Культура

Як Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш ад чыноўнікаў, што ўчынілі ў яе дома ператрус у пошуках антысавеччыны

У панядзелак, 3 студзеня, пайшоў з жыцця літаратуразнаўца, гісторык і пісьменнік Адам Мальдзіс. Пра яго ролю ў выратаванні спадчыны Геніюш піша паэт, перакладчык Міхась Скобла. 

За савецкім часам у Саюзе пісьменнікаў дзейнічала цвёрдае правіла: пасля смерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы. Пасля смерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменніцкі саюз, але сябравала з ягоным старшынёй Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не паспелі.

Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусцелай хаце Геніюшаў быў учынены — сіламі мясцовых уладаў — ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не паспеў апрытомнець пасля смерці маці, не спынілі старшыню пасялковага савета і яго памагатых, якіх прыслалі «даследаваць» архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.

Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Мінск Адаму Мальдзісу — на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той звязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не спяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое звязвалася з Мінскам… Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис — тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями».

Мальдзіс з партрэтам Геніюш

Надвячоркам таго ж дня ад Геніюшаўскага дома па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў рафік, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі. Валюхаючыся на брукаванцы яшчэ польскіх часоў, няспешна прамінуў старыя могілкі, аўтастанцыю і схаваўся, як за брустверам, за высокай насыпной дамбай, што мелася неўзабаве запыніць хуткаплынную Зальвянку.

На слонімскай шашы сталічную экспедыцыю як бы «выпадкова» спыніла ДАІ. Прымусіла з’ехаць з дарогі ў лес, дзе людзі ў цывільным доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакументы. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатанымі. Старэйшы па званні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасведчанне з надпісам «Саюз пісьменнікаў СССР», размаўляў з кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусціць затрыманых.

Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцці паэткі не даваў сяму-таму спакою. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Мінск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёння Геніюшаўскі фонд 31 — адзін з самых багатых пісьменніцкіх архіваў у Беларусі. Праўда, доступ да яго з нядаўняга часу абмежаваны, што вельмі засмучала Адама Восіпавіча.

За выратаванне архіва Адам Мальдзіс у 2010 годзе быў узнагароджаны памятным Геніюшаўскім медалём.

Чытайце таксама: Стала вядома, дзе і калі адбудзецца развітанне з Адамам Мальдзісам

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Хрыста Грозеў: Мельнікава як мінімум год, а хутчэй за ўсё, паўтара перадавала інфармацыю беларускім спецслужбам29

Хрыста Грозеў: Мельнікава як мінімум год, а хутчэй за ўсё, паўтара перадавала інфармацыю беларускім спецслужбам

Усе навіны →
Усе навіны

«Магчыма, яна збегла ад каханка, ці ён яе забіў, ці яна ў Беларусі». Аўтар расследавання пра Анжаліку Мельнікаву40

У вакаліста Queen Фрэдзі Мерк’юры была пазашлюбная дачка1

Чаму не варта рабіць камп'ютарную тамаграфію без сур'ёзнай патрэбы6

У кобрынскай бальніцы патлумачылі, чаму ў ёй немэтазгодна мець свой апарат МРТ. Жыхары не згодныя5

У цэнтры Мінска прайшлі спаборніцтвы на драганботах ФОТЫ1

Амазонскае племя падало ў суд на The New York Times за «паклёпніцкі» артыкул пра моладзь і порна4

У ЗША спыняць выпуск аднацэнтавых манет2

Забіты ў Іспаніі паплечнік Януковіча за некалькі дзён да смерці прыязджаў ва Украіну2

«У мяне было пяць мужчын. Шосты — Ісус». Ася Паплаўская хацела стаць манашкай, але не атрымалася18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хрыста Грозеў: Мельнікава як мінімум год, а хутчэй за ўсё, паўтара перадавала інфармацыю беларускім спецслужбам29

Хрыста Грозеў: Мельнікава як мінімум год, а хутчэй за ўсё, паўтара перадавала інфармацыю беларускім спецслужбам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць