

Стала вядома, што бліжэйшым часам Міжнародны валютны фонд выдзеліць для Беларусі 950 мільёнаў даляраў. Гэта адбываецца ў рамках дапамогі краінам свету ў барацьбе з наступствамі пандэміі. Але не факт, што ўлады змогуць зняць атрыманыя ад Фонда грошы. За тэмай даўно сочыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, які патлумачыў сэнс сітуацыі.

«Наша Ніва»: Як стала магчымым, што МВФ гатавы выдзеліць Беларусі амаль мільярд даляраў?

Павел Латушка: Мэта гэтай эмісіі — дапамога краінам для выхаду з крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса. Гаворка ідзе пра суму 650 мільярдаў даляраў ЗША, якія будуць размеркаваны сярод 192 краін-удзельніц МВФ. Каб вы разумелі маштаб — эмітуецца колькасць СДР (гэта так званыя чэкі, якія пасля трэба абналічыць), якая ледзь не ў тры разы перавышае тое, што цяпер знаходзіцца ў звароце. Размеркаванне адбываецца роўна ў адпаведнасці з квотай краін: у Беларусі яна 0.14%, у ЗША — 16%. Таму можна сказаць, што гэта «своеасаблівы падарунак» для нашай краіны, паколькі ад Беларусі не патрабуецца ніякіх заявак у МВФ на іх атрыманне, гэта глабальнае размеркаванне для ўсіх краін-удзельніц. Такім краінам, як Беларусь, гэта вельмі дапаможа палепшыць стан валютных рэзерваў.

«НН»: У афіцыйных уладаў існуе моцнае лобі Ў МВФ?

ПЛ: Мы не выключаем дадзенага сцэнара, таму лічым важным дзейнічаць адкрыта і максімальна празрыста, каб процідзейнічаць гэтаму. Тут вельмі важная пазіцыя палітыкаў тых краін, якія афіцыйна не прызналі Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам, паколькі яны здольныя фармаваць меркаванне і даносіць сваю пазіцыю да ўпаўнаважаных прадстаўнікоў сваіх краін у МВФ, каб тыя выкарысталі свой голас для лабіравання якраз такі контрзахадаў і недапушчэння для беларускага ўрада права выкарыстоўваць размеркаваную для Беларусі квоту. І як прыклад, можам сказаць, што на мінулых дэбатах у брытанскай палаце лордаў пра сітуацыю ў Беларусі прагучаў заклік звярнуцца да МВФ аб прыпыненні доступу сродкаў для Беларусі і выкарыстоўваць голас ўпаўнаважаных прадстаўнікоў МВФ для гэтага.

«НН»: Пытанне правоў чалавека для МВФ зусім не з'яўляецца важным пры выдзяленні грошай?

ПЛ: На жаль, зусім. Калі размеркаванне адбываецца, яно робіцца выключна ў адпаведнасці з квотай краіны, у статуце МВФ гэта выразна прапісана. Трэба разумець, што там даволі шмат удзельнікаў з двухсэнсоўнай пазіцыяй па правах чалавека. МВФ гэта не палітычная, а бюракратычная арганізацыя. Гэта толькі азначае, што нам патрэбна іншая катэгорыя довадаў. Яны ў нас ёсць.

«НН»: Калі ўлады атрымаюць гэты чэк, ці ёсць верагоднасць, што грошы яны так і не здымуць?

ПЛ: Гэта комплекснае пытанне. Каб адказаць на яго, трэба разабрацца ў дэталях. Па-першае, што такое СДР? Гэта такая каштоўная папера, якая можа захоўвацца толькі на рахунку краіны ў аддзеле СДР у МВФ. Доступ да распараджэння гэтым рахункам ёсць у прадстаўнікоў краіны ў МВФ. Прыватныя асобы і арганізацыі не могуць удзельнічаць у здзелках па СДР — толькі МВФ, краіны-ўдзельніцы і некалькі наднацыянальных банкаў. Па-другое, абмен і выкарыстанне СДР. Гэта той выпадак, калі сказаць проста недастаткова. Ёсць два спосабы абмену СДР на грошы — звярнуцца ў цэнтральны банк адной з тых краін, валюта якой уваходзіць у кошык СДР (еўра, даляр, фунт, ена і юань), па намінальным курсе, альбо як крэдыт — у цяперашні час працэнт за карыстанне 0.5% у год у параўнанні з 7-8%, якія Беларусь плаціць па аблігацыях. З першымі трыма краінамі усё ясна, але кітайцы могуць абмяняць. Другі спосаб — прадаць любому члену МВФ, які захоча купіць. У гэтым выпадку дэпартамент СДР проста фіксуе факт пераходу СДР з рахунку адной краіны на рахунак іншай краіны — прыкладна, як вы ў банку робіце перавод, атрымліваеце плацёжкі, і з імі, як з доказам аплаты, забіраеце тавар. У гэтым сцэнары з'яўляецца шмат непадкантрольных варыянтаў — напрыклад, Катар і гэтак далей. Дык яшчэ і цана продажу можа не быць намінальнай для дадатковай стымуляцыі здзелкі. Рэзюмуючы, калі не распачаць мер па спыненні доступу беларускага ўраду да СДР-рахунку Беларусі ў МВФ, расход гэтых сродкаў — гэта пытанне часу.

«НН»: Ці існуюць нейкія ўмовы, якія беларускія ўлады могуць выканаць, каб атрымаць грошы?

ПЛ: Выдзяленне долі аўтаматычнае, нічым не абцяжарваецца. Усё, што трэба, — быць членам МВФ. Наша логіка, што ўрад Лукашэнкі не прызнаны членамі МВФ і часова павінен быць адхілены ад распараджэння рахункамі Беларусі. Каб абыйсці гэта абмежаванне, ураду прыйдзецца зрабіць так, каб яго прызналі, а гэта малаверагодна.

«НН»: Як дамовіцца з МВФ?

ПЛ: Згодна з палажэннямі МВФ, арганізацыя ўзаемадзейнічае са сваімі сябрамі «толькі праз іх казначэйствы, цэнтральныя банкі, стабілізацыйныя фонды або іншыя аналагічныя падаткова-бюджэтныя агенцтвы», і МВФ павінен працаваць толькі з імі або праз тыя ж агенцтвы. Таму мы не можам напрамую пераканаць іх не выдаткоўваць грошы. Такое рашэнне проста не можа быць выпрацавана на перамовах НАУ або ОСТ-МВФ, іх у прынцыпе не можа быць. Перамовы з МВФ могуць весціся толькі ад асобы членаў МВФ. Таму спосаб працы іншы — пераканаць нашых партнёраў у важнасці гэтага пытання і працаваць з імі, каб праз свае казначэйствы і сваіх дырэктараў у МВФ яны ўзнялі гэтае пытанне. Мы павінны ведаць працэдуру, а не спадзявацца на тое, што правілы падбудуюць для нас і пад нас; пераканаць нашых партнёраў і разам працаваць на дасягненне мэты. Мы выдатна разумеем, што павестка Беларусі, і ў прыватнасці, пытанне вылучэння МВФ сродкаў для Беларусі, для нашых партнёраў не з'яўляюцца першачарговымі. У кожнай краіне ў палітыкаў ёсць шмат іншых праблем, якія патрабуюць вырашэння. І таму гэта менавіта наша праца — канцэнтраваць намаганні і прыцягваць увагу да пытанняў тыпу МВФ сусветную супольнасць, ніхто акрамя нас гэтага не зробіць. Але паўтаруся — менавіта інфармаваныя, планамерныя і мэтанакіраваныя дзеянні па законе прывядуць нас да поспеху.

«НН»: І што вы плануеце рабіць?

ПЛ: Спрабаваць зрабіць так, каб Беларусі гэты «чэк» не быў выпісаны, зусім няправільна, бо гэта немагчыма — усе члены МВФ маюць роўныя правы, і долю атрымаюць і Беларусь, і Венесуэла, і М'янма. І тут ізноў д'ябал крыецца ў дэталях — Венесуэле і М'янме будуць размеркаваны СДР з боку МВФ, але яны не змогуць імі скарыстацца — з прычыны таго, што кіраўніцтва гэтых краін не прызнана іншымі членамі МВФ. Мы павінны дамагчыся таго ж самага для Беларусі. Гэта адсутнасць легітымнасці ўжо зафіксавана МЗСамі нашых партнёраў.

Мы можам, па-першае, прыцягнуць увагу МВФ, каб гэтае пытанне было узнятае на ўзроўні Рады кіраўнікоў або выканаўчым савеце. Па-другое, прыцягнуць увагу членаў МВФ (нашых саюзнікаў), каб гэтае пытанне было ўзнятае, і калі будзе галасаванне па гэтым пытанні прадстаўнікі краін, якія па сумяшчальніцтве працуюць (ці з'яўляюцца дырэктарамі) у Мінфіне ці Нацбанку, занялі тую ж пазіцыю, што і іх МЗСы. І тут, калі тыя, хто не прызнаў выбары, кансістэнтна прагаласуюць у адпаведнасці з пазіцыямі сваіх краін, пытанне вырашыцца як трэба, бо калі пералічыць галасы тых членаў МВФ, якія не прызналі Лукашэнка прэзідэнтам (галасаванне не адна краіна - адзін голас, а ў адпаведнасці з укладам у сусветную эканоміку), атрымаецца 56%, а прызналі усяго 13%. Менавіта на гэтай падставе Мадура і хунта М'янмы былі пазбаўленыя доступу да рахункаў сваіх краін.

«НН»: Што далей?

ПЛ: Рашэнне аб размеркаванні будзе прынята ў пачатку жніўня. Беларусь не будзе асобна згадвацца ў гэтым рашэнні, яна там будзе нароўні з усімі. Ад рашэння да пералічэння (павелічэння балансаў на рахунках краін у дэпартаменце СДР) пройдзе яшчэ прыкладна тры тыдні, а выканаўчы савет МВФ збіраецца некалькі разоў на тыдзень. На любым з гэтых пасяджэнняў можа быць прынята рашэнне, што сярод сяброў МВФ няма яснасці, ці з'яўляецца Лукашэнка прэзідэнтам і ці з'яўляюцца такім чынам Калаур і Селіверстаў прадстаўнікамі дзяржавы. І калі рашэнне будзе прынята ў адпаведнасці з афіцыйнымі пазіцыямі гэтых краін, СДР будуць ляжаць некранутымі на рахунку Беларусі. А калі новы легітымны ўрад будзе прызнаны членамі МВФ, ён адразу атрымае доступ да гэтых сродкаў.

Каментары

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку27

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Усе навіны →
Усе навіны

Спікер літоўскага парламента заклікаў не пагаршаць умовы для беларусаў у Літве8

Жудасная аварыя на Віцебшчыне: адзін чалавек загінуў

Памёр лідар французскіх нацыяналістаў Жан-Мары Ле Пэн2

Лукашэнка адказаў Зяленскаму: Беларусь, вядома, жыве11

Ва Украіне абралі слова 2024 года. Яно звязанае з прымусовай мабілізацыяй1

«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах15

У Літве працягвае скарачацца колькасць беларусаў. Як за год змяніліся лічбы8

«Гэта мая вялікая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу». Лукашэнка паабяцаў беларусам складаны год41

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку27

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Галоўнае
Усе навіны →